У Гродне прайшоў пікет за беларускую школу
Там у іх узялі тлумачэньні і склалі пратакол канфіскацыі плякатаў. Затым, асобна, у пастарунак даставілі жонку спадара Астроўскага Аксану зь дзецьмі — Сьветай, Янкам і Васілём, якому два гады.
Паводле Аксаны Астроўскай, міліцыянт задаваў пытаньні: хто быў ініцыятарам пікету, хто пісаў плякаты, зь якой нагоды яны выйшлі на плошчу Леніна? Яна, у сваю чаргу, запатрабавала, каб паказаньні запісвалі на беларускай мове, міліцыянт пагадзіўся.
Алесь Астроўскі зазначае, што спачатку іх запрасілі ў гарвыканкам да намесьніцы старшыні Ірыны Сенчанкавай, і размова адбылася ў канструктыўным рэчышчы — наконт магчымасьці адкрыцьця адной першай клясы зь беларускай мовай навучаньня. Праўда, ён сказаў, што калі гэта ня будзе выканана, ён забярэ дачку са школы і будзе наймаць рэпэтытараў. Яго тым больш зьдзівіла, што пасьля такой размовы іх чакалі чалавек пяць міліцыянтаў.
Спадар Астроўскі кажа, што міліцыянт пытаўся: чаму яны не падалі заяву на пікет за пятнаццаць дзён? Але ж у бацькоў было спадзяваньне, што іхняй дачцэ Сьвятлане забясьпечаць навучаньне на беларускай мове. Аднак 1 верасьня яны пераканаліся, што надзеі былі марныя. Паводле яго, міліцыянт сказаў: вы парушылі закон і вам могуць прыслаць позву ў суд.
svaboda.org