Тытунь, алкаголь плюс... "хлам" для вытворцаў

Источник материала:  

Грамадзяне і юрасобы, якія парушылі мытнае заканадаўства ў Беларусі, Расіі і Казахстане, цяпер могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай ці адміністрацыйнай адказнасці ў любой з трох краін. Аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення па барацьбе з кантрабандай і адміністрацыйнымі мытнымі правапарушэннямі Дзяржаўнага мытнага камітэта Андрэй Міхалькевіч.

"Малочныя войны" ў мінулым?

Вынікам стварэння Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана сталі па-сапраўднаму значныя змены. У прыватнасці, гэта датычыцца ўмоў перамяшчэння праз мяжу тавараў для асабістага карыстання. Як нагадаў намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі мытнага кантролю ДМК Андрэй Планін, калі раней грамадзяне Беларусі маглі ўвозіць і без мыты тавары для асабістага карыстання агульным коштам да 1000 еўра і вагай да 35 кілаграмаў, то цяперашнія "ліміты" — 1500 еўра і 50 кілаграмаў адпаведна. Значная лібералізацыя адбылася і ў адносінах да наяўнай валюты. Раней патрабавалася пісьмовае патрабаванне пры яе вывазе больш чым на 3 тыс. долараў у эквіваленце, прычым пры вывазе больш чым 10 тыс. долараў у эквіваленце было неабходна прадставіць дазвольныя дакументы. На сёння без дэкларавання можна вывозіць да 10 тыс. долараў у эквіваленце, а паняцце дазвольных дакументаў увогуле знікла. Нарэшце, таксама адметна: "ліміт" бязмытнага ўвозу алкагольнай прадукцыі ўзрос з 2 да 3 літраў.

Што ж да юрыдычных асобаў, то яны атрымалі яшчэ большыя перавагі. Сёння тавары, вырабленыя ў Беларусі, Расіі і Казахстане, могуць перамяшчацца ўнутры Мытнага саюза без мытных аперацый і мытнага кантролю. Такім чынам, па сутнасці айчынныя вытворцы атрымалі магчымасць бесперашкоднага выхаду на вялікія па аб'ёмах спажывання рынкі. Прычым, заўважыў Андрэй Планін, у рамках Мытнага саюза распачалася ўніфікацыя гэтак званых "тэхнічных бар'ераў" — сертыфікацыі і санітарна-гігіенічнай рэгістрацыі. У выніку з цягам часу для паставак прадукцыі ў Расію і Казахстан неабходнасці праходзіць сертыфікаванне ў гэтых краінах ужо не будзе. Інакш кажучы, стануць немагчымыя тыя ж "малочныя войны".

Два бакі транзіту

Абсалютная большасць экспертаў перакананая, што Мытны саюз стане штуршком для развіцця нацыянальных эканомік трох дзяржаў. Актывізацыя адбываецца ўжо сёння: за апошнія месяцы назіраецца ажыўленне знешнеэканамічнай дзейнасці і перамяшчэння праз межы. Паводле звестак спецыяльнай мытнай статыстыкі, аб'ём транзітных тавараў, якія перавозяцца аўтатранспартам праз Беларусь, у гэты момант на 23 працэнты перавышае паказчык за аналагічны перыяд мінулага і на 4 працэнты — за аналагічны перыяд "дакрызіснага" 2008 года.

Разам з тым, адзначыў начальнік упраўлення па барацьбе з кантрабандай і адміністрацыйнымі мытнымі правапарушэннямі ДМК Андрэй Міхалькевіч, пасля павелічэння мытнай тэрыторыі становяцца больш актуальнымі пытанні эканамічнай бяспекі. Асабліва калі ўзяць пад увагу пэўныя праблемы з кантролем на казахстанска-кітайскай мяжы.

Пакуль казаць аб абвастрэнні аператыўнай сітуацыі ў сувязі са стварэннем Мытнага саюза не выпадае. Аднак у ДМК канстатуюць: у параўнанні з мінулым годам значна ўзрасла кантрабанда тытунёвых вырабаў (з пачатку года затрымана ўжо больш за 100 млн "шэрых" цыгарэт), алкаголю і наркотыкаў (зноў жа з пачатку гэтага года затрымана 942 кілаграмы наркатычных і псіхатропных прэпаратаў — летась гэты паказчык складаў усяго больш за 1 кілаграм). І ў сваю чаргу, гэта можна звязваць са з'яўленнем Мытнага саюза — не сакрэт, што аднымі з традыцыйных шляхоў перамяшчэння опіумных наркотыкаў з'яўляюцца Казахстан і Расія.

Апроч таго, з'явіліся і чыста эканамічныя праблемы. У сувязі з фінансавым крызісам ва ўсім свеце назапасілася вялікая (на суму больш 500 млрд долараў) колькасць неліквіднага энергетычнага, медыцынскага і іншага абсталявання. Цяпер робяцца актыўныя спробы прадаць частку гэтага састарэлага абсталявання на тэрыторыі Мытнага саюза, і ў тым ліку — пад маркай новага, з "перапісваннем" суправаджальнай дакументацыі. Што ж да эканамічнага ўрону, то тут ён можа быць значным — па некаторых здзелках да 7 мільёнаў долараў.

З'явіцца агульны... "чорны спіс"?

Адзін са сродкаў супраць парушэння заканадаўства — умацаванне вонкавых межаў Мытнага саюза, а таксама шчыльнае супрацоўніцтва паміж праваахоўнымі органамі трох краін. Пры гэтым, заўважыў Андрэй Міхалькевіч, будзе звяртацца асаблівая ўвага на спробы ўвозу камерцыйных партый тавараў пад выглядам асабістай маёмасці грамадзян.

У той жа час ужо сёння зразумела: для гарантавання бяспекі спатрэбяцца і іншыя крокі. Так, адным з перспектыўных напрамкаў тут можа стаць пераход да дзяржзакупак па больш празрыстай схеме электронных аўкцыёнаў. А плюс да таго, на думку начальніка ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Беларусі Эдуарда Нікіціна, у бліжэйшы час тром дзяржавам — удзельніцам Мытнага саюза неабходна наладзіць абмен звесткамі аб нядобрасумленных суб'ектах гаспадарання. Прычым такі абмен павінен адбывацца ў рэжыме on-lіne.

Сяргей ГРЫБ.

←От 12 до 17 лет лишения свободы получили члены гомельской ОПГ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика