За прысмакамі — у Моталь
Каб пачаставацца і пагаварыць пра жыццё-быццё, сюды штогод збіраюцца гурманы амаль што з усяго свету.
І сёлетні фестываль самабытнай кухні, фальклорнага майстэрства і народнай творчасці “Мотальскія прысмакі” не стаў выключэннем.
Смачна пахла вэнджанінай і пірагамі. Гандлёвыя рады цягнуліся на кіламетры. Ці не такімі ж былі і чэргі — узгадалася даўно мінулае. Народ гатовы быў чакаць не толькі таму, што цэны на смакату былі досыць прымальнымі, але і проста прыемна было бавіць час у кампаніі землякоў. Дарэчы, сёлета ў Моталь Іванаўскага раёна прыехалі на свята госці з Украіны, Польшчы, Галандыі, Амерыкі, Швецыі, а таксама з усіх куточкаў Беларусі.Тут працавала і творчая лабараторыя гастранамічнага турызму, дзе маталяне прэзентавалі вынікі праектаў, звязаных з кулінарнай спадчынай, абмяркоўвалі традыцыі і наватарства ў народнай кулінарыі, выкарыстанне іх у сферы аграэкатурызму. Не абышлося і без адкрыццяў. У звычайнай сялянскай хатцы дзялілі вясельны каравай, чарговым адкрыццём стала наведванне дома, дзе нарадзіўся першы прэзідэнт Дзяржавы Ізраіль, вучоны-хімік Хаім Вейцман, як сам сябе ён называў, яўрэй з беларускага Моталя... На падворку СВК “Агра-Моталь” пасвіліся бычкі-лімузіны; фермерская гаспадарка Мінюка здзіўляла творчым афармленнем: тут былі і гусі, вырабленыя з сала, і сапраўднае парася на пожагу; вэнджанымі паляндвіцамі вабіў кааператыў “Моталь”.Навокал панавала святочная атмасфера. Здавалася, што ў гэты дзень не толькі дэманстравалася самабытная культура палешукоў, але вырашалася намнога большае — усталяванне сяброўства, абагульненне поглядаў, згуртаванне людзей для агульных дзеянняў па зберажэнню традыцый, экалогіі, здаровага харчавання і ў цэлым міру і жыцця на зямлі.Падчас адкрыцця фестывалю старшыня Іванаўскага райвыканкама Юрый Бісун падзякаваў праўленню грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы”, яго старшыні Валерыі Кліцуновай за самаадданасць у сферы арганізацыі турызму і “зялёнага маршруту” па Іванаўскім раёне, дапамогу ў арганізацыі фестывалю. За тры гады працы над устойлівым развіццём рэгіёна на мясцовым узроўні, у рамках праграмы міні-грантаў сумеснага праекта Еўрапейскага саюза і Праграмы развіцця ААН “Падтрымка навакольнага асяроддзя і ўстойлівага развіцця на мясцовым узроўні” атрыманы гранты на 100 мільёнаў рублёў, якія будуць накіраваны на развіццё музеяў раёна і добраўпарадкаванне тэрыторый.— Кулінарны фестываль “Мотальскія прысмакі” стаў ужо традыцыйным, — адзначыў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Леанід Цупрык. — Часта даводзіцца чуць ад нашых гасцей пра асаблівую гасціннасць, шчодрасць ды любоў да роднага краю. Ды гэта невыпадкова, бо нам ёсць чым ганарыцца і ёсць што любіць. Самае вялікае багацце нашай зямлі — гэта таленавітыя людзі, якія сапраўды здзіўляюць сваёй адданасцю справе ды працавітасцю. Культура — гэта сапраўды душа народа. І вельмі важна, што традыцыі беларусаў перадаюцца з пакалення ў пакаленне, захоўваюцца самабытнасць ды каларыт.
Чым частавалі на свяце
Сакрэты гатавання выведвала карэспандэнт “НГ”
Пірагі ды дранікіКалі да зваранай тоўчанай бульбы дадаць гатовае проса, перамяшаць і паставіць усё ў духоўку, то праз колькі хвілін дастанеце апетытнейшы пірог. Ім якраз частавала Жана Міхайлаўна з Дружылавічаў. А яшчэ надзвычай апетытна на яе стале выглядалі дранікі з фасоляй. Пакуль сырую бульбу тром на дробнай тарцы, варыцца фасоля. Потым яе трэба перакруціць на мясарубцы, сфармаваць ляпёшкі, якія абмазаць у бульбе і смажыць у алеі з абодвух бакоў. Смачна есці з чым заўгодна. А гаспадынька больш любіць з добра падсмажаным салам альбо са смятанай.
Усім клёцкам клёцкіДля іх прыгатавання Марыя Іванаўна са Снітава бульбу церла на тарцы, потым адціскала, а ў тое, што засталося, дадала яйка ды ўсялякія смачныя прыправы, змяшала, а затым маленькай лыжачкай картафляную масу апускала ў кіпень. Надта смачна, калі гатовыя клёцкі паліць падсмажаным салам з цыбуляй.
Незвычайны блінЗдробненыя крабавыя палачкі, варанае яйка, маянэз пакласці, змяшаўшы, у звычайны блін, сімпатычна падперазаць яго зяленівам. Гэтыя наліснікі Таццяны Андрэеўны з Ляскавічаў заўсёды карыстаюцца асаблівым попытам.
Казачны гарбузРаіса Рыгораўна з Моладава прывезла гарбузовую кашу. Для яе прыгатавання ўзяла спелы гарбуз. Парэзаўшы дробненька, у малацэ зварыла, потым узбіла венчыкам, дадала добра прамытае і апаранае кіпенем проса, дадала яшчэ малака, масла, потым не менш як на гадзіну паставіла ў печ — акурат да апетытнай скарыначкі.
І запячы ў печыСальцісон ад Алены Мікалаеўны з Псышчава. Адвараныя свіныя вантробы здрабняюцца ў мясарубцы, запраўляюцца прыправамі, складваюцца ў свіны страўнік, запякаюцца ў печы прыкладна паўтары гадзіны, потым усё кладзецца пад гнёт.
Лісічкіна малакоАпетытнымі лісічкамі прываблівала гасцей Людміла Аляксандраўна з Полкацічаў. Памытыя лісічкі адварыць нядоўга, тым часам падсмажыць на алеі дробненька нарэзаную цыбулю, дадаць грыбы, пасмажыць, потым заліць яйкамі, змешанымі з малаком. Зноў перамяшаць і падаваць да стала.
Гаваркое цестаКаб пірог быў прыгожым ды смачным, кажуць, трэба найперш душу ў яго ўкласці. Так лічаць Анастасія Ільінічна і Надзея Іванаўна з Опаля і прапануюць рэцэпт свайго прысмаку. Трэба закіпяціць літр малака, потым, калі астыне, пакласці грамаў 400 масла, 6—7 яек, цукру ды солі, вымесіць цеста, каб яно загаварыла ў руках, а тады ўжо можна і разбіраць на пірагі.
Ўсё так і было Ад часова паверанага ў справах ЗША ў Беларусі Майкла Скэнлана:— Браты Чыж, якія нарадзіліся ў Моталі, вядомыя ў ЗША як браты Чэс, заснавалі ў Чыкага студыю гуказапісу і зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё блюза, рок-н-рола і царкоўнай музыкі ў ЗША. Вельмі прыемна бачыць, як сёлета вырас фестываль.Ад дырэктара Мотальскага краязнаўчага музея Вольгі МацукевІЧ:— Прывезлі да нас першую швейную машынку. Ну дык гаспадынькі і панеслі каптаны шыць. А тая Хайка, гаспадыня машыны, і кажа: мая машына каптаны не шые — толькі адно радно. Мабыць, усяго майстэрства і было, што па прамой страчыць.