Беларускія правайдэры рыхтуюцца да фільтрацыі з 1 верасня

Источник материала:  
27.08.2010 10:54 — Новости Общества
Беларускія інтэрнэт-правайдэры, як і школьнікі, рыхтуюцца да 1 верасня — менавіта з гэтай даты ўсе яны павінны мець магчымасць фільтраваць забароненую інфармацыю ў байнэце. Вось толькі ўсе выдаткі могуць у выніку легчы на звычайных карыстальнікаў.

Нагадаем, пастановай Аператыўна-аналітычнага цэнтра і Мінсувязі 29 чэрвеня 2010 было зацверджанае палажэнне аб парадку абмежавання доступу карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг да інфармацыі, забароненай да распаўсюду ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Гатовыя да працы і абароны інфармацыйнай прасторы

Аказалася, правайдэры не збіраюцца ісці па слядах інтэрнэт-рэсурсаў, для якіх давялося падаўжаць тэрміны рэгістрацыі.

Як заявілі ў прэс-службе «Белтэлекама», галоўны аператар краіны заўсёды гатовы.

«Ёсць тэрмін выканання патрабаванняў — 1 верасня, і яго ніхто не скасоўваў. Натуральна, мы як дзяржаўны правайдэр не збіраемся парушаць указ. Закуплены софт, абсталяванне, ёсць работнікі, якія гэтым займаюцца», — запэўнілі нас у кампаніі.

Нагадаем, адразу пасля ўступлення ў сілу пастановы аб інтэрнэт-фільтрацыі «Белтэлекам» ужо заяўляў, што гатовы фільтраваць байнэт хоць заўтра.

«Мы сапраўды ўжо з 1 ліпеня падрыхтавалі ўсе меры па рэалізацыі інтэрнэт-фільтрацыі. Але аказваць гэтую паслугу, згодна з заканадаўствам, мы павінны з 1 верасня», — патлумачылі такую сітуацыі ў «Белтэлекаме».

Сваю гатоўнасць фільтраваць інфармацыю пацвердзілі і іншыя правайдэры. Некаторыя, праўда, адзначаюць, што не ўсё яшчэ зразумела са спісамі забароненых рэсурсаў, але Дзяржаўная інспекцыя па электрасувязі абяцае, што асуджаныя на забарону будуць цалкам прадстаўленыя ў спісах.

У любым выпадку, мы ўсё ўжо зможам убачыць праз пару дзён. «Меры ажыццяўляюцца, усё ўбачыце 1 верасня», — расказалі нам у адміністрацыі правайдэра «Дзелавая сетка».

Хто заплаціць за фільтры?

Аднак з 1 верасня, магчыма, нам давядзецца сутыкнуцца не толькі з чаканым фільтраваннем, але і некаторымі нечаканым абставінамі.

Бо, як адзначаюць правайдэры, абсталяванне для інтэрнэт-фільтрацыі абышлося вельмі дорага. Так, напрыклад, «Белінфанэт» патраціў на ўсё амаль 100 тысяч даляраў.

«Пытанне ў тым, што яшчэ будзе прыдумана. Цяпер гаворка пакуль ідзе пра ручныя наладкі фільтрацыі. Калі будзе вырашана перайсці на аўтаматычную — выдаткі могуць быць значна большыя», — расказаў дырэктар кампаніі «Белінфанэт» Юры Бітно.

«Самая вялікая праблема — лішнія выдаткі, нічым не кампенсаваныя», — прызнаўся дырэктар тэлекамунікацыйнай кампаніі «Айчына-плюс» Максім Ляўданскі.

Па яго словах, мэты, прадугледжаныя пастановай аб інтэрнэт-фільтрацыі, высакародныя, але вось меры па іх рэалізацыі кульгаюць.

«Ідэя добрая. Скажам, асабіста я б не хацеў, каб маё дзіця наведвала невядома якія сайты і атрымлівала непатрэбную інфармацыю. Але вось меры для дасягнення гэтай мэты — не самыя ўдалыя», — падзяліўся меркаваннем спецыяліст.

«Выдаткі на ажыццяўленне фільтрацыі павесілі на правайдэраў, а правайдэры, у сваю чаргу, павесяць на карыстальнікаў, — тлумачыць ён. — Ну, а як жа інакш нам акупіць выдаткі?»

Максім Ляўданскі дадае, што «праз дэмпінг „Белтэлекама“ кошты падняць нерэальна. Гэта значыць, што карыстальнікі пацерпяць не праз падаражанне тарыфаў на інтэрнэт — хутчэй ім недададуць нейкую паслугу ці дадуць яе, але не ў той якасці. Тут варыянтаў шмат, і ўсё залежыць толькі ад ступені кепскага фінансавага становішча кампаніі».

Юрый Бітно таксама падтрымлівае меркаванне аб тым, што выдаткі правайдэраў адгукнуцца на простых карыстальніках байнэту: «Рана ці позна так і будзе. Аднак калі і ў якім кантэксце гэта адбудзецца — пакуль казаць складана».

«Мы зробім усё, каб нашы выдаткі былі апраўданыя — магчыма, будзем распрацоўваць дадатковыя паслугі, каб так ці інакш вярнуць гэтыя грошы», — заўважыў Юрый Бітно.

Праўда, дадаў дырэктар кампаніі, пакуль канкрэтных рашэнняў з гэтай нагоды яшчэ няма.

Указ № 60 падкасіў інтэрнэт-кавярні

Пакутуюць ад указу № 60 не толькі правайдэры, але і інтэрнэт-кавярні, вымушаныя ўжо другі месяц не абслугоўваць наведвальнікаў без «паперкі».

Нагадаем, што з 1 ліпеня ў Беларусі скарыстацца паслугамі інтэрнэт-кавярні можна толькі паказаўшы дакумент, які пацвярджае асобу. Па розных дадзеных, колькасць наведвальнікаў такіх установаў скарацілася на 30–50%.

«Попыт на інтэрнэт-паслугі знізіўся ў два разы, — расказаў дырэктар буйной сталічнай інтэрнэт-кавярні. — Натуральна, удвая скараціліся і прыбыткі, што зрабіла прадпрыемства папросту нерэнтабельным».

Як прызнаюцца супрацоўнікі, нават тыя людзі, якія маюць пры сабе пашпарт, усё роўна пастаянна абураюцца новымі парадкамі.

Цяпер установа выжывае выключна за кошт паслуг кавярні. У планах — паменшыць месца пад кампутарныя залы і ўрэзаць спіс інтэрнэт-паслуг. Як адзначаюць спецыялісты, апошнім часам і так назіраўся спад папулярнасці інтэрнэт-кавярняў — маўляў, навошта кудысьці хадзіць, калі многія хоць праз тэлефон заходзяць у інтэрнэт. А ўказ № 60, лічаць яны, папросту забіў гэтую сферу бізнесу.

«Уладальнікі інтэрнэт-кавярняў будуць вымушаныя зачыняць цэнтры і прадаваць памяшканні, рэарганізоўваць іх у крамы», — мяркуе дырэктар інтэрнэт-кавярні.

Што датычыць апраўдання такіх мераў, то замест каментара спецыяліст прывёў статыстыку: за шэсць гадоў працы ўстановы да іх толькі тройчы наляцелі прадстаўнікі органаў правапарадку, якія шукалі інтэрнэт-шкоднікаў. І гэта пры сярэдняй наведвальнасці інтэрнэт-кавярні 300 чалавек за суткі…

Цяжкасці перакладу

Зрэшты, папракаюць чыноўнікаў не толькі ў недальнабачнасці пры новаўвядзенні, але нават у неразуменні прадмета размовы.

Адзін са свежых прыкладаў — зносіны чэшскіх сенатараў, што наведалі Беларусь, са старшынём пастаяннай камісіі Савета рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Нінай Мазай.

«Нам шмат хто казаў, што цяпер у інтэрнэт-кавярню можна зайсці толькі з прадстаўленнем пашпарту. Спадарыня Мазай нам адказала, што гэтыя правілы дзейнічаюць толькі для непаўналетніх і толькі ў тых установах, дзе адсутнічаюць фільтры на блакаванне сайтаў, якія змяшчаюць экстрэмісцкія ці парнаграфічныя матэрыялы. Магчыма, спадарыня Мазай не валодае інфармацыяй», — сказаў намеснік старшыні камітэта па замежных справах, абароне і бяспецы сената Чэхіі Томаш Ірса.

Дадамо, што замежнікам у прынцыпе здаюцца дзікімі абмежаванні, уведзеныя указам № 60 і веерам пастановаў да яго. І пасля гэтага нашы высокія чыноўнікі яшчэ даказваюць, што мы — сэрца Еўропы.

Падзяліцца навіной: 
Беларускія навіны

←Обстоятельства освобождения Лаймонаса Банкаускаса по-прежнему неизвестны

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика