“Затрыманне Лайманаса рыхтавалі яшчэ падчас мінулай паездкі ў Беларусь”

Источник материала:  
26.08.2010 16:31 — Новости Общества
“Затрыманне Лайманаса рыхтавалі яшчэ падчас мінулай паездкі ў Беларусь”
Фото: delfi.lt
Жонка камандзіра коннай паліцыі Вільні Лайманаса Банкаўскаса Таццяна расказала Еўрарадыё, як выглядаў яе муж адразу пасля вызвалення, чаму пра яго вяртанне ў Літву даведалася ад журналістаў і чаму яго не затрымалі на беларускай мяжы раней.

Еўрарадыё: Вы ведаеце, што ваш муж ужо некалькі гадзін як вярнуўся ў Літву? Вы з ім размаўлялі?

Таццяна: Пра тое, што ён ужо вярнуўся, мне паведамілі журналісты. Праўда, яны больш ведаюць, чым нават я. Я пакуль з ім не мела кантактаў: у Лайманаса тэлефон адключаны і дома яго пакуль няма.

Еўрарадыё: Скажыце, якая была вашая першая рэакцыя на навіну пра яго затрыманне на беларускай мяжы?

Таццяна: Шок! Таму што я ведаю свайго мужа выдатна і ведаю, што ён не мог такім займацца. Я ў ім на 100 адсоткаў упэўненая!

Еўрарадыё: Вы маеце на ўвазе, што ён не мог мець наркотыкі не толькі для продажу, але і для ўласнага ўжывання?

Таццяна: Што вы! Гэта тады, калі чалавеку да пенсіі застаецца ўсяго нічога і калі ён да самага мозга костак паліцэйскі?! Вы можаце смяяцца, але ён у мяне да гэтага часу такі хлопчык, які гуляе ў паліцэйскіх. Не гуляе, а жыве гэтым. Не тое што на сотую, але нават на тысячную і мільённую долю адсотка я не дапускала, што гэта магчыма, у чым яго абвінавачваюць.

Еўрарадыё: Чым мог зацікавіць беларускія спецслужбы ваш муж? Ці, можа, у яго былі якія канфлікты з беларускімі памежнікамі?

Таццяна: Да апошняга часу такіх канфліктаў не было. Да таго, як яму падклалі гэта.

Еўрарадыё: А, мабыць, ён некалі на тэрыторыі Літвы затрымліваў нейкага высокага беларускага чыноўніка за якое правапарушэнне і той такім чынам адпомсціў?

Таццяна: Можа быць, не ведаю. Трэба глядзець па справах. Ён паліцэйскі, самі разумееце, і ён затрымліваў людзей. Але апошнім часам у яго на працы было спакойна. Ён жа стаў працаваць у коннай паліцыі, а гэта крыху іншая спецыфіка. Я не ведаю, адкуль маглі з’явіцца такія вялікія ворагі.

Еўрарадыё: Ці адчулі вы падтрымку з боку ўладаў Літвы, кіраўніцтва ўстановы, дзе працаваў Лайманас, пасля яго затрымання?

Таццяна: Падтрымка была на ўсе 100 адсоткаў. Вялікі дзякуй ім усім. Яны таксама не дапускаюць нават думкі, што магчыма тое, у чым яго абвінавацілі. Яны яго добра ведаюць і напэўна прааналізавалі ўсё, што здарылася, не эмоцыямі, як я, жанчына, а розумам.

Еўрарадыё: Скажыце, а да гэтага выпадку ў Лайманаса былі праблемы на беларускай мяжы?

Таццяна: Мінулы раз, калі ён пераязджаў мяжу, гэта было дзесьці 3 жніўня, яго затрымалі, і ён расказваў, што ў яго было такое адчуванне, нібыта яны нечага чакалі. Быццам, яны ўжо мінулы раз хацелі зрабіць тое, што зрабілі гэтым разам, але нечага, відаць, ім тады не падвезлі. І я так мяркую, што ўвесь гэты сцэнар, хай сабе на траціну, ужо тады быў распрацаваны.

Еўрарадыё: Не баіцеся, што ў вас могуць узнікнуць праблемы на мяжы, калі зараз надумаеце паехаць у Беларусь?

Таццяна: Ведаеце, я толькі ўчора вярнулася з Беларусі, я ў Гродне была, калі Лайманаса адпусцілі, я пераходзіла мяжу і — дзякуй Богу...

Еўрарадыё: Вы яго сустракалі з ізалятара? Ён расказаў, як да яго ставіліся падчас арышту?

Таццяна: Так, сустракала. Але нічога такога ён мне не расказаў. Ведаеце, шмат эмоцый, шмат было размоў — практычна ні пра што, праўда. А па-другое, беларусы не падрыхтавалі ўсе дакументы, неабходныя для таго, каб ён выехаў з Беларусі. А калі яго выпускалі, быў канец працоўнага дня. І я так разумею, што яго там затрымалі для таго, каб усё гэта аформіць. Каб аформіць усе дакументы, і каб яго з Беларусі пусцілі ў Літву.

Еўрарадыё: Як Лайманас выглядае, схуднеў?

Таццяна: Так — худы, так — галодны. Але слядоў збіцця няма. Прынамсі, на твары няма. Прывезла яму бутэрброды. Так ён глядзеў на агуркі, а прасіў памідораў! Але еў не на маіх вачах.

Нагадаем, Лайманас Банкаўскас быў затрыманы 16 жніўня ў Ашмянах . У яго знайшлі 45,5 грамаў амфетаміну. Банкаўскас падазраваўся ў парушэнні артыкула 228 Крымінальнага кодэкса Беларусі (кантрабанда) і артыкула 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Беларусі (затрыманне па непасрэдна ўзніклым падазрэнні ў здзяйсненні злачынства). Літоўскі паліцыянт утрымліваўся ў следчым ізалятары Гродна. Вызвалілі яго ўвечары 25 жніўня. Увесь час знаходжання пад вартай Банкаўскас адмаўляў сваю віну. 



←Беларусь решила добывать нефть в Гамбии

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика