Рубінаў:

Источник материала:  
26.08.2010 10:05 — Новости Общества
Сёлета ўпершыню падчас правядзення прыёмнай кампаніі ў краіне не было выяўлена сур’ёзных карупцыйных парушэнняў.

Пра гэта паведаміў журналістам на прэс-канферэнцыі старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшыня Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў у ВНУ і ССНУ ў 2010 годзе Анатоль Рубінаў. Да кантролю за ходам прыёмнай кампаніі былі прыцягнутыя па краіне амаль 3 тысячы чалавек, у тым ліку 214 работнікаў Камітэта дзяржаўнага кантролю.

Паводле слоў Анатоля Рубінава, каб цалкам ліквідаваць глебу для карупцыі, усе экзамены для абітурыентаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія паступаюць на аснове базавай адукацыі, у будучым годзе могуць прайсці ў пісьмовай форме, прычым па цэнтралізаваных заданнях, падрыхтаваных спецыялістамі Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, у вызначаныя Міністэрствам адукацыі дні. Гэтая прапанова ўтрымліваецца ў справаздачы па выніках работы дзяржкамісіі на імя кіраўніка нашай дзяржавы.

У бягучым годзе сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы ўпершыню праводзілі свае пісьмовыя ўступныя іспыты па цэнтралізаваных заданнях. Быў распрацаваны і зацверджаны поўны алгарытм дзеянняў, скіраваны на ахову канфідэнцыяльнасці інфармацыі: ад моманту дастаўкі экзаменацыйных матэрыялаў у навучальную ўстанову, іх захоўвання да распячатвання канвертаў і тыражавання заданняў. Аднак многія з сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў аддалі перавагу вусным іспытам, гэта значыць, пакінулі магчымасць для пэўных манеўраў.

«У будучыні ўсе абітурыенты павінны быць у роўных умовах, а ў сценах ССНУ трэба пакінуць толькі экзамены па творчасці…», — падзяліўся сваім бачаннем гэтай сітуацыі Анатоль Рубінаў.

Таксама ў наступным годзе эксперымент, які праводзіўся два гады ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, можа распаўсюдзіцца і на творчыя спецыяльнасці іншых ВНУ, напрыклад, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Як вядома, на цэнтралізаваным тэсціраванні абітурыенты творчых спецыяльнасцяў здаюць дзве дысцыпліны: адну з дзяржаўных моў і гісторыю Беларусі. Плюс творчыя іспыты непасрэдна ў навучальнай установе. «Вага» дзвюх дысцыплін цэнтралізаванага тэсціравання ў агульнай суме балаў, заробленых на ўступных іспытах, раней была вельмі істотная, і нярэдка нават выдатныя музычныя, артыстычныя ці мастацкія здольнасці не маглі стаць для адораных маладых людзей пропускам у кола студэнтаў. Таму ў парадку эксперыменту было вырашана павялічыць «вагу» творчых дысцыплін. Залічэнне ў гэтыя дзве ВНУ ажыццяўлялася на падставе агульнай сумы балаў, падлічанай па выніках правядзення трох этапаў уступных іспытаў па прадмеце «творчасць», сярэдняга бала сумы балаў, атрыманай па выніках ЦТ, і сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.

— Калі б абітурыенты паступалі па ранейшай сістэме, то многія з іх, зразумела, прайсці б не змаглі, а так мы далі шанц самым таленавітым, — упэўнены Анатоль Рубінаў.

 — Мы пераканаліся, што веданне мовы і гісторыі, зразумела, вельмі важнае, але не больш важнае, чым талент для будучага мастака, танцора ці артыста…

Анатоль Рубінаў канстатаваў, што членаў дзяржаўнай камісіі не можа не хваляваць, як пэўная частка моладзі ставіцца да паступлення ў ВНУ і выбару спецыяльнасці. На што, цікава, спадзяюцца маладыя людзі, якія пакідаюць аўдыторыю на працягу першых 30 хвілін з пачатку цэнтралізаванага тэсціравання? Яны або здаюць пустыя бланкі адказаў, або спрабуюць угадаць правільны адказ, або ўвогуле пакідаюць у бланках нецэнзурныя словы… А колькасць такіх выпадковых людзей даходзіць на некаторых прадметах да 20 працэнтаў ад агульнай колькасці тых, хто прыйшоў на тэсціраванне… Між іншым, іх вынік таксама ўплывае на сярэдні бал удзельнікаў тэсціравання.

— Не буду хаваць, што мы назіралі сёлета зніжэнне сярэдняга бала на ЦТ па многіх прадметах (прыкладна на 2,5 адзінкі), за выключэннем геаграфіі, гісторыі Беларусі і грамадазнаўства, — прызнаўся старшыня дзяржаўнай камісіі. — Колькасць абітурыентаў, якія набралі нізкія балы, на жаль, павялічваецца. Так, на тэсціраванні па матэматыцы 20 балаў і менш набралі 62 працэнты яго ўдзельнікаў (у 2009 годзе — 58 працэнтаў і ў 2008 годзе — 57 працэнтаў). Па фізіцы не змаглі пераадолець бар’ер у 20 балаў 73 працэнты з тых, хто здаваў гэты прадмет (летась — 70 працэнтаў, а ў 2008 годзе — 66 працэнтаў). Натуральна, нас цікавілі прычыны такога становішча. Можа быць, тэсты былі складаныя ці формула падліку балаў у нас недасканалая? На думку незалежных экспертаў, тых жа рэпетытараў, якія з’яўляюцца незацікаўленымі асобамі, тэсты не былі звышскладанымі, і змест заданняў не выходзіў за рамкі школьнай праграмы. Затым мы прааналізавалі сістэму падліку балаў пры правядзенні тэсціравання ў іншых краінах і пераканаліся, што наша сістэма — не горшая. Значыць, прычыны зніжэння балаў на ЦТ трэба шукаць у падрыхтоўцы прэтэндэнтаў на студэнцкі білет. У гэтым годзе ў ЦТ удзельнічалі 170 тысяч абітурыентаў, а са школ выйшла 88 тысяч выпускнікоў. Выходзіць, што больш за палову абітурыентаў закончылі школы ў папярэднія гады. Можна меркаваць, што не ўсе з іх добра падрыхтаваліся. Многія былі першапачаткова нацэленыя на платную завочную форму навучання. Таму вынікі цэнтралізаванага тэсціравання — гэта рэальная ацэнка ўзроўню падрыхтоўкі сёлетніх абітурыентаў. Аднак, хачу падкрэсліць, што калі вы пагледзіце на вынікі залічаных на дзённую бюджэтную форму навучання, то там вы не ўбачыце абітурыентаў з нізкімі баламі. Зусім іншая сітуацыя — на завочнай і платнай формах навучання…

Пазітыўнай тэндэнцыяй можна лічыць той факт, што выпускнікі сельскіх школ па выніках цэнтралізаванага тэсціравання зусім нязначна адстаюць ад гараджан, і гэта пры адсутнасці ў сельскай мясцовасці інстытута рэпетытарства: розніца ў сярэдніх балах гараджан і вяскоўцаў складае ў залежнасці ад прадмета ад 0,3 да 5 балаў (летась яна была ад 0,9 ад 6 балаў). Гэта, на думку Анатоля Рубінава, сведчыць у першую чаргу пра павышэнне якасці падрыхтоўкі ў сельскіх школах і выраўноўванне стартавых магчымасцяў абітурыентаў з гарадоў і сельскай мясцовасці. А, напрыклад, у Белдзяржуніверсітэце на 28 спецыяльнасцях з 55 у выхаванцаў сельскіх школ былі нават больш высокія балы, чым у гараджан, таму залічэнне адбывалася там па агульным конкурсе. Закрануўшы тэму асобнага конкурсу для сельскіх абітурыентаў, Анатоль Рубінаў спыніўся на адным упушчэнні: для гэтай катэгорыі абітурыентаў ніжняя мяжа не ўстаноўлена. Таму, напрыклад, на рамана-германскую філалогію ў БДУ змог паступіць абітурыент з сельскай мясцовасці, які меў у сваім багажы 207 балаў. Ён проста быў адзіны, хто ішоў па асобным конкурсе. А абітурыенты-гараджане, якія мелі на 90 балаў больш, прайсці на бюджэт не змаглі. Напэўна, гэта не зусім правільна.

Яшчэ адна балючая тэма — існаванне льготаў для пэўных катэгорый абітурыентаў. Скажам, па-за конкурсам могуць паступаць дзеці-сіроты. У Белдзяржуніверсітэце на спецыяльнасць «паліталогія» змаглі паступіць у гэтым годзе льготнікі, якія мелі ўсяго 118 балаў (па трох прадметах ЦТ плюс сярэдні бал атэстата), хоць для іншых абітурыентаў прахадны бал быў 348. Прычым льготнікі занялі 40 працэнтаў бюджэтных месцаў. А на спецыяльнасці «бізнэс-адміністраванне» змог паступіць абітурыент, які меў 109 балаў у агульнай суме, затое абітурыенты, якія набралі больш за 300 балаў, зноў-такі не прайшлі (прахадны бал быў 336). У цяперашніх правілах прыёму ёсць адна агаворка: льготны прыём можа ажыццяўляцца толькі на тых спецыяльнасцях, дзе ў папярэдні год конкурс быў 5 і больш чалавек на месца. Але гэта палажэнне відавочна састарэла, бо сёння на тых спецыяльнасцях, дзе залічэнне адбываецца толькі па выніках ЦТ, трэба кіравацца не сярэднім конкурсам, а прахаднымі баламі.

— Мяркую, што ёсць пэўная катэгорыя маладых людзей, якім патрабуецца дзяржаўная падтрымка, але аказваць такую падтрымку больш правільна было б падчас іх навучання: гэта можа быць гарантаванае месца ў інтэрнаце, стыпендыяльная падтрымка, матэрыяльная дапамога, але на ўваходзе ў ВНУ нікому нельга рабіць ніякіх скідак. На першым плане павінны быць усё ж такі веды, — дадаў Анатоль Рубінаў.

У галоўным адукацыйным ведамстве краіны не хаваюць, што вялікая колькасць льготных катэгорый абітурыентаў ускладняе і распрацоўку аўтаматызаванай сістэмы залічэння. Міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў паведаміў, што такая сістэма распрацоўваецца спецыялістамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі і Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў з улікам сусветнай практыкі.

— У Азербайджане, дзе ўжо даўно дзейнічае аўтаматызаваная сістэма, не існуе на ўваходзе ў ВНУ ніякіх льготаў. І нават невідушчыя людзі здаюць там тэсты, выкананыя шрыфтам Брайля, — дадаў Аляксандр Радзькоў, — у той час як у нашай краіне для абітурыентаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ствараюцца спецыяльныя ўмовы для здачы экзамена непасрэдна ў ВНУ. Ім не трэба ўдзельнічаць разам з усімі ў цэнтралізаваных іспытах.

Аляксандр Радзькоў патлумачыў, што аўтаматызаваная сістэма залічэння абапіраецца на сістэму прыярытэтаў абітурыента. Абітурыент сам указвае ў спецыяльнай форме тыя навучальныя ўстановы ці тыя спецыяльнасці, куды б ён хацеў паступіць: першы прыярытэт, другі, трэці і гэтак далей. А аўтаматызаваная сістэма ўлічвае яго пажаданні, набраную колькасць балаў, параўноўвае яго балы з баламі канкурэнтаў і прапануе яму тую ВНУ і тую спецыяльнасць, куды ён можа быць залічаным, зыходзячы з набраных балаў. Трэба будзе вызначыцца толькі з колькасцю прыярытэтаў. Мяркуецца, што эксперыментальная апрабацыя аўтаматызаванай сістэмы залічэння адбудзецца ў 2012 годзе, і калі эксперымент пройдзе ўдала, то ўжо ў наступным годзе абітурыентам не прыйдзецца бегаць паміж прыёмнымі камісіямі, не трэба будзе сачыць за развіццём конкурсу ў інтэрнэце, а застанецца толькі дачакацца прыемных навінаў. У Міністэрстве адукацыі не лічаць гэта фантастыкай. Аляксандр Радзькоў упэўнены, што лепш ажыццяўляць набор не на спецыяльнасці, а на факультэт. «Мне падаецца, што першыя два гады студэнты павінны вывучаць агульныя курсы, і толькі пазней выбіраць сабе больш вузкую спецыялізацыю», — падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі міністр.

Даведка «Звязды»:

На дзённую бюджэтную форму навучання ў ВНУ па-за конкурсам было залічана 598 чалавек, з іх дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без бацькоўскай апекі — 522.

Без уступных іспытаў залічана 305 чалавек.

Па агульным конкурсе залічаны: 2126 школьных медалістаў, 5247 выпускнікоў сельскіх школ, 167 дзяцей-інвалідаў і інвалідаў 1 і 2 груп, 188 замежных грамадзян, у тым ліку 136 грамадзян Расійскай Федэрацыі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана.

Падзяліцца навіной: 
Звязда

←В Гомеле монахини отпразднуют 100-летие Матери Терезы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика