Колькі расстраляных беларусаў пахавана ў Катыні?

Источник материала:  
25.08.2010 12:00 — Новости Общества
Колькі расстраляных беларусаў пахавана ў Катыні?Карэспандэнт "Звязды" наведаў мемарыял пад Смаленскам, дзе супрацоўнікі НКУС СССР у 1940 годзе расстралялі тысячы польскіх афіцэраў.

5 сакавіка 1940 года народны камісар унутраных спраў СССР Лаўрэнцій Берыя напісаў Сталіну сакрэтную запіску, на якой пазней паставяць пазнакі "за" і подпісы таварыш Кагановіч, таварыш Калінін, таварышы Молатаў, Варашылаў і Мікаян. У запісцы, калі коратка, была канкрэтная прапанова: расстраляць каля 25 тысяч польскіх афіцэраў і іншых грамадзян, якія знаходзяцца ў лагерах для ваеннапалонных. Прапанова была ўхваленая, а значная частка яе была выкананая ў Катыні — лесе пад Смаленскам.

Увесь час пасля гэтых падзей Катынская трагедыя выкарыстоўвалася як інструмент прапаганды. Яшчэ ў часе вайны камуністы сцвярджалі, што ў Катыні расстрэльвалі фашысты. А фашысты на акупаваных тэрыторыях, наадварот, распаўсюджвалі інфармацыю пра савецкае злачынства. Цяпер, калі адкрыліся многія архівы, дакладна вядома: Катынскае злачынства здзейснілі бальшавікі. Прэзідэнт Расіі Ельцын у свой час публічна папрасіў прабачэння ў польскага народа...

Многія беларусы падрабязна даведаліся пра Катынскую трагедыю толькі ў красавіку гэтага года, калі па Першым нацыянальным тэлеканале быў паказаны фільм "Катынь" польскага рэжысёра Анджэя Вайды. За некалькі дзён да гэтага пад Смаленскам, як вы памятаеце, разбіўся самалёт з польскім прэзідэнтам Лехам Качыньскім і яшчэ 95 чыноўнікамі і грамадскімі дзеячамі... Яны ляцелі ўшанаваць памяць расстраляных у Катыні.

Многія людзі, асабліва пажылыя, дагэтуль не вераць у злачынствы сталінскага рэжыму. Мая 79?гадовая бабуля гатовая біцца за "бацьку народаў Сталіна, які выйграў вайну". Яна і чуць не хоча, што Сталін — адзін з найвялікшых ліхадзеяў ХХ стагоддзя, па віне якога загінулі мільёны невінаватых савецкіх грамадзян. Гэта была вайна са сваім народам...

У мемарыяле "Катынь" я пабываў 23 жніўня — у Міжнародны дзень памяці ахвяраў рэпрэсій. У гэтую жалобную дату экскурсію ў Катынь арганізавала Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў, яго секцыя "Мемарыял". У часе выправы было цікава пачуць думку супрацоўнікаў мемарыяла. На пытанне "Звязды" адказала намесніца дырэктара па навуковай працы мемарыяла "Катынь" Галіна Анатольеўна Андрэенкава.

"У людзях дагэтуль жыве савецкі ген страху..." Колькі расстраляных беларусаў пахавана ў Катыні?

— Галіна Анатольеўна, не так даўно па расійскім тэлебачанні прайшоў дакументальны прапагандысцкі фільм, дзе зноў сцвярджаецца, што польскіх афіцэраў у Катыні забівалі не НКУСаўцы, а фашысты... А якой версіі прытрымліваецеся вы, супрацоўнікі мемарыяла?

— Якія тут могуць быць версіі?! Зразумела, што расстрэльвалі бальшавікі, супрацоўнікі НКУС. Гэта, здаецца, ужо цалкам даказана. Мы маем 4 тамы дакументаў, якія выдалі палякі, і 2 тамы дакументаў, якія выдала наша расійская Акадэмія Навук. Да таго ж, ёсць сведчанні відавочцаў. Хоць навука звычайна ставіцца да сведкаў дужа асцярожна... Аднак ёсць у нас і сведчанне такога Пятра Клімава. Ён, вядома, сам не ўдзельнічаў у гэтых расстрэлах, аднак працаваў у органах НКУС. І засведчыў, што быў тут увесну 1940 года... Таксама мы сабралі шмат сведчанняў мясцовых жыхароў, якія бачылі, як на станцыю Гнёздава прывозілі польскіх афіцэраў. Гэта кідалася ў вочы — бо тут людзі жылі за жалезнай заслонай, таму вайсковую форму чужаземцаў разглядалі з цікавасцю. Ніякай гаворкі, што тут расстрэльвалі немцы, быць не можа...

— А з мясцовых шмат засталося відавочцаў тых падзей?

— Так, мясцовых жыхароў мы апытваем ад часу стварэння мемарыяла. Спачатку людзі, зразумела, былі вельмі асцярожныя. Зараз яны ўжо ўсе вельмі старыя, шмат хто хворы, некаторыя ўжо не падымаюцца з ложка. Яны сведчылі нам, што тут польскіх афіцэраў стралялі менавіта бальшавікі. Але ведаеце, гэты савецкі ген страху жыве ў людзях і цяпер. Літаральна ўвесну мне патэлефанаваў мужчына і сказаў: "Галіна Анатольеўна, я хачу распавесці вам некаторыя дэталі, якія бачыў яшчэ хлопчыкам у Катыні. Але калі будзеце публікаваць гэта, калі ласка, не называйце майго прозвішча, бо мой бацька быў расстраляны ў 1938 годзе..." Уяўляеце, ён дагэтуль баіцца, што нешта можа вярнуцца!.. І ён расказаў, як на станцыю Гнёздава прыходзілі цягнікі з польскімі афіцэрамі, апісаў іх форму... На станцыі была крама, і людзі хадзілі туды, бачылі, як прывозілі гэтых афіцэраў... Да таго ж, у 1943 годзе немцы, калі праводзілі раскопкі, арганізавалі сюды экскурсіі, каб паказаць злачынства сталінскага рэжыму... Хлопчыкам, якія дапамагалі ў раскопках, давалі цукеркі, дарослым — шклянку гарэлкі і паўбуханкі хлеба. І гэты чалавек таксама быў на гэтых раскопках, бачыў гэтыя трупы...

— Прыхільнікі версіі, што ў Катыні стралялі не бальшавікі, а немцы, маюць аргумент: тут знойдзеныя пераважна нямецкія кулі...
 Колькі расстраляных беларусаў пахавана ў Катыні?
— Гэта таксама даўно вядома і пацверджана дакументамі: НКУСаўцы сапраўды расстрэльвалі зняволеных з нямецкай зброі, якая была замоўленая знарок для гэтага. Бо яна больш надзейная! Уявіце толькі: некаторыя каты расстрэльвалі да 200 чалавек за змену! Савецкая зброя проста не вытрымлівала такога. Пра нямецкую зброю нам сведчыў і Токараў, колішні начальнік УНКУС па тагачаснай Калінінскай вобласці... Таксама я сустракалася з намеснікам галоўнага пракурора нашай вобласці, які ўдзельнічаў у следчым эксперыменце ў Катыні. Ён сам бачыў у архіве дакумент, дзе дакладна было напісана: вясной 1940 года ў Смаленск была прывезеная партыя нямецкай зброі. Нямецкая зброя не перагравалася і не давала збояў...

— Галіна Анатольеўна, ці больш людзей стала наведваць мемарыял "Катынь" пасля таго, як 10 красавіка тут разбіўся самалёт, дзе знаходзіўся польскі прэзідэнт і кіруючая эліта краіны?

— Натуральна, гэтая трагедыя прыцягнула да нашага мемарыяла дадатковую ўвагу. Штогод у нас ёсць каля 30 тысяч наведнікаў, сёлета, мяркую, будзе каля 60 тысяч. Найбольш, зразумела, едуць расіяне і палякі. Важна, што і беларусы едуць да нас усё больш — бо вашых суайчыннікаў тут пахавана вельмі шмат... 

Р.S. У Катыні сярод імёнаў расстраляных і месцаў іх нараджэння сапраўды можна знайсці шмат знаёмых гарадоў і мястэчак: Гродна, Мінск, Жлобін, Івянец, Віцебск... Беларускі гісторык Ігар Кузняцоў кажа, што, паводле ягоных падлікаў, з 4421 пахаванай ахвяры — 1221 чалавек мае беларускае паходжанне. І гэта — не канчатковая лічба. А гэта значыць, што Катынь — не толькі польскае, але і беларускае месца ўшанавання памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. 

ТОЛЬКІ ЛІЧБЫ Колькі расстраляных беларусаў пахавана ў Катыні?

Афіцыйныя дакументы ў мемарыяле "Катынь" сведчаць, што тэрмін "катынскае злачынства" ўбірае ў сябе расстрэл у красавіку-маі 1940 года амаль 22 тысячы польскіх грамадзян, якія ўтрымліваліся ў трох турмах НКУС СССР. З 22 тысяч — 14 552 польскія афіцэры. З іх 4421 чалавек расстраляныя ў Катыні, 6311 расстраляны ў Калініне і пахаваныя ў Медным, 3820 чалавек пахаваныя ў Харкаве. 

Яшчэ 7305 чалавек былі расстраляныя ва Украіне і Беларусі. Пахаваныя ў Кіеве, Харкаве, Херсоне і Мінску.

Найбольш вядомыя месцы пахавання ахвяраў злачынстваў — урочышча Курапаты і Трасцянец пад Мінскам. Магчыма, тут ляжаць і "катынскія" ахвяры.

Мемарыял "Катынь" адкрыты 28 ліпеня 2000 года, фінансаванне будаўніцтва здзейснілі польскі і расійскі бакі. 



←В Минске резко выросла стоимость аренды квартир

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика