Захар Шыбека напіша гісторыю сучаснага знішчэння Мінска

Источник материала:  
24.08.2010 07:50 — Новости Общества
Захар Шыбека напіша гісторыю сучаснага знішчэння Мінска
Захар Шыбека. Фота: nn.by
Доктар гістарычных навук і найлепшы знаўца гісторыі Мінска збірае матэрыялы, якія стануць асновай для кнігі пра знішчэнне гістарычнага аблічча беларускай сталіцы ў нашы дні. Пра гэта ён паведаміў у эфіры ток-шоў “Выбор” на тэлеканале АНТ 23 жніўня.

“Я падрабязна фіксую тую мадэрнізацыю і разбурэнні ў Мінску, каб напісаць кнігу пра тое, як мянялася гістарычнае аблічча горада ад сканчэння Другой сусветнай вайны да нашых дзён”, - распавёў доктар гістарычных навук, прафесар БДЭУ Захар Шыбека.

Паводле ягоных слоў, тыя будаўніча-планіровачныя работы, якія адбываюцца ў Мінску цягам апошніх год, не адпавядаюць не толькі нацыянальнаму заканадаўству ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны, але і разыходзяцца з міжнароднымі нормамі і традыцыямі.

“Я не разумею інвестараў, якія, не ведаючы патрабаванняў заканадаўства, па сутнасці, закопваюць грошы ў зямлю, - адзначыў Шыбека. - Рана ці позна прыйдуць сапраўдныя спецыялісты, якія ў адпаведнасці з Законам аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны 2006 года запатрабуюць ад іх не толькі зліквідаваць пабудаванае ў парушэнне закону, але і кампенсаваць урон і выдаткі”.

Аўтар бестсэлераў пра гісторыю сталіцы “Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада” і “Мінск 100 гадоў таму” (2007) ёсць адным з самых паслядоўных крытыкаў рэканструкцыі і ўладкавання гістарычнага цэнтра, якія ўжо паўтара дзесяцігоддзі ажыццяўляюць сталічныя ўлады. За гэты час пераважная большасць аўтэнтычных забудоў была знесена. Зніклі цэлыя вуліцы (Дзімітрава, Замкавая), а на іх месцы ў найлепшым выпадку з’явіліся муляжныя навабуды. Толькі ў 2008-2009 гадах у сталiцы зруйнавалi багата ўнiкальных помнiкаў Верхняга горада 18-19 стагоддзяў на Рэвалюцыйнай, Гандлёвай, Кiрылы i Мяфодзія, Камсамольскай, плошчы Свабоды, якiя мелi статус недатыкальных.

“Рэальна аднавіць гістарычнае аблічча ўжо немагчыма. Добра, калі ў Мінску захавалася каля двух соцень дамоў, якім больш за сто гадоў. Аднак і яны ў значнай ступені знаходзяцца ў перабудаваным выглядзе", - адзначаў Шыбека ў адным з ранейшых інтэрв’ю TUT.BY.

Па словах гісторыка, цяперашняе кіраўніцтва горада разумее важнасць гістарычнай забудовы, аднак яно не лічыць, што старыя забудовы трэба захоўваць. "Таму існуе тэорыя, што старызну можна разбурыць, а на руінах пабудаваць больш прыгожую копію з сучасных матэрыялаў. Люді не разумеюць, што такіх муляжоў, як гатэль "Еўропа", можна пабудаваць колькі заўгодна, але ж турыстаў імі не зацікавіш” - запэўнівае найлепшы знаўца гісторыі сталіцы.

←Последняя миля

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика