Кватэрныя баталіі каля Лідскага замка
Гісторыя з перасяленнем вуліцы каля Лідскага Замка доўжыцца не першы месяц. Яшчэ ў траўні карэспандэнты “Нашай Нівы” ездзілі ў Ліду, каб даведацца як жыхары горада ставяцца да перспектывы пераезду з уласных хатаў у новыя кватэры ("Ад родных сяліб на вуліцу 7 Лістапада"). На той момант сярод жыхароў вуліцы Замкавая цяжка было знайсці незадаволеных, хто гатовы гаварыць на камеру: усе спадзяваліся, што перасяленне пройдзе паспяхова і выгодна.
Аднак чым бліжэй Дажынкі, тым яскравей канфлікт. Марыя Разанава пазваніла ў рэдакцыю і сказала, што 16 жніўня да яе прыязджае АМАП высяляць з хаты. Таму карэспандэны "Нашай Нівы" сарваліся і паехалі ў Ліду паглядзець на супрацоўнікаў мясцовай міліцыі ды разабрацца ў «жыллёвым пытанні» жанчыны. З АМАПаўцамі сустрэцца не давялося, аднак атрымалася даведацца, ці маюць права на існаванне чуткі, быццам шчаслівым перасяленцам выдаюць па некалькі шыкоўных кватэраў ды сплочваюць грошы за сады і маёмасць.