Чарговая абарона касцёла Святога Язэпа
Збор подпісаў будзе адбывацца каля будынкаў мінскіх касцёлаў ды падчас пілігрымак. Праз тры тыдні подпісы накіруюць у адміністрацыю прэзідэнта, КУП "Мінская спадчына", прадстаўніцтва Ватыкану і замежныя амбасады. Пра гэта паведаміў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі.
Паводле цяперашняга плану гарвыканкаму у былым Мінскім кляштары бернардынцаў мусяць быць размешчаныя аб’екты гандлёва-бытавога прызначэння.На думку Дзяніса Садоўскага, спробы абараніць святыню ў мінулыя гады былі дэцэнтралізаванымі і адбываліся ў складанай сітуацыі. Кіраўніцтва каталіцкага касцёла тады дзейнічала нерашуча, бо чакаўся магчымы візіт Папы Рымскага ў Беларусь, Касцёл не хацеў ісці на канфлікт з уладамі. Да таго ж, збор подпісаў ажыццяўляўся разрозненымі трыма ініцыятывамі. “Цяпер іншая сітуацыя. Лічым, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, улада не захоча канфлікту сярод вернікаў. Шанец вяртання касцёлу ёсць і мы мусім яго выкарыстаць, — пракаментаваў Дзяніс Садоўскі. — Калі нашыя намаганні ізноў праігнаруюць, мы пяройдзем да іншых варыянтаў ціску на ўлады.” У другой палове верасня плануецца заснаваць каля святыні штодзённую варту.
Раней неаднаразова адбываліся зборы подпісаў за ратаванне касцёлу Святога Язэпа. У 2007 годзе ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі былі накіраваныя 30 тысячаў подпісаў пад зваротам за вяртанне касцёлу мінскім каталікам. З пачатку 2010 году у манастырскім комплексе касцёла вядуцца будаўнічыя работы, сам будынак касцёла пакуль не кранаюць — у ім знаходзіцца архіў. З 2005 году мінская рыма-каталіцкая парафія святога Язэпа ладзіць штодзённыя набажэнствы за вяртанне будынкаў святыні.
Юльян Місюкевіч