Фестываль кветак у Жалудку
Фестываль кветак прайшоў 15 жніўня ў мястэчку Жалудок, Шчучанскага раёну. Фестываль праводзіцца мясцовымі уладамі ўжо трэці раз, але ўпершыню ён падтрыманы сумесным праектам Еўрапейскага звязу і ПР ААН «Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні».
«Фестываль крышку змяніў наш пасёлак. — расказвае дырэктар школы, Васількевіч Уладзімір Анатольевіч. — Сама ідэя аб’яднання і супольнай працы розных калектываў — выдатная. І колькі адрэналіну, і радасці ад конкурсаў і перамог».








Таксама немалаважным фактарам для арганізатараў фестывалю было стварэнне новага іміджу для пасёлка. На фестываль сёлета ўжо прыязджалі госці не толькі з бліжэйшых вёсак і гарадоў, але і іншых абласцей Беларусі. Уладзімір Васількевіч спадзяецца, што аднойчы свята стане брэндам Жалудка. І сюды пацягнуцца турысты.
«Сапраўды праблема працаўладкавання ў нас мае месца быць. Паколькі пасёлак не мае шырокай інфраструктуры, у нас няма вялікіх прадпрыемстваў. Таму напісанне праектаў па устойліваму развіццю, работа над мясцовай павесткай дае магчымасць арганізоўваць праз праекты нейкія працоўныя месцы. — тлумачыць дырэктар школы. - Той жа самы інфармацыйны цэнтр, музей, ідэя якога вітае ў паветры. Калі наш пасёлак будзе прывабны для тых жа турыстаў, магчыма ў нас з’явяцца новыя аграсядзібы (пакуль ёсць толькі адна «Марчукова хата»), будуць паслядоўцы, якія будуць развівацца ў гэтым накірунку. А чаму б не рэалізоўваць гэта моладзі? Тым больш, што моладзь мае самыя амбіцыйныя планы сёння.»
Любоў да кветак ды недахоп моладзі ў маленькім пасёлку так і віталі ў паветры. Настаўнікі са скрухай заўважалі: раней на дзве школы (малодшая і сярэдняя) не меней за 600 вучняў набіралася, сёлета у верасні толькі 300 сядуць за школьныя парты. Нават пераможца конкурсу «Ландшафтнага дызайну», мясцовы ксёнз, не абмінуў тэму дэмаграфічнай праблемы. «Што ж вы не застаецеся ў нас, дзетак бы нараджалі, зажылі б сямейным шчаслівым жыццём. А то ў мяне дзевачак-розачак, якім па 15-20 гадоў да ста не хапае - многа такіх. А вось вас, маладых, як бы к нам заманіць?»
Настасся Шамрэй