Сёння адзначаецца Міжнародны дзень бяздомных жывёл

Источник материала:  
Сёння адзначаецца Міжнародны дзень бяздомных жывёл16 жніўня ў свеце адзначаюць Міжнародны дзень бяздомных жывёл. Ініцыятарам устанаўлення такога дня выступіла Міжнароднае таварыства правоў жывёл (ISAR, США).Праблема бяздомных жывёл актуальная для Беларусі. Паводле звестак зоаабаронцаў, штогод у краіне адлоўліваецца прыкладна 80 тысяч безнаглядных сабак і катоў, большасць з якіх забіваецца.

Пры гэтым забіванне часта робіцца негуманнымі метадамі: у многіх гарадах лаўцы жывёл самі распраўляюцца з імі. Выпадкі жорсткага абыходжання з жывёламі вельмі рэдка даходзяць да судоў. Напрыклад, у 2009 годзе судовы разбор вёўся толькі па трох такіх фактах.

Найбольш спрыяльная сітуацыя з бяздомнымі жывёламі склалася ў Мінску, дзе працуе прадпрыемства па часовым утрыманні жывёл "Фауна горада".

Як заявіў БелаПАН дырэктар прадпрыемства Эдуард Ліпніцкі, з 6 тысяч 630 бяздомных сабак і катоў, адлоўленых у сталіцы летась, 65% былі перададзеныя новым гаспадарам або ў зоаабарончыя арганізацыі.

Як мяркуе Ліпніцкі, колькасць безнаглядных жывёл значна скароціцца, калі ўвесці абавязковае чыпіраванне сабак і катоў, якія маюць гаспадароў.

Разам з гэтым, паводле яго слоў, неабходна ўвесці вялікі штраф для людзей, якія выкідваюць сваіх гадаванцаў на вуліцу.

Сёння "Фауна горада" правядзе чарговую акцыю па бясплатнай раздачы насельніцтву сабак і катоў. У звычайныя дні жывёліну можна атрымаць бясплатна, толькі калі яна знаходзіцца на прадпрыемстве менш як пяць дзён. За кожны дадатковы дзень утрымання сабакі ўстаноўлена плата ў 4.200 рублёў, ката — 2.100.

Апрача таго, сёння "Фауна горада" ўпершыню правядзе спаборніцтва сярод сабак уласных супрацоўнікаў. У перспектыве гэты конкурс плануецца зрабіць агульнагарадскім.

Напярэдадні Міжнароднага дня бяздомных жывёл 14 жніўня грамадскае аб'яднанне абароны жывёл "Эгіда" таксама правяло акцыю па пошуку гаспадароў для безнаглядных сабак і катоў. Прыкладна 100 бяздомных жывёл былі выстаўленыя ў сталічным парку Чэлюскінцаў.

Як мяркуе старшыня таварыства Наталля Бялянава, першым крокам да вырашэння праблемы бяздомных жывёл у Беларусі павінна стаць прыняцце закона аб абароне жывёл ад жорсткага абыходжання. Неабходна таксама вызначыць орган, які будзе займацца вырашэннем праблемы безнаглядных жывёл.

Апрача таго, павінна быць створана сістэма стэрылізацыі жывёл і прытулкаў для іх. Больш увагі варта надаваць інфармаванню людзей аб праблеме і выхаванні ў іх гуманнага стаўлення да бяздомных жывёл, упэўненыя ў таварыстве "Эгіда".

Крынiца: Анастасія Янушэўская, БелаПАН
←Брынцалов построит в Беларуси фармацевтический завод

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика