БХД сабралася ў Гродне

Источник материала:  
14.08.2010 15:11 — Новости Общества
Беларускія хрысціян-дэмакраты праводзяць у Гродне летнюю школу — так называецца адукацыйная канферэнцыя для рэгіянальных лідэраў аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД).

Школа, якая арганізавана адукацыйнай камісіяй аргкамітэта БХД, будзе працаваць 14–15 жніўня. Сабраныя абмяркуюць асновы хрысціянскай дэмакратыі, пытанні планавання і падрыхтоўкі акцый, піяр-кампаній, працы з новымі мэтавымі аўдыторыямі, праваахоўную тэматыку.

Перад удзельнікамі школы выступіць прэтэндэнт на пост прэзідэнта Беларусі ад БХД Віталь Рымашэўскі.

15 жніўня Рымашэўскі правядзе сустрэчу з мясцовымі актывістамі БХД, а затым з гэтай жа мэтай наведае Масты, Ваўкавыск, Слонім і Навагрудак.

Як адзначае прэс-служба аргкамітэта партыі «БХД», Гродзенская вобласць — чацвёрты рэгіён, які наведвае патэнцыйны кандыдат на пасаду прэзідэнта. Паездкі Рымашэўскага па рэгіёнах пачаліся 24 ліпеня. За гэты час ён пабываў у Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях.

Падчас сустрэч з актывістамі БХД абмяркоўваецца падрыхтоўка выбарчай кампаніі Рымашэўскага і іншыя аспекты дзейнасці партыі, якая ствараецца.

Варта адзначыць, што Міністэрства юстыцыі двойчы адмаўляла заснавальнікам партыі «БХД» у рэгістрацыі арганізацыі.

Першы устаноўчы з’езд партыі прайшоў у лютым 2009 года, другі — у кастрычніку таго ж года.

У абодвух выпадках афіцыйнай прычынай адмовы Мінюста зарэгістраваць БХД сталі недакладныя звесткі, нібыта знойдзеныя чыноўнікамі ў партыйных дакументах.

У найбліжэйшы час актывісты БХД зробяць трэцюю спробу легалізаваць сваю дзейнасць — правядзенне чарговага ўстаноўчага з’езду партыі «БХД» запланавана на верасень.

Лідэры партыі не хаваюць, што асаблівых надзей на рэгістрацыю арганізацыі яны не маюць. З’езд, паводле іх слоў, будзе, хутчэй, тэхнічным: на ім плануецца ў першую чаргу зацвердзіць Рымашэўскага ў якасці прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі ад БХД, а таксама ўхваліць яго палітычную праграму і склад перадвыбарнай каманды.

Падзяліцца навіной: 
БелаПАН

←Беларусь накрыла четвертая за это лето волна жары

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика