Мядовыя жанчыны
Слабы пол усё болей заяўляе аб сабе ў традыцыйна мужчынскай справе
Як вы да пчол? Ды, напэўна, скажаце: лепей з iмi не чапацца... Няхай хто iншы займаецца! Так, пчалярства – няпросты занятак, якi патрабуе навыкаў, умення, выбiрае людзей самаахвярных, энтузiястаў. I тым больш цiкава, што апошнiм часам сярод пчаляроў шмат жанчын, яны нароўнi сапернiчаюць з мужчынамi.
Вось i на нашых дачах, што паблiзу вёскi Саломенка, кажуць: «Вось Валянцiна Петручэня – пчаляр дык пчаляр!» Дай, думаю, я з гэтай жанчынай пазнаёмлюся. Пайшоў шукаць яе дом. Ужо, мабыць, арыенцiрам будуць пчалiныя вуллi. А тут сама гаспадыня насустрач:
— Заходзьце, будзем знаёмiцца i са мной, i з маiмi пчоламi! — Валянцiна паказвае i расказвае: – Пчалярствам трэба захапiцца, каб яно паклiкала цябе i не адпускала. Вось так i ў мяне атрымалася. Можа, сказалiся гены, тое, што на Клiчаўшчыне ўсе мае родзiчы – пчаляры. Разбагацела на пару-тройку пчалiных сем’яў i... спужалася свайго занятку. Метадам спроб i памылак асвойвала яго, былi здабыткi i страты... Тым не менш не паддавалася: шмат чытала лiтаратуры, набiралася вопыту. Цяпер ужо сама каму хочаш магу лекцыю на тэму крылатых працаўнiц прачытаць! Асвоiлася як мае быць, хаця пчолы – гэта такая таямнiца, якую разгадваць i разгадваць: чым болей ведаеш, тым больш хочацца пра iх даведацца. Вось ужо дзесяты сезон са сваiмi пчоламi. Якi гэта цiкавы занятак, якая мне, медыку па прафесii, аддушына. Тым больш месца ў мяне зручнае, каля самага лесу, ты нiкому не перашкаджаеш i табе нiхто. Сезон прайшоў — чакаеш новага. Сама ўсё раблю па догляду за пчоламi, мужу застаецца нешта падстругаць, паднесцi-аднесцi.
Гараць, свецяцца вочы гаспадынi-пчаляра, i так хочацца выказаць ёй нешта ўдзячнае:
— Зайздрошчу вашаму занятку, i хай вам самыя лепшыя, меданосныя пчолы трапляюцца.
А потым мне давялося пазнаёмiцца яшчэ з адной адметнай фiгурай пчалярскага цэху Лiдзiяй Грышчанка. Сама яна гарадская, а пчол трымае на ўчастку ў вёсцы Данiлаў Мост. Там нiбыта месца адпачынку, але ж якi гэта адпачынак – два дзесяткi пчалiных сем’яў! Пчалярствам яна захапiлася яшчэ ў пачатку васьмiдзесятых... «Ды я напачатку, — расказвае Лiдзiя Грышчанка, — баялася падысцi да пчол. Муж займаўся гэтай справай. Я яму то рамкi, то дымакур паднясу, яшчэ якiя прылады. I з маскай, i без працавала. Вось так i асмялела. А чаго баяцца пчол: ты да iх з дабром, дык яны табе ў сто разоў больш аддадуць! А потым, калi засталася адна, пачала сама пчоламi займацца. Было, што да сарака сем’яў трымала».
— Цi адбiлася анамальная спякота на колькасцi i якасцi мёду?
— Нягледзячы на гарачае лета, мёд ёсць. Хопiць i дзецям, i родзiчам. А яшчэ на продаж застаецца, прымала ўдзел у мядовым кiрмашы, якi праводзiўся днямi ў гарадскiм Палацы мастацтваў, – трэба ж апраўдаць выдаткi!
Пра пчаляра з вёскi Шараёўшчына Раiсу Кiслую хацелася б сказаць асобна. Яна ў свой час цяжка хварэла... Пачалося лячэнне. «Мы з таго свету, — казалi ўрачы, — вас выцягнулi, а канчаткова могуць паставiць на ногi пчолы. Вам трэба завесцi з iмi сяброўства». Ёй гэта не складала асаблiвых цяжкасцей, бо яе бацька — вядомы ва ўсiм наваколлi пчаляр. Шмат чаму ў яго навучылася, а калi блiзкага чалавека не стала, перавезла пчальнiк з Кiраўскага ў Бабруйскi раён. Дзесяць пчалiных сем’яў. Тры дзесяткi гадоў з iмi. «Iншы раз падстаўляюся iм, каб уджалiлi, — расказвае Раiса, — арганiзм гэтага патрабуе, якi прызвычаiўся да такiх «уколаў». Ды i не толькi гэта: выкарыстоўваю ў лячэбных мэтах мёд i iншыя пчалiныя прадукты. Пчолы далi мне другое жыццё, я iм абавязана. Ну а што вывучыла пчол, дык i казаць не даводзiцца, па знешняму выгляду бачу, у якiм яны стане, што трэба, каб узняць iм «настрой». Па аптэках зараз не хаджу, мае лекi – пчолкi. У мяне чатыры дачкi, ёсць унукi i нават праўнук. Канешне, усiх iх забяспечваю салодкай прадукцыяй. Аднак толькi аднаго хачу — каб хто з нашчадкаў прадоўжыў маю пчалярскую справу!»
— Я магла б назваць не адно iмя жанчын-пчаляроў, — гаворыць галоўны спецыялiст па пчалярстве Бабруйскага райсельгасхарчу Марыя Карабанава. – Узяць хаця б Веру Рубан з вёскi Карытнае суседняга Асiповiцкага раёна, якая прафесiйна займалася пчоламi i трымала больш за паўсотнi сем’яў (цяпер яе справу працягвае сын Генадзь). Цi вось Алена Цiтова, якая працуе намеснiкам дырэктара фабрыкi «Чырвоны харчавiк», зацяты пчаляр, малады аматар «мядовай справы» з пасёлка Кiсялевiчы Наташа Несцяр i iншыя. Калi раней былi адзiнкi жанчын-пчаляроў, то цяпер лiк вядзецца на дзесяткi. Жанчыны больш патрабавальныя да сябе i той справы, якой займаюцца, у iх i ў вуллях парадак, i на пчальнiку, усе патрабаваннi, якiя прад’яўляюцца па пчалярскай частцы, выконваюць. Па-рознаму прыходзяць у пчалярства, а болей з зацiкаўленасцi, яно становiцца не проста хобi, а сэнсам жыцця. Аматары «салодкай справы» iмкнуцца асвойваць новыя падыходы ў пчалярстве, бяруць на ўзбраенне ўсё лепшае. Ды i я сама не хачу адставаць ад сваiх калег, трымаю на дачы ў Бiбкаўшчыне з дзесятак пчалiных сем’яў. Гэта i мая праца, i захапленне... Адно магу сказаць: без гэтага жыццё было б нецiкавым.
Так што запрашаем жанчын у пчаляры, да гэтага цiкавага, рамантычнага занятку. Пабачыце, не пашкадуеце, а мы, больш вопытныя калегi, заўжды гатовы аказаць неабходную дапамогу, падтрымку.