Прагная да ведаў і вершаў. Канстанцыя Шаховіч з Заслаўя складае прыпеўкі і піша вершы, збірае фальклор і аднаўляе нацыянальныя абрады, складае п'есы і ставіць батлеечныя спектаклі
Канстанцыя Шаховіч лічыць: калі знайшоў у сабе нейкую Божую іскарку, павінен яе развіваць. А пачалася ўся яе творчасць, не паверыце... з дзіцячай варожасці. – У класе трэцім гэта было, – успамінае Канстанцыя Лявонаўна. – Не сябравалі мы з нашымі хлапчукамі. Дзяўчынкі ведалі, што я добра пішу сачыненні, і папрасілі скласці на самых задзірыстых аднакласнікаў прыпеўкі. У мяне атрымалася. Тады ўпершыню адчула ў сябе здольнасць да рыфмоўкі.
Але не заўсёды атрымліваецца рабіць тое, што хочацца. Пасля школы трэба было хуценька атрымаць адукацыю, каб ісці зарабляць на хлеб. Яна выбрала настаўніцкі шлях. Спачатку атрымала сярэднюю і дзве вышэйшыя адукацыі, затым выкладала і кіравала школай у Докшыцкім раёне. У 75-м мужа-чыгуначніка перавялі на станцыю Беларусь, у Заслаўе. Прыйшлося амаль што наноў пачынаць жыццё. Незнаёмыя школа, вучні, людзі... Аднак Канстанцыя Лявонаўна хутка ўлілася ў новую атмасферу. Не толькі добрым настаўнікам была — працавала ў клубе “Спадчына”: праводзіла з дзецьмі нацыянальныя абрады. Выступала ў гурце “Залаты голас”. І зараз заспявае Шаховіч — дрыжыкі прабягуць па целе: такі мілагучны і чысты яе голас.— Я з дзяцінства спяваю, — расказвае Канстанцыя Лявонаўна. — У Заходняй Беларусі, дзе я нарадзілася, усе спявалі, і старыя, і малыя... І мяне розным песням вучылі. Памятаю, выйду на двор, а там жанчынкі на лаўках сядзяць, просяць: “Паспявай нам...” А ў мяне так і затрасуцца калені, рукі. Пакуль увайду ў сілу. Першы куплет для мяне заўсёды быў выпрабаваннем. Нават зараз скура “агурочнай” робіцца.Выйшаўшы на пенсію, Канстанцыя Лявонаўна не стала сядзець склаўшы рукі. Пайшла працаваць у гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўе”. Прагная да ведаў і ўсяго новага, яна заваліла свой стол падручнікамі па гісторыі. Чытала, канспектавала, каб, як кажуць, быць у тэме. А пасля нават экзамен на экскурсавода па Беларусі здала. 500 пытанняў! Не кожны малады такое вытрымае. Хутка аказалася, Канстанцыя Лявонаўна здольная не толькі да гісторыі і музейнай справы — яна паспрабавала сябе ў ролі батлейшчыцы. І ў яе атрымалася! Не толькі адначасова тузаць лялькі за вяровачкі, але і агучваць іх рознымі галасамі. Аднолькава добра ў яе атрымліваюцца і грозны цар Ірад, і пісклявае чарцяня, і душэўны анёл. Цяжка паверыць, што іх агучвае адзін чалавек. Таму маленькія аматары заслаўскай батлейкі часта спрабуюць заглянуць падчас спектакля за шырму, праверыць: колькі ж там людзей? З лялькамі батлейшчыца важдаецца, як з роднымі дзецьмі: паправіць прычоску, сшые новы касцюм, а каму і новую ролю прыдумае. Тым больш што спектаклі Шаховіч піша сама. Гэта “Цар Ірад”, “Чырвоны капялюшык”, “Развітанне з пачатковай школай”, “Рагнеда”, “Марозка” і іншыя. Усе п’есы напісаны лёгкай рыфмаванай мовай, часта жартаўлівай. Відаць, яшчэ ад дзіцячых частушак пайшло. Шмат іх Канстанцыя Лявонаўна складае і зараз. Уводзіць іх у п’есы і пастаноўкі абрадаў, да прыкладу, вясельнага:І ты сват, і я сват,Давай вернемся назад,За сталамі пасядзімДы на дзевак паглядзім.
Далі есць, далі піць,Далі пагуляці.А як сталі танцаваць Цесна стала ў хаце.І нават падчас экскурсій у музеі не дае сумаваць наведвальнікам. Калі расказвае пра экспазіцыю музычных інструментаў, спявае штосьці на ўзор:Балалаечка гудзіць,Пайду мілага будзіць.Хоць яго не разбуджу —На соннага пагляджу.— Мне падабалася праца ў школе. Але гэта, сённяшняе, нашмат цікавейшае, — прызнаецца Канстанцыя Шаховіч. — Раней мне проста не хапала часу на творчасць, планы, сшыткі і гэтак далей.А зараз варта толькі паглядзець на кіпу запісаў Канстанцыі Шаховіч, каб зразумець, што яна на сваім месцы, займаецца тым, што падабаецца самой і ацэньваюць іншыя. Тут прыпеўкі, п’есы, абрады і нават забабоны для цяжарных жанчын і маладых матуль, якія ёй дасталіся ў спадчыну ад бабулі-павітухі. Напрыклад, мяне Канстанцыя Лявонаўна навучыла, як павінна размаўляць маці падчас першага кармлення дзіцяці (а раптам спатрэбіцца!):Еш, дзіцятка, прыбывай,Сілы, моцы набірай,Маю радасць памнажай.Буду песню табе пецьІ на тварык твой глядзець.Буду думаць і гадаць,Якім іменем назваць.