Ці ёсць на небе зорка БРСМ?
Хто з нас не марыў дастаць каханаму чалавеку зорку з неба! Ну, калі не дастаць, то хаця б проста падарыць.
А калі і падарыць не ўдасца, то можна хаця б назваць якую зорку імем каханага, і няхай аб вашых пачуццях ведаюць дзясяткі пакаленняў тых, хто глядзіць на неба!
Колькі гэта каштуе?
Кемлівыя прадпрымальнікі даўно падхапілі ідэю, і ўжо ў метро можна сустрэць абвесткі кшталту «зорка ў падарунак, купіць зорку, зорны падарунак…», дзе за пэўную плату вам прапаноўваюць неймавернае — назваць адно з нябесных свяцілаў імем, якое вы прапануеце. Цэны на такую «прадукцыю» немалыя — ад 25 еўра за зусім слабыя зоркі да многіх соцень за тыя, што ледзьве бачныя без тэлескопа. А калі вы захочаце прыгожыя сертыфікаты ў рамачках, запіс гуку зоркі (цікава, а што такое «гук зоркі»?), трохмерныя карты наваколля і «пашпарт» зоркі, будзьце гатовыя да гэтай сумы дадаць яшчэ некалькі соцень ці нават тысяч еўра.
Асцярожна, аферысты!
Няўжо гэта легальна? На сайтах большасці з такіх фірм вы абавязкова знойдзеце раздзел «Прававая аснова», дзе вам патлумачаць, што такая дзейнасць цалкам легальная. Праўда, афіцыйна яна будзе называцца чымсьці накшталт «выраб сувенірнай прадукцыі астранамічнай тэматыкі». Могуць нават даць спасылкі на патэнт, якім забяспечваецца дзейнасць фірмы. Але калі паглядзець на сам патэнт, то ён будзе выдадзены, напрыклад, на «Атракцыён «Турыстычны касмічны комплекс».
Гандаль зоркамі набыў такую папулярнасць, што нават Міжнародны астранамічны саюз (МАС) надрукаваў адкрыты ліст, дзе тлумачыць, што не мае ніякага дачынення да найменавання зорак і выдачы сертыфікатаў. Нагадаем, што МАС — найвышэйшы орган у астранамічнай наменклатуры, менавіта ён навёў парадкі сярод назваў і межаў сузор’яў у 1922 годзе, пазбавіў Плутон статуса планеты ў 2006-м і ўвёў тэрмін «плутоід». Са словаў прадстаўнікоў МАС, на небе існуе каля 300 зорак, што маюць уласныя назвы, якія захаваліся ад старажытных арабаў, грэкаў і рымлян. Калі мы пачнём даваць імёны тысячам зорак, хто ж іх запомніць?
Праўда, і самі фірмы гэта прызнаюць. Калі вельмі ўважліва чытаць між радкоў, то нават на сайтах «зорных крамаў» можна ўбачыць, што за вашыя грошы вы атрымаеце толькі назву зоркі ў камерцыйным каталозе, якім не карыстаецца ні адзін прафесійны астраном, і прызнае назву вашай зоркі толькі фірма, якая вам яе прадала. Канкурэнты ж гэтую зорку, хутчэй за ўсё, «прададуць» камусьці іншаму.
Хто купляе зоркі?
Сярод тых, хто купіўся на прыгожую рэкламу, не толькі простыя людзі. Напрыклад, на замову Расейскай праваслаўнай царквы, у 2000 годзе фірмай «Міжнародны зорны каталог» адной з зорак Вялікай Мядзведзіцы была прысвоена назва «Віфлеемская», а яе кампаньёну было дадзена імя «Ісус» (аб гэтым паведамляе сайт фірмы).
У Магілёве на Плошчы зорак побач з бронзавым астраномам з’явілася шыльда з паліраванага каменя, якая паведамляе, што адна з зорак Вялікай Мядзведзіцы цяпер называецца… «Зорка БРСМ»! Такі незвычайны «падарунак камсамольцам-нашчадкам» вырашылі зрабіць актывісты абласной арганізацыі. Што ж, ці ацэняць такі падарунак нашчадкі — пакажа час, а вось прадпрымальныя аферысты, у чые кішэні перайшлі некалькі мільёнаў бюджэтных грошай — ацэняць дакладна!
Дарэчы, нават у самай перадавой установе адукацыі — БДУ — ужо больш за дзесяць год красуецца стэнд, які паведамляе, што адной з зорак Андрамеды прысвоена назва «Зорка БДУ» (цяпер гэты стэнд можна ўбачыць у музеі ўніверсітэта). Дарэчы, гэтая зорка была «куплена» нават насуперак патрабаванням абсерваторыі БДУ, якая імкнулася адгаварыць універсітэт ад такой сумнеўнай акцыі.
Дык што ж падарыць?
Многія скажуць — гэтыя навукоўцы ўсё раскрытыкуюць, знішчаць усю рамантыку і прывабнасць неба! Што ж цяпер падарыць каханаму чалавеку? Насамрэч, найлепшы падарунак — гэта само начное неба. Лепш выедзьце далёка за горад і пакажыце сваёй другой палове сапраўднае ззянне Млечнага Шляху — Шляху Продкаў, абрысы сузор’яў, раскажыце легенды пра іх — будзьце ўпэўнены, такія падарункі ацэніць кожны!
Віктар Малышчыц, астраном