Ці можа Грунвальд стаць асновай нацыянальнай самасвядомасці?

Источник материала:  
04.08.2010 15:03 — Новости Общества
Ці можа Грунвальд стаць асновай нацыянальнай самасвядомасці?Ці ў стане Грунвальдская бітва замяніць сабой канцэпт Вялікай Айчыннай вайны, якія перспектывы выкарыстання гэтай падзеі дзеля канструявання нацыянальнай свядомасці беларусаў – гэтымі ды шматлікімі іншымі пытаннямі быў вызначаны курс дыскусіі паміж удзельнікамі круглага стала “Грунвальдская бітва: геапалітычныя наступствы і ўплыў на сучаснасць”, які адбыўся 20 ліпеня ў Мінску.

Грунвальд беларусам трэба “адваёўваць” у сучасных палякаў і літоўцаў

Як адзначыў падчас дыскусіі гісторык Алег Дзярновіч, крыніцазнаўчая база для даследавання падзеі вельмі сціплая. Няма еднасці ў беларускіх гісторыкаў і наконт назвы – ці то бітва пад Грунвальдам, ці то пад Дуброўнаю, як падае адна з нешматлікіх беларускіх крыніцаў пра падзею – “Хроніка Быхаўца”. Няма адназначнага адказу і наконт ролі лідэраў хаўруснікаў – Вітаўта і Ягайлы: чый удзел быў больш вызначальны ў здабыцці перамогі? Алег Дзярновіч схіляецца да думкі, што роля Ягайлы незаслужана заніжаная, што менавіта гэты лідэр падчас бітвы ўвасабляў сабой цэнтр стабільнасці, дзякуючы чаму перамога і аказалася на баку славянаў.

Перспектывы выкарыстання ідэалагемы Грунвальду з мэтай сфармаваць нацыянальную свядомасць беларусаў ускладняюцца яшчэ і тым, што заслугу перамогі прыйдзецца адваёўваць у сучасных палякаў і літоўцаў, якія замацавалі яе за сабой і ў навуковым, і ў мастацкім полі. У палякаў менавіта іх інтэрпрэтацыя падзеі рэпрэзентаваная ў творчасці Нобелеўскага лаўрэата па літаратуры Генрыка Сенкевіча.

Наколькі тагачасная падзея ў стане аб’яднаць сучасныя народы, калі беларускі бок быў даволі сціплым удзельнікам галоўнага сёлетняга святкавання ў Польшчы? Ці зможа гэты акт супольнага змагання шэсць стагоддзяў таму выключыць сённяшнія ўзаемныя супярэчнасці паміж палякамі, літоўцамі ды беларусамі? Нарэшце, наколькі сучасныя нацыянальныя інтарэсы ў кантэксце еўрапейскай інтэграцыі сугучныя вайне 1409–1411 гг.? Магчыма, гэтая падзея і можа злучыць сучасных палякаў, літоўцаў і беларусаў, калі будзе адбывацца супольная “перапрацоўка мінулага”, што выходзіць за межы нацыянальных гісторыяў.

Грунвальд аддаліў беларусаў ад Еўропы?

У свой час бітва стварыла пэўны дысбаланс у стасунках паміж Польшчай і ВКЛ на карысць першай. Для Каралеўства Польскага вынікі Грунвальду былі больш карысныя ў доўгатэрміновай гістарычнай перспектыве. Менавіта яна пазбавілася сур’ёзнага ворага, што дало магчымасць весці больш рашучую і мэтанакіраваную палітыку ў дачыненні прасоўвання сваіх інтарэсаў у ВКЛ.

А вось паводле меркавання Яна Максімюка, выказанага ў ягоным блогу на сайце радыё Свабода, перамога ў гэтай бітве наўпрост аддаліла нас ад Еўропы, абумовіла развіццё ў іншым палітычным абшары.

Пад сумнеў сёння ставяцца і магчымасці канструявання нацыі ва ўмовах глабалізацыі, як і магчымасці міфу, які не ёсць тым ключавым фактарам фармавання свядомасці і ўсё часцей падважваецца, аператыўна абвяргаецца антыміфамі.

Гісторыя Грунвальду дала багатую глебу для стварэння нацыянальных сімвалаў і міфаў у іншых народаў. Шлях гэты можна прасачыць.

Як памяць пра Грунвальд у розных краінах спрыяла развіццю гістарычнай свядомасці

Узнаўленне памяці пра Грунвальдскую бітву ў свядомасці палякаў адбывалася напярэдадні 500-годдзя адзначэння перамогі ва ўмовах адраджэнскага і незалежніцкага руху пачатку ХХ ст.

У незалежнай Літве ў міжваенны перыяд нацыянальным сімвалам зрабілася постаць Вітаўта. Менавіта ягонай гістарычнай ролі прысвячалася ўвага даследчыкаў, мастакоў, літаратараў. Для асноўных актораў канструявання нацыянальнай свядомасці ў ХХ ст. такі падзел на ВКЛ і Карону быў зручным, што давала падставу для “размеркавання??? пэўных гістарычных сімвалаў паміж палякамі і літоўцамі. Умовы незалежнасці гэтаму спрыялі і рабілі такую нацыянальную палітыку неабходнаю.

Нацыянальны рух у Беларусі быў згорнуты ў сітуацыі савецкай палітыкі. Магчымасцяў для стварэння і шанавання ўласных нацыянальных сімвалаў практычна не існавала. У найноўшай гісторыі Грунвальдская бітва ў свядомасці беларусаў зафіксавалася дзякуючы публіцысту і гісторыку Кастусю Тарасаву.

Нацысты шанавалі памяць пра Грунвальд, але са сваім зместам

У нямецкую гістарыяграфію назва падзеі ўвайшла паводле мясцовасці Танэнбэрг. Нямецкі прыклад міфалагізацыі бітвы ў пазнейшыя часы ўяўляе з сябе замкнёны цыкл, калі падзея жывіла нацыяналістычныя пачуцці ажно да паразы Нямеччыны ў Другой сусветнай вайне. Гісторыя гэтага міфу ў нямецкай свядомасці кароткая, але даволі яскравая. Немцам другі раз давялося згадаць бітву 1410 г. у жніўні 1914 г. у звязку са станоўчым вынікам у вайне з царскаю Расіяй, калі нямецкае войска пад кіраўніцтвам Гіндэнбурга і Людэндорфа здабыла ашаламляльную перамогу над расійскім войскам, якое ўзначальваў Самсонаў. Бітва адбылася непадалёк таго самага Танэнбэргу, таму атрымала тую ж назву і адразу набыла ў свядомасці немцаў канатацыі рэваншу за першы Танэнбэрг.

Падзея гэтая ў значнай ступені вызначыла паспяховасць прыходу да вышэйшай улады Гіндэнбурга, і ў 1924 г. адбыліся першыя захады на шляху мемарыялізацыі бітвы. У 1927 г. быў створаны грандыёзны манумент, які стылістычна нагадваў мегалітычныя збудаванні Стоўнхэнджу. Гіндэнбурга пахавалі ў гэтым жа месцы ў 1934 г. Адмыслова стварылі алею, якая складалася з 1500 дубоў. Мясцовасць набыла культавы сэнс для Гітлера, зрабілася адным з асноўных помнікаў нацысцкай Германіі. З прыходам савецкіх войскаў у 1945 г. немцы знішчылі мемарыял, а парэшткі Гіндэнбурга перавезлі ў Мальбарк. Саветы ж скарысталіся з гэтай магчымасці, каб узнавіць у свядомасці людзей падзею 1410 г. і паразу немцаў.

Гісторыя другога нямецкага Танэнбэргу польскі публіцыст Яцэк Паўліцкі згадаў на старонках “Газеты Выборчай” у звязку з цяперашнім святкаваннем 600-годдзя бітвы. Аўтар артыкулу звярнуў увагу на тое, як у звязку з мемарыялізацыяй падзеі і адпаведнай мясцовасці, немцы ў тыя часы стварылі адмысловую інфраструктуру грамадзянскага ўжытку, што на дзесяцігоддзі павысіла сацыяльны і гаспадарчы ўзровень населенага пункту Танэнбэрг, што адчуваецца і дагэтуль.

Арганізацыя ж афіцыйнага святкавання ў Польшчы ў сваю чаргу выклікала вялікія нараканні ўдзельнікаў, звязаныя з дрэнным забеспячэннем руху, з кепскімі лагістычнымі і сервіснымі ўмовамі для турыстаў і ўдзельнікаў гістарычнай рэканструкцыі. Шмат нараканняў можна было пачуць менавіта ад рыцараў, якія непасрэдна займаліся рэканструкцыяй бітвы, што і надало яскравасці і велічнасці імпрэзе ды забяспечыла масавы прыток турыстаў.

Хто змагаўся пад Грунвальдам паводле найноўшых версіяў

Да таго ж, правядзенне імпрэзы супала з Еўрапрайдам, які праходзіў у Варшаве. У інтэрпрэтацыі некаторых палітыкаў святкаванне Грунвальдскай бітвы такім чынам займела палярнае значэнне – акурат тут мусілі быць палякі “сапраўдныя”, з “шчырых каталікоў”. Праўда, тая акалічнасць, што пад Грунвальдам нашыя продкі змагаліся з манахамі-каталі??амі, якімі і былі тэўтонскія рыцары, неяк не згадваецца. Адзін з плакатаў удзельнікаў Еўрапрайду ў адказ на такія закіды змяшчаў наступны надпіс: “Геі таксама змагаліся пад Грунвальдам”. Супрацьпастаўленне гэтых імпрэзаў кажа пра набыццё зусім іншай сэнсавай афарбоўкі падзеі.

Відавочна, што сёння гістарычная падзея можа атрымліваць зусім іншыя, не толькі ідэалагічныя і палітычныя, але і сацыялагічныя канатацыі. Гістарычная рэканструкцыя з нагоды 600-годдзя Грунвальдскай бітвы стала масавым відовішчам, забаўляльнай імпрэзай, якая прыцягвае замежных турыстаў. Такая перспектыва стаўлення да падзеі сёння і вымалёўваецца. Усё гэта, тым не менш, адбіваецца на агульным вобразе нацыянальнай свядомасці, які базуецца і на міфе, і на розных акалічнасцях яго эксплуатацыі ў свядомасці грамадства.

←Историк и писатель отвечают на тестовые задания ЦТ TUT!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика