Каб зрабіць аперацыю сястры Быкава, мінская прафесарка выйшла з адпачынку

Источник материала:  
03.08.2010 13:30 — Новости Общества
Валянціну Быкаву, якая зусім саслепла, уратавала лекар 10-й клінікі Таццяна Імшанецкая 

Сястра Васіля Быкава Валянціна Ўладзіміраўна жыве адна ў вёсцы Ваўчо, што пад Вушачамі. Ёй 83 гады, і апошні год спадарыню пераследуюць праблемы са зрокам. У мінулым годзе Валянціне Ўладзіміраўне зрабілі аперацыю ў Мінску – перамаглі катаракту, уставілі штучны крышталік. Паўгады жанчына бачыла, але пасля пачала корпацца ў агародзе (што лекары забаранілі) – і атрымала адслаенне сятчаткі, амаль цалкам саслепла, магла адрозніваць толькі святло і сілуэты людзей. Віцебскія лекары сказалі: аперацыю зробім, але ніякай гарантыі няма, што не саслепнеце дарэшты. Дапамагла народная артыстка Беларусі, славутая тэлевізійная дыктарка Зінаіда Бандарэнка, якая дамовілася на аперацыю ў вядомай мінскай прафесаркі.

Зінаіда Бандарэнка: “Яе аперыравала Таццяна Аляксандраўна Імшанецкая, прафесар 10-й клінікі. У яе была адслойка сятчаткі. Пасля першай аперацыі, якая была зроблена ў 3-й клініцы, калі ёй прыбралі катаракту, уставілі крышталік, было вельмі добра, паўгады яна бачыла, але потым, як усе сялянскія жанчыны… Прыйшла вясна, ёй градка трэба – пайшла ў гарод, узяла тое, гэта, вядро, бульбачку пасадзіла. І вось такое ў яе атрымалася”.

Валянціна Ўладзіміраўна шчаслівая: аперацыя вярнула ёй зрок!

Валянціна Быкава: “Аперыравалі мяне. Цяжкая была аперацыя, балючая. Але нічога, вытрымала. Аперацыя хвілін 40 ішла. Дзякуй Богу, бачу цяпер! Дапамагло! Бачу – і нумар тэлефона магу цяпер набраць, і каля сябе бачу лепей!..”

Валянціна Ўладзіміраўна дужа перажывае, што мінулы раз не паслухалася лекараў, пачала працаваць на агародзе. Цяпер, кажа сястра Васіля Быкава, яна будзе адказна выконваць наказы прафесаркі Імшанецкай.

Валянціна Быкава: “Сказала, што мне цяпер трэба высцерагацца дужа. Не трэба нічога такога рабіць, згінацца не трэба, падымаць цяжкасці. Карацей, сільна высцерагацца. Я ж цяпер сяджу ды ляжу, болей нічога не раблю. Толькі есці згатую, але дужа не сагінаюся, памаленьку каля пліты. На двор нават выходжу толькі пасядзець, на сяло толькі вечарам схаджу да суседа, трошкі пасяджу”.

Валянціна Ўладзіміраўна вельмі ўдзячная Зінаідзе Бандарэнцы, якая ўжо другі раз ратуе яе ад слепаты.

Валянціна Быкава: “Аперацыю памагла арганізаваць Зіна Бандарэнка. Яна мне і наперад званіла, але я троху вагалася. І тады Зіна сказала, што Імшанецкая сказала, што “надзея ёсць”. Не так, як гэтыя мне ў Віцебску сказалі, што гарантыі няма. А сказала, што надзея ёсць. Тады мяне Зіна ўгаварыла, дамовілася з імі, прыслалі машыну яны па мяне ад Мілінкевіча. У Зіны пераначавала, а назаўтра завезлі мяне ў бальніцу. Праўда, гэтая прафесар была ў водпуск пайшоўшы, але ўжо як яны дамовіліся, дык яна той дзень прыйшла з водпуска. І яна мяне па бальніцы, усе кабінеты сама за руку разам з Зінай вадзіла. Назаўтра мяне аперыравалі. Так добра ўсё, я рада, што сама каля сябе бачу ўсё, у хаце бачу, на дварэ бачу, на вуліцы бачу”.

Зінаіда Бандарэнка абураецца: як віцебскія лекары маглі так наўпрост сказаць 83-гадовай жанчыне, што ніякай гарантыі няма?!

Зінаіда Бандарэнка: “Ну а што ў Віцебску, калі прыязджае проста так чалавек? Прыехала з вёскі жанчына, 83 гады. Вось стаўленне дактароў: “Ну давайце будзем аперыраваць, але гарантыі ніякай”. Ну хіба можна так гаварыць?! Ну канешне – яна ўжо вярнулася дахаты і пачала сябе выхоўваць і прывучаць да таго, што яна будзе жыць усё жыццё астатняе сляпая”.

Цяпер Валянціна Быкава адпачывае ад перажытага ў роднай хаце, у вёсцы Ваўчо. Кажа, што тут ёй дыхаецца лепей, чым у Мінску.

Валянціна Быкава: “А Зіна пасля бальніцы забрала мяне да сябе, яшчэ я тры дні ў Зіны была. А я такая слабая была з бальніцы, не магла, ногі калаціліся мае. Але Зіна мяне адкачала троху, і во я ўжо цяпер сілы набіраю дома. Дома ж лепей, у горадзе там не было чым дыхаць, такое паветра цяжкае. А тут у вёсцы, хоць і горача, але затое паветра добрае”. 

Каб зрабіць аперацыю сястры Быкава, мінская прафесарка выйшла з адпачынку
Страціўшы зрок, Валянціна Ўладзіміраўна ўжо змірылася, што па хаце цяпер трэба перасоўвацца навобмацак...

Каб зрабіць аперацыю сястры Быкава, мінская прафесарка выйшла з адпачынку
Аднак Зінаіда Бандарэнка ўзяла сітуацыю ў свае рукі -- і арганізавала для сястры Васіля Быкава аперацыю ў Мінску

Каб зрабіць аперацыю сястры Быкава, мінская прафесарка выйшла з адпачынку
Цяпер Валянціна Быкава не нарадуецца: яна зноўку бачыць свет вакол сябе!

Каб зрабіць аперацыю сястры Быкава, мінская прафесарка выйшла з адпачынку
Валянціна Ўладзіміраўна цяпер можа сама прыгатаваць сабе есці

Каб зрабіць аперацыю сястры Быкава, мінская прафесарка выйшла з адпачынку
"Бачыць свет навокал -- вялікае шчасце", -- кажа Валянціна Быкава.



←КХП-БНФ адновіць памятную шыльду ў Курапатах у суботу

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика