У Мінску больш не будзе прафтэхвучылішч

Источник материала:  
23.07.2010 13:15 — Новости Общества
У сталіцы ўступная кампанія ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі не менш гарачая, чым само сёлетняе лета. У першыя тыдні прыёму дакументаў у прафтэхустановы план выкананы больш чым на палову.

Але, як заўважыла начальнік аддзела прафесійнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Алена Іванаўна Чарных, не ўсё так проста ў гэтым годзе. Справа ў тым, што колькасць выпускнікоў школ як 9, так і 11 класаў у параўнанні з мінулым годам сёлета істотна скарацілася. (Як вядома, шматлікі выпуск школ у мінулым годзе звязаны з пераходам агульнаадукацыйных устаноў на 11-гадовы тэрмін навучання, калі адначасова былі выпушчаны звычайныя і штрых-класы.) Таму відавочна, што ўкамплектаваць вучэбныя групы ў прафтэхустановах па найменш папулярных прафесіях сярод моладзі хутка і без праблем не ўдасца.

Алена Іванаўна адзначыла, што ў камітэце па адукацыі былі гатовы да такой сітуацыі. Усе кіруючыя органы і непасрэдна навучальныя ўстановы на працягу ўсяго года імкнуліся як мага эфектыўней правесці прафарыентацыйную работу сярод школьнікаў і выпускнікоў школ. Ніводная агульнаадукацыйная ўстанова не засталася ўбаку ад гэтай работы. Кожная школа імкнулася разнастаіць прафарыентацыю сярод падлеткаў, далучыць да гэтай работы вытворчыя прадпрыемствы і арганізацыі. Традыцыйнымі сталі экскурсіі школьнікаў на мінскія прадпрыемствы, сустрэчы з іх кіраўнікамі, з рабочымі і спецыялістамі. Апошнім часам і заказчыкі кадраў сталі наведваць навучальныя ўстановы і выступаць перад педагогамі, школьнікамі і іх бацькамі. Неардынарнай падзеяй у горадзе можна назваць правядзенне агульнагарадскога бацькоўскага сходу, выстаўкі “Адукацыя і кар’ера”, дзе пытанне “Куды пайсці вучыцца выпускнікам школ?” стаіць на першым месцы. А ў рэгіёны краіны з забаўляльнымі і інфармацыйнымі мерапрыемствамі выязджаюць агітбрыгады. Набывае ўсё большую папулярнасць рэспубліканскі часопіс па прафарыентацыйнай тэматыцы “Кім быць”, на старонках якога выступаюць кіраўнікі прадпрыемстваў і навучальных устаноў.

У Мінску сёння налічваецца 25 устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, з іх 10 прафесійна-тэхнічных каледжаў, 5 прафесійных ліцэяў і 10 прафесійна-тэхнічных вучылішч. У іх навучаюцца больш за 16 тысяч навучэнцаў.

Але з новага навучальнага года ў Мінску не застанецца ніводнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча. Яны набудуць статус новых тыпаў навучальных устаноў — прафесійных ліцэяў і прафесійна-тэхнічных каледжаў. Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама плануе да 1 верасня перайменаваць 9 прафесійна-тэхнічных вучылішч у прафесійныя ліцэі і адно вучылішча — у прафесійна-тэхнічны каледж мантажных і пад’ёмна-транспартных работ.

Акрамя таго, Мінскі прафесійна-тэхнічны каледж сферы абслугоўвання будзе перайменаваны ў Мінскі каледж сферы абслугоўвання, у выніку чаго ён пераходзіць у статус сярэдняй спецыяльнай установы. З гэтага навучальнага года ён зможа ажыццяўляць навучанне на аснове агульнай базавай адукацыі з атрыманнем сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Гэта істотна адрозніваецца ад звыклай структуры навучання ў прафесійна-тэхнічным каледжы, дзе прадугледжана два ўзроўні адукацыі — на першай ступені навучэнцы маглі атрымліваць рабочую прафесію, а больш моцныя ў навучанні падлеткі атрымлівалі на другім узроўні сярэднюю спецыяльную адукацыю.

— Новыя тыпы навучальных устаноў дазваляюць больш поўна задавальняць патрэбнасці нашай моладзі, даюць магчымасць павышаць разрады выпускнікам і выпускаць больш кваліфікаваных рабочых,— падкрэсліла А.І.Чарных.— Так, у гэтых навучальных установах прадугледжана паглыбленае вывучэнне прафесійнага кампанента, павелічэнне колькасці гадзін на прадметы спецыяльнага цыкла.

У новым навучальным годзе будзе пашырана прафесійная падрыхтоўка тых навучэнцаў, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Акрамя тых навучальных устаноў, дзе раней ужо вялося навучанне такой катэгорыі падлеткаў, сёлета іх будуць прымаць у прафесійны ліцэй № 2 па прафесіі “Швачка”. Акрамя таго, у новым навучальным годзе па гэтай жа прафесіі будзе адкрыта інтэграваная група ў Мінскім прафесійна-тэхнічным каледжы лёгкай прамысловасці.

Свае асаблівасці прыёмнай кампаніі мае сёлета і Мінскі прафесійна-тэхнічны каледж кулінарыі.

— Сёлета наша ўстанова ўпершыню праводзіць прыём абітурыентаў на інтэграваную спецыяльнасць “Афіцыянт-бармен” з веданнем замежнай мовы, — расказала дырэктар каледжа Тамара Міхайлаўна Даліннік. — Патрэба ў такіх кадрах узнікала ўжо даўно, але асабліва актуальнай стала яна напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі, які адбудзецца ў 2014 годзе. Таму мы атрымалі заяўку ад прадпрыемстваў грамадскага харчавання падрыхтаваць кадры менавіта такога ўзроўню.

Сёлета ў каледжы збіраюцца прыняць дзве вучэбныя групы на гэтую спецыяльнасць. Але толькі за некалькі першых дзён прыёму было прынята больш за 50 чалавек.

— Да нас прыйшлі выпускнікі з даволі высокімі баламі ў атэстаце, — заўважыла Тамара Міхайлаўна. — Але ў першую чаргу мы звярталі нашу ўвагу на адзнаку па замежнай мове, таму што менавіта на веданні гэтага прадмета будзе базіравацца ўся прафесійная падрыхтоўка будучых афіцыянтаў і барменаў. З гэтай мэтай былі распрацаваны вучэбныя планы і праграмы. Для ўдасканалення навучання будуць арганізаваны факультатыўныя заняткі па замежнай мове.

Найбольш папулярнымі прафесіямі сярод мінскай моладзі па-ранейшаму застаецца цырульнік, слесар па рамонце аўтамабіляў, аператар банка.

Марына Валер’еўна Запольская, сакратар прыёмнай камісіі, майстар вытворчага навучання Мінскага каледжа сферы абслугоўвання, расказала, што ва ўстанове прыём дакументаў ад абітурыентаў цяпер ідзе ў два этапы. З 15 чэрвеня заявы прымаюцца на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Так, на спецыяльнасць “Работнік паштовай сувязі” прыём быў ажыццёўлены за самы кароткі тэрмін. Як бачна, выпускнікі школ па-ранейшаму аддаюць перавагу гэтай прафесіі.

З 15 ліпеня на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі праходзіць набор на прафесіі аперацыйна-касавай работы ў банку і тэхнічнага абслугоўвання кінаабсталявання і аўдыявізуальных сістэм. Аперацыйна-касавая работа карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод моладзі сталіцы. Толькі за адзін першы дзень прыёму на атрыманне гэтай прафесіі былі прыняты заявы ад 35 чалавек, а ўсяго трэба набраць 90 навучэнцаў. Улічваючы вялікі конкурс, сярод паступаючых будуць праведзены ўступныя экзамены па матэматыцы (кантрольная работа) і па рускай альбо беларускай мове (дыктоўка). Залічэнне адбудзецца па выніках праведзеных іспытаў. Сёлета ў прыёме па гэтай спецыяльнасці існуе адна асаблівасць: навучэнцы будуць прымацца адразу на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі з тэрмінам навучання тры гады.

Як падкрэсліла Алена Іванаўна Чарных, патрэбнасці Мінска ў рабочых кадрах не абмяжоўваюцца толькі самымі папулярнымі прафесіямі, таму трэба паклапаціцца, каб у поўным аб’ёме ўкамплектаваць навучальныя ўстановы іншых профіляў. Так, сёння, як і ў папярэднія гады, вытворчасці Мінска неабходны кадры ў сферы будаўніцтва і машынабудавання. На жаль, гэтыя прафесіі не вельмі прывабныя для выпускнікоў школ. Таму выканаць планы прыёму плануецца за кошт іншагародніх падлеткаў.

— Але, каб маладыя людзі з іншых рэгіёнаў прыехалі вучыцца ў Мінск, у першую чаргу ім трэба прадаставіць жыллё, — адзначыла Алена Іванаўна. — Таму з 1 верасня будзе адкрыты пасля капітальнага рамонту інтэрнат мінскага ПТВ № 38, які зможа прыняць маладых людзей з іншых гарадоў і вёсак нашай краіны. Акрамя таго, будзе функцыянаваць навучэнскі інтэрнат, які належыць прафесійнаму ліцэю №5. Паступова будуць прыводзіцца ў адпаведнасць патрабаванням інтэрнаты вучылішч №№ 23 і 148, якія прызначаны для пражывання навучэнцаў. Сёння ўжо абсталяваны пакоі для дзяцей-сірот і для тых падлеткаў, якія засталіся без апекі бацькоў.

Што тычыцца матэрыяльнага забеспячэння навучальных устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі Мінска, то ўзяты некалькі гадоў назад курс на стварэнне рэсурсных цэнтраў у сістэме прафтэхадукацыі будзе захоўвацца і ў бліжэйшыя гады. Так, у працяг работы ў гэтым кірунку на базе мінскага ПТВ № 63 плануецца адкрыць рэсурсны цэнтр па прафесіях будаўнічай галіны згодна з інвестыцыйным праектам па стварэнні спецыялізаванага вучэбнага падраз дзялення па тэхналогіях падлогавых пакрыццяў сумесна з калегамі з Германіі. З улікам гэтага будуць унесены змяненні ў пералік вучэбных прафесій і адзінкавых кваліфікацый прафтэхустаноў, якія рыхтуюць кадры для будаўніцтва.

Валерый Міхайлавіч Хасін, дырэктар Мінскага прафесійна-тэхнічнага каледжа электронікі, удакладніў, што сёлета ў каледжы ажыццяўляецца прыём навучэнцаў па спецыяльнасцях як прафесійна-тэхнічнай адукацыі, так і сярэдняй спецыяльнай. Так, да прыкладу, на аснове базавай адукацыі можна атрымаць на першым узроўні навучання прафесію “Аператар ЭВМ”, а на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі — “Тэхнік-праграміст інфармацыйных тэхналогій”. Той, хто выбера прафесію “Сакратар-дакументазнаўца”, можа на другой, сярэдняй спецыяльнай, ступені атрымаць прафесію сакратара-рэферэнта. Два ўзроўні навучання мае і прафесія наладчыка. Рыхтуюць у каледжы і выключна па рабочых прафесіях, такіх як станочнік, электрык.

У гэтым годзе ў каледжы будзе ажыццяўляцца падрыхтоўка па спецыяльнасці “Мехатроніка”. Як вядома, гэта зусім новая прафесія рабочага, якая прадугледжвае атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

— Адкрыццё прафесіі мехатроніка ў нашым каледжы цалкам апраўдана, — заявіў Валерый Міхайлавіч. — На нашым базавым прадпрыемстве “Інтэграл” (як, дарэчы, і на іншых вядучых прадпрыемствах) існуе навукаёмістая вытворчасць і высокатэхналагічнае абсталяванне, абслугоўваць якое ўжо не пад сілу звычайнаму рабочаму. Новы спецыяліст-мехатронік павінен акумуляваць у сабе спецыяльныя веды па механіцы, электратэхніцы, электроніцы, інфармацыйных тэхналогіях.

Трэба нагадаць, што ўпершыню падрыхтоўку па прафесіі мехатроніка распачаў прафесійна-тэхнічны каледж машынабудавання Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі. Але розніца ў тым, што там рыхтуюць мехатронікаў для металаапрацоўкі, а ў прафесійна-тэхнічным каледжы электронікі — для радыёэлектронікі.

— Мы будзем прымаць на гэтую спецыяльнасць падлеткаў з агульнай базавай адукацыяй, і за 4 гады навучання яны павінны будуць авалодаць ведамі і навыкамі па прафесіі мехатроніка, — адзначыў Валерый Міхайлавіч. — А ў перспектыве мы плануем заключыць дамоўленасць з БНТУ, каб у далейшым нашы выпускнікі змаглі паступіць на скарочаны тэрмін навучання па спецыяльнасці “Камп’ютарная мехатроніка”.

Як заўважыў В.М.Хасін, педагагічны калектыў каледжа разам са спецыялістамі Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі распрацаваў вучэбныя планы і праграмы для падрыхтоўкі мехатронікаў у новым навучальным годзе.

Да заканчэння прыёмнай кампаніі яшчэ даволі далёка, але сёння ёсць усе падставы меркаваць, што нашы падлеткі не пройдуць міма ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі і аддадуць перавагу рабочай прафесіі.



←Михневич: в решении визовых вопросов с ЕС больше обещаний

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика