Рашэнне аб вуліцы Быкава ў Гродне адкладваецца
У канцы чэрвеня шэраг СМІ распаўсюдзіў інфармацыю аб тым, што гарадская тапанімічная камісія Гродзенскага гарвыканкама прапанавала надаць адной з цэнтральных вуліц Гродна імя Васіля Быкава. Тады паведамлялася, што гэтае пытанне будзе разгледжана на бліжэйшым паседжанні гарвыканкама.
Такое паседжанне адбылося 21 ліпеня, аднак пытанне аб вуліцы імя Васіля Быкава на ім нават не абмяркоўвалася.Аб гэтым «НН» паведаміў кіраўнік аддзела культуры гродзенскага гарвыканкама Віталь Мамачкін. «Мы абмяркоўвалі пытанне павелічэння плошчы музея Васіля Быкава. Прынялі рашэнне выдзеліць яшчэ адзін пакой па тым жа адрасе — Савецкая, 31.
Пытанне аб наданні адной з цэнтральных вуліц Гродна імя Васіля Быкава не ўздымалася. Зразумейце — гэта доўгая справа. Спачатку тапанімічная камісія будзе абмяркоўваць, а потым іншыя структуры»,— паведаміў у размове з карэспандэнтам «НН» чыноўнік.
Разам з тым, у Гродна ўжо пачалі цыркуляваць чуткі, што ранейшае рашэнне тапанімічнай камісіі гарвыканкама выклікала незадаволенасць у Мінску, аб чым цэнтральныя ўлады неадкладна паведамілі гродзенскім. Такім чынам ранейшае рашэнне тапанімічнай камісіі стала неактуальным.
Нагадаем таксама, што на мінулым тыдні актывістамі кампаніі «Гавары праўду» ў Гродзенскі гарвыканкам былі пададзеныя больш чым 7 тысяч подпісаў жыхароў Гродна, якія хацелі б бачыць у сваім горадзе вуліцу імя Васіля Быкава. Адказ гарадзенскіх чыноўнікаў мае з’явіцца на працягу месяца.
Алесь Пілецкі