Пытанне “са сМАКам”

Источник материала:  
Пытанне “са сМАКам”

Ці магчыма наладзіць легальнае вырошчванне маку ў Беларусі?

Нядаўна ў рэдакцыю “НГ” патэлефанавала ўсхваляваная чытачка з Віцебскай вобласці Наталля Андрэеўна і запытала: чаму ў нашай краіне забаранілі вырошчваць мак? “Усё жыццё садзілі яго на сваім гародзе. Так рабілі і я, і мая маці, і ўсе нашы суседзі, а зараз трэба хавацца ад міліцыянераў, быццам мы нейкія зладзеі. А мы ж нічога дрэннага не хочам, толькі гатаваць смачныя кулінарныя стравы. Няўжо няма нейкага выхаду з гэтай сітуацыі?” – засмуцілася жанчына.

Па просьбе нашай паважанай чытачкі карэспандэнт “НГ” даведалася, чаму мак стаў у нашай краіне ледзь не ворагам нумар адзін; што трэба зрабіць, каб вырошчваць мак у Беларусі легальна; адкуль ён бярэцца ў тых жа булачках, якія прадаюцца ў магазінах.

Расліна “з прэтэнзіяй”

— У маім дзяцінстве ніхто не ставіўся да маку як да наркаўтрымальнай расліны, яго вырошчвалі як прыгожую кветку і для прыгатавання смачных пірагоў. Памятаю, як маці, ды ўсе жанчыны ў ваколіцы садзілі два віды гэтай расліны — з маленькімі і вялікімі галоўкамі, — узгадвае гендырэктар Навукова-практычнага цэнтра па земляробству Нацыянальнай акадэміі навук Фёдар Прывалаў. — Аднак зараз ніхто не будзе звязвацца з ім, бо не хоча праблем. Калі дзе і ўзыдзе мак-самасейка, законапаслухмяны чалавек яго абавязкова вырве.Паводле слоў спецыяліста, ніхто не займаецца ў нас і прамысловым вырошчваннем маку. Аднак легальна культываваць яго ў нашай краіне можна. Толькі пасеў і вырошчванне наркаўтрымальных раслін належыць да асобнага віду дзейнасці, якая павінна ліцэнзавацца. Як нам паведамілі ў Мінсельгасхарчы, ніхто з юрыдычных асоб ці індывідуальных прадпрымальнікаў за патрэбным дазволам не звяртаўся. Значыць, афіцыйна вырошчваннем маку ў Беларусі не займаюцца ні дзяржаўныя, ні прыватныя сельскагаспадарчыя арганізацыі. Чаму ж нікога не зацікавіў гэты бізнес?— Да вырошчвання наркаўтрымальных раслін прад’яўляюцца занадта высокія патрабаванні. Часта будуць наведвацца кантралюючыя службы, вось ніхто і не хоча гэтым займацца, — тлумачаць спецыялісты.

Толькі імпарт

Колькі ж мы завозім маку з-за мяжы? Як паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце, у мінулым годзе ў Беларусь было ўвезена каля 800 тон насення маку (на суму 1 млн 801,3 тысячы долараў, а сёлета закупілі ўжо больш за 500 тон (на крыху больш як 1 млн долараў). Мак выкарыстоўвае шэраг прадпрыемстваў, як прыватных, так і дзяржаўных. Сярод іх — хлебапякарні дэпартамента па хлебапрадуктах Мінсельгасхарчу, Белдзяржхарчапрам, Мінскхлебпрам, Белкаапсаюз. У асноўным пры вытворчасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў выкарыстоўваюць мак, які вырас у Турцыі і Чэхіі. Але чаму ў Чэхіі, напрыклад, могуць вырошчваць мак, а ў нас не?

Ценявая глеба

Насамрэч ахвотнікаў вырошчваць дробненькія чорныя зярняткі ў Беларусі хапае. Толькі на так званай ценявой глебе. Гэта пацвярджаецца штогод падчас правядзення спецыяльнай аперацыі “Мак”, накіраванай на барацьбу з распаўсюджваннем наркасыравіны.— У чэрвені знойдзена і знішчана 38 тон наркаўтрымальных раслін на плошчы каля 22 гектараў, больш чым у тры разы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, — нагадвае аператыўны супрацоўнік упраўлення наркакантролю МУС Беларусі падпалкоўнік Вячаслаў Трохаўцаў. — Самыя вялікія пасевы маку ў чэрвені выявілі ля вёскі Бакуны Гродзенскага раёна (2320 кілаграмаў на плошчы 8 гектараў) і на прысядзібным участку жыхара вёскі Маклішча Хойніцкага раёна (150 кілаграмаў на плошчы 150 квадратных метраў).Тым, хто вырошчвае наркаўтрымальныя расліны, давядзецца заплаціць штраф у памеры 20 базавых велічынь (гэта 700 тысяч рублёў). А калі вы гэта робіце яшчэ і з мэтай рэалізацыі, вам пагражае пазбаўленне волі да трох гадоў.

Небяспечнае пустазелле

Чаму ж міліцыянеры так змагаюцца з макам? Што ў ім такога небяспечнага?— Варта вітаць любыя меры, накіраваныя на зніжэнне ўжывання апіятаў, адных з самых распаўсюджаных наркатычных сродкаў у нашай краіне, — перакананы загадчык кафедры псіхіятрыі і наркалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Раман Еўсягнееў. — У Беларусі зарэгістравана звыш васьмі тысяч нарказалежных людзей, а насамрэч іх у 8—10 разоў болей. Добрая стойкая рэмісія назіраецца прыблізна ў 10—15 працэнтах выпадкаў. Большасць жа людзей не вылечваецца ад хранічнага псіхічнага расстройства. У доказ сваіх слоў спецыяліст прывёў такі прыклад: каб стаць хранічным алкаголікам мужчыне сярэдняга ўзросту патрэбна піць 10—15 гадоў, а на апіяты можна “падсесці” за некалькі месяцаў. І закончыцца ўсё гэта можа сумным зыходам.

Нацярпелася

69-гадовая жыхарка Стаўбцоўскага раёна Валянціна Шчэцька даўно не вырошчвае мак і нікому наогул не раіць гэта рабіць. Некалькі гадоў таму пенсіянерка пасадзіла ля хаты “крыху для сябе”, каб неўзабаве парадаваць унукаў сваёй “кароннай булкай са смакам”. Аднак дачакацца збору начынкі для любімай выпечкі ёй так і не ўдалося: ноччу наехалі нейкія людзі і ўсё павырывалі, патаптаўшы ўвесь агарод. — Жудасна было ў акно выглянуць, і дзвярыма грукнуць. Я тады настолькі нацярпелася, што ніякага маку ўжо не хачу, — кажа жанчына. — А навошта гэта мне патрэбна? З аднаго боку атакуюць наркаманы, з другога — пагражаюць штрафам міліцыянеры. А на старасці гадоў хочацца спакою. Безумоўна, мак можна купіць у краме. Але магазінны прадукт у пакеціках мне падаецца не настолькі смачным, як вырашчаны на сваёй зямельцы. Нават не ведаю, у якіх умовах спеў той мак, — засмучаецца Валянціна Іванаўна.

Дзе растуць грошы

На чэшскіх землях мак вырошчваецца ў якасці палявой культуры з IX стагоддзя. Аднак інтарэс да яго павялічыўся асабліва ў апошнія гады, калі сталі менш вырошчваць цукровых буракоў, а пераключыліся на мак як на выгадную з эканамічнага пункту гледжання расліну. Мясцовыя вучоныя распрацавалі тэхналогію механізаванай уборкі маку і яго ачысткі ад прымесей, якія могуць служыць наркасыравінай. А наогул у Чэхіі вырошчваюцца толькі тыя гатункі, дзе змяшчаецца мінімум опію. Жыхары гэтай краіны нават кажуць, што іх кулінарны мак наркаманаў наогул не цікавіць. Такім чынам, еўрапейская краіна стала адным з лідэраў па вытворчасці кандытарскага маку ў свеце і зарабляе на ім грошы. І Беларусь магла б пайсці па яе шляху. З гэтым згодны і навукоўцы. — У Сярэдняй Азіі і нават у Еўропе мак актыўна культывуюць, — кажа гендырэктар Навукова-практычнага цэнтра па земляробству Нацыянальнай акадэміі навук Фёдар Прывалаў. — Для опійнага маку, шчыра кажучы, у Беларусі проста не хапае сонечнай радыяцыі. Па гэтай жа прычыне мы не можам атрымаць апельсіны ці пшаніцу цвёрдых сартоў. А вось звычайны кулінарны мак, які штогод завозіцца да нас тонамі з-за мяжы, мы маглі б вырошчваць і самі, улічваючы, што ідзём па шляху імпартазамяшчэння. Беларусь жа аграрная краіна. Тэхналогіі вырошчвання кулінарнага маку вядомыя з даўніх часоў. Ніякіх асаблівых умоў для гэтага не патрэбна.

Не трэба злаваць людзей!

— У першую чаргу пакутуюць простыя добрыя людзі. А патрэбна змагацца з тымі, хто распаўсюджвае наркотыкі, а не з бабулямі, якія хочуць вырошчваць некалькі галовак кулінарнага маку, бо ў сельскіх магазінах яго проста не купіш. Для гэтага варта ехаць як мінімум у райцэнтр, —  перакананы член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўству і судова-прававых пытаннях Мікалай Андрайчук. — Не трэба злаваць людзей! Лепей унесці адпаведныя змяненні ў наша заканадаўства, бо, зразумела, ніякая бабуля не пойдзе за ліцэнзіяй, каб пасадзіць гэту расліну. Напрыклад, можна было б прапісаць дакладна, які мак дазваляецца вырошчаць для кулінарных патрэб. Таксама можна распрацаваць механізм, як правільна ўтылізаваць адыходы: само ж насенне маку бяспечнае. Сачыў бы за знішчэннем саломкі, напрыклад, сельсавет.

←В Беларуси введут новую уголовную ответственность для бизнесменов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика