Сяргей Каваленка выйшаў на волю
19.07.2010
—
Новости Общества

Апошні раз яго затрымалі напярэдадні адкрыцьця фэстывалю “Славянскі базар” і зьмясьцілі пад варту паводле рашэньня Першамайскага РАУС. На Сяргея Каваленку быў складзены пратакол за парушэньне рэжыму адбываньня “ўмоўнага” пакараньня, прысуджанага ў траўні. Тры гады “умоўна” Сяргею прысудзілі за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы і за непадпарадкаваньне міліцыянтам падчас затрыманьня.
Адзін з пунктаў рэжыму, якому мусіць падпарадкоўвацца “умоўна” асуджаны, -- гэта вяртаньне дахаты не пазьней як у 21 гадзіну. Паводле маці актывіста, Лідзіі Каваленкі, 8-га ліпеня міліцыянты справакавалі спазьненьне: дачакаліся калі ён будзе вяртацца дахаты і не ўпусьцілі ў пад’езд, пакуль ня выйшаў кантрольны час.
На думку Сяргея Каваленкі, за апошнія два месяцы яго тройчы затрымалівалі па надуманых прычынах, у тым ліку і нібыта за дробнае хуліганства. Актывіст лічыць, што міліцыянты проста атрымліваюць заданьне “ізаляваць” яго на час масавых мерапрыемстваў у Віцебску. Таму затрыманьні адбываліся напярэдадні Дня Перамогі, Дня горада, Дня Незалежнасьці.
Дарэчы, упершыню факт беспадстаўнага затрыманьня ў Дзень горада 25-га чэрвеня Сяргею Каваленку ўдалося аспрэчыць 16-га ліпеня ў Першамайскім райсудзе. Судзьдзя Віктар Калбун апраўдаў актывіста, але перад тым Сяргею Каваленку ўсё ж давялося двое сутак адбыць у ізалятары часовага ўтрыманьня – якраз тыя двое сутак, пакуль у горадзе ішлі сьвяткаваньні.
Крынiца: Радыё Свабода