Кіргізскі сцэнар для беларускага хамелеона: наступныя крокі
Сумневаў больш няма не застаецца: Расія дзейнічае з Беларуссю па кіргізскім сцэнары.
Шчодрыя пасулы змяніліся эканамічным ціскам. Пайшла інфармацыйная хваля. Следам за НТВ таксама ОРТ і РТР ударылі па Лукашэнку. Яшчэ не з усіх гарматаў, але некаторыя снарады ўжо даляцелі да Беларусі. Лукашэнкаўская цэнзура бадзёра сканфіскавала тыраж «Нашай Нівы», але прапусціла сюжэт у навінах, дзе кіраўніка рэжыму вінавацяць у забойствах. Чырвонай ніткай праз усе сюжэты праходзіць: Лукашэнка — палітычны хамелеон, ягоны час сышоў. Для добрых адносін з Расіяй Беларусь павінна змяніць лідэра.
На каго? Без удакладненняў.
Кіргізскі сцэнар прадугледжваў далейшую эканамічную замарозку перад выбарамі. А таксама медыйную апрацоўку.
Апазіцыя ў Кіргізіі рыхтавала змену ўлады ў рэгіёнах. Там праводзіліся народныя сходы, агульнанацыянальны завершыў іх у Бішкеку. У Кіргізіі, нагадаем, расійскае ТВ устала на бок вуліцы.
Аднак і Лукашэнка будзе вучыцца на вопыце Бакіева. Апошні так і не перакрыў расійскага ТВ і прэсы, і ў вырашальны момант Бішкек глядзеў Маскву.
Масква, у сваю чаргу, звяртаецца да КДБ. Фільм НТВ падкрэслівае, што ў спецслужбе Лукашэнку баяцца, але не паважаюць. І там ёсць сілы, гатовыя падтрымаць апазіцыю.
Крэмль падыгрывае апазіцыі. Пачалося з запрашэння рэдактараў незалежных СМІ да Мядзведзева. Цяпер — расійскае ТВ дае слова людзям, які ў Беларусі ў «чорных спісах».
Гэта добра для ўзмацнення палітычнага плюралізму. Але ці не хавае такая падтрымка сукрытай пагрозы для незалежнасці?
Чаго дабіваецца Расія? Захавання статус-кво ў адносінах з Беларуссю і пры гэтым змяншэння энергетычнага гранта.
Ці па сілах Маскве ажыццявіць у еўрапейскай, даволі заможнай краіне той сцэнар, якому яна паспрыяла ў азіяцкай, беднай Кіргізіі?
Сцэнар мірнай рэвалюцыі пры падтрымцы Захаду рэалізаваўся ў Сербіі, Славаччыне, Харватыі, Украіне, але не ўдаўся ў Беларусі з яе недафармаванай палітычнай самастойнасцю. Масква можа падгульваць апазіцыі, падгульваць, як кажа Павал Шарамет, самому моцнаму канкурэнту Лукашэнкі, хто б ён ні быў, у разліку на тое, што пасля выбараў сістэма вернецца да ранейшых каардынат, толькі з іншым лідэрам, але толькі падгульваць: ход падзей урэшце будзе залежаць ад саміх беларусаў.
Дарэчы, сам вынік кіргізскіх пераменаў дагэтуль не ясны. Краіна перажыла некалькі месяцаў нестабільнасці. Яе геапалітычная арыентацыя застаецца пад пытаннем. Яшчэ раз паўторым: тое ў Азіі. Перамены ў Беларусі, калі будуць, імаверна, адбудуцца па сцэнары, уласцівым цэнтральнаеўрапейскім краінам.
Голасам беларускага грамадства ў кожным разе стане вуліца.
Як у часе ўздыму 2006-га, так і ў 2011-м зноў усё вырашыць Плошча. У 2006-м сілаў для змены сістэмы аказалася замала, але ёй быў нанесены моцны ўдар, ад якога Лукашэнка фізічна доўга адыходзіў. Бяспрыкладная ахвярнасць моладзі ў барацьбе за свабоду перавярнула ўяўленні свету пра Беларусь.
Калі ў 2011-м сістэме наканавана адбыцца зменам, яны адбудуцца пад тымі сцягамі, якія запануюць на вуліцы. Запануюць бел-чырвона-белыя — зменіцца на бел-чырвона-белыя.
Дэмакратычныя правілы палітычнай гульні ўзнікаюць не тады, калі нейкі добры дзядзька іх уводзіць. Дэмакратыя ўзнікае, калі палітычныя гульцы не маюць дастаткова сілаў, каб ліквідаваць адзін другога цалкам, ці калі ёсць вонкавыя пагрозы, больш небяспечныя за ўнутраныя, для змагання з якімі патрэбная дэмакратычная мабілізацыя ці падтрымка дэмакратычнага свету. У гэтым сэнсе
чым слабейшы будзе Лукашэнка, тым больш будзе шанцаў на пераход да дэмакратыі.
Але ці пры дэмакратыі ў нас будзе больш шанцаў для ўмацавання нацыі?
Лукашэнкаўцы аргументуюць, што толькі аўтарытарызм засцерагае нас ад умяшання Расіі, ад бязладдзя кшталту таго, якое Масква спансаравала ў XVIII стагоддзі, ад эканамічнай залежнасці. Што Масква з яе незлічонымі грашыма зможа маніпуляваць беларускімі палітыкамі і грамадскай думкай, дай толькі Лукашэнку аслабіць кантроль. Прыклады Украіны, Малдовы ці Эстоніі паказваюць слабасць такой аргументацыі.
Так, Беларусь больш русіфікаваная, чым Украіна. Але, адначасова, больш гамагенная і менш карумпаваная. Наадварот, пры дэмакратыі Беларусь мае шанцы рухацца ў бок скандынаўска-балтыйскай мадэлі.
І памятайма, што
менавіта аўтарытарызм забраў сцяг, знішчыў мову. Дэмакратыя будзе азначаць і выхад беларускай культуры з няволі.
Беларускае грамадства абавязанае выкарыстаць новую сітуацыю для змены сістэмы. У кожным разе,
менавіта зараз грамадства павінна ціснуць на ўлады па ўсіх азімутах: палітычным, эканамічным, у пытанні правоў працоўных, у мове й свабодзе для нацыянальных СМІ.
Памылкаю было б гуртавацца вакол дыктатуры толькі таму, што тая спекулюе на пытанні незалежнасці.