Камерунскі футбаліст нарэшце выйшаў з Акрэсціна
Ягоная сяброўка Інмакулада Гансалес ўначы даслала ліст праваабаронцам:
«Дарагія сябры! Нарэшце! Гі Франсуа Тукам быў адпушчаны сёння, і прыляцеў у наш дом у Валенсіі. Я хацела б павіншаваць Вас за выдатную працу, якую вы зрабілі, і ад шчырага сэрца падзякаваць за дапамогу, вас і вашых партнёраў. Яшчэ па тэлефоне ён распавёў, што страціў 40 кілаграмаў вагі і што самае горшае для яго было пад час арышту — недахоп вады. Яшчэ раз дзякуй, і памятайце, што я хачу супрацоўнічаць з Вамі. Моцна цалую. Жывуць правы чалавека!»
Нагадаем што грамадзяніна Камеруна Гі Франсуа Тукама, які меў від на жыхарства Іспаніі, 1 чэрвеня затрымала памежная служба аэрапорту «Мінск‑2» па падазрэнні ў падробцы пашпарту. Увесь гэты час за яго вызваленне і вяртанне змагалася ягоная іспанская сяброўка Інмакулада Гансалес.
У справе арышту Тукама, на жаль, застаюцца пытанні, якія патрабуюць калі не вырашэння, дык хоць асэнсавання. Напрыклад, як паведамілі ў амбасадзе Камеруна у Маскве, дакументы аб спраўджванні асобы Тукама і сапраўднасці ягонага пашпарту былі адпраўлены менскім памежнікам 28 чэрвеня.Няўжо так доўга дастаўляецца афіцыйная пошта? Незразумела таксама, калі адбыўся суд над камерунцам, які вынес рашэнне аб дэпартацыі і якім чынам быў сплочаны штраф.
Аднак, спадзяемся, што час расставіць усе недастаючыя кропкі над «і».
«Вясна»