Источник материала:  
12.07.2010 13:38 — Новости Общества
12 ліпеня актывісты грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» занеслі больш чым 100 тысяч подпісаў за наданне адной з вуліц сталіцы імя Васіля Быкава.

Сярод подпісаў толькі 5 тысяч былі арыгіналамі — рэшту склалі ксеракопіі. Актывісты кампаніі сцвярджаюць, што арыгіналы былі скрадзеныя з арандаванай кватэры.

Лідэр «Гавары праўду», Уладзімір Някляеў так адрэагаваў на каментары аб магчымай несумленнасці сваёй каманды: «Я нават не буду гэтае глупства каментаваць. Няўжо магчыма падрабіць сто тысяч подпісаў? Ідзіце і праверце іх».

Журналістам насамрэч прапанавалі спраўдзіць на ўласны выбар копіі падпісных лістоў. Яны выглядалі на сапраўдныя — надпісы на іх былі зробленыя розным почыркам, а самі подпісы выразна адрозніваліся адзін ад аднаго.

Усе подпісы ў Мінгарвыканкаме былі прынятыя намеснікам кіраўніка аддзела па прыёме заяваў і лістоў грамадзян Андрэем Шэрым. Што праўда, для гэтага А.Шэры досыць доўга кансультаваўся па тэлефоне са сваім начальствам.

«Збор подпісаў за вуліцу Быкава — не палітычная мэта, а маральная. Справядлівасць патрабуе, каб у Мінску існавала такая вуліца. Родныя пісьменніка мяне не папракаюць за тое, што выкарыстоўваю імя пісьменніка, папракаюць іншыя. Каго мне слухаць? А палітыка сёння прысутнічае ва ўсім», — заявіў Уладзімір Някляеў журналістам пасля наведвання Мінгарвыканкама.

Актывісты «Гавары праўду» таксама зазначылі, што не збіраюцца патрабаваць ад Мінгарвыканкама перанайменавання нейкай канкрэтнай вуліцы. Па іх словах, у цэнтры Мінска дастаткова годных вуліц і чыноўнікі змогуць самі выбраць, якая з іх будзе насіць імя Васіля Быкава.


АП

←Телерадиокомпании "Мир" недоплачивают

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика