У дзень сям'і і вернасці мінчане атрымаюць рамонкі

Источник материала:  
08.07.2010 10:13 — Новости Общества
Букецікі рамонкаў валанцёры будуць уручаць каля галоўных станцый метро. Гэта адна з частак гарадской акцыі "Да шчаслівай сям'і разам з Пятром і Фяўронняй", што пройдзе 8 ліпеня, у Дзень сям'і, кахання і вернасці.

Восьмага ліпеня праваслаўная царква святкуе дзень памяці святых Пятра ды яго жонкі Фяўронні, князёў Мурамскіх, якіх лічаць абаронцамі сямейнага шчасця, узорам шлюбнай вернасці і любові.

Менавіта таму з 12.00 разам з букецікамі рамонкаў (сімвалаў свята) валанцёры будуць уручаць і брашуры з выявамі і жыццяпісам святых. Акрамя гэтага, у Нацыянальным мастацкім музеі пройдзе акцыя "Моцная сям'я — з упэўненасцю ў будучыню". 12 сем'яў з усёй Беларусі атрымаюць медалі любові і вернасці, а таксама каштоўныя падарункі. Сем'і адбіраліся арганізатарамі акцыі па строгіх крытэрыях. Пры вызначэнні ўлічваўся стаж сямейнага жыцця (павінен быў быць большы за 25 год), колькасць дзяцей, а таксама духоўна-маральны аспект.

Арганізатары акцыі — праваслаўнае брацтва ў гонар святога Архістраціга Міхаіла — лічаць, што яна прыцягне ўвагу да праблемаў беларускай сям'і.

— У жыцці Пятра і Фяўронні, — кажа супрацоўніца аргкамітэта свята Таццяна Тарасевіч, — мы знаходзім тое, чаго, можа, не хапае сучасным жанчынам — жаночую мудрасць, а таксама вартасці характараў Пятра і Фяўронні. Мы тут бачым пастаянныя сітуацыі выбару. Мы бачым, што магчымая адмова ад улады на карысць сям'і. І ўсе высілкі накіраваныя на захаванне сям'і. Разам з тым тут вельмі яркі прыклад адзінства сям'і і дзяржавы і значэнне сям'і для дзяржавы, таму што калі святых князёў выганяюць з Мурама, калі сям'я сыходзіць з дзяржавы, то там пачынаюцца міжусобіцы. Царства, што раздзялілася само ў сабе, як вядома, не ўстаіць. Таму, з майго пункту гледжання, свята мае каласальнае духоўна-маральнае і адукацыйнае значэнне. Хацелася б, каб яно ўвайшло ў традыцыю і стала агульнадзяржаўным.

Па словах арганізатараў, усталяванне такога дня ў Беларусі выцякае з дэмаграфічнай і сацыяльнай сітуацыі. На сёння наша краіна займае адно з першых месцаў у свеце (у залежнасці ад методык падліку) па колькасці разводаў. Толькі два працэнты сем'яў маюць траіх дзяцей, 11 працэнтаў — дваіх. І кожнае пятае дзіця нараджаецца па-за шлюбам. На 100 родаў у нашай краіне прыпадае 38 абортаў (гэта трэцяе месца ў свеце).

←Учреждения Минздрава Беларуси консультируют граждан по реализации соглашения Таможенного союза по санитарным мерам

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика