Сёння беларусы святкуюць Купалле

Источник материала:  
06.07.2010 08:42 — Новости Общества
Народная традыцыя загадвае сёння ўначы паліць вогнішча, збіраць лекавыя травы і сустракаць світанне.

Кожнае свята беларускага традыцыйнага календара несла ў сабе тайну жывога і актыўнага дыялога чалавека з прыродай. Каляды віталі паварот Сонца на новае гадавое кола, Масленіца развітвалася з зімой, Вялікдзень сустракаў канчатковую перамогу дня над ноччу, Радаўніца была той мяжой, пасля якой дазвалялася распачаць цыкл земляробчых работ. Эпагеем гэтага каляндарнага колазвароту было Купалле, прымеркаванае да часу летняга сонцастаяння. Адзначалася Купалле наконадні вялікага праваслаўнага свята — Раджаства Іаана Прадцечы.

Эпіцэнтрам падзей аказвалася абрадавае вогнішча. Вясковы люд зносіў да яго ўсялякую старызну, тым самым вызваляючы зямлю ад непатрэбнага бруду. Вечарам, як толькі сонца схаваецца за гарызонт, старэйшы член вясковай грамады распачынаў рытуал здабывання жывога агню, якім і падпальвалі святочнае вогнішча. Кожны, хто прыходзіў да кастра, прыносіў з сабой галінкі маю, якім на Тройцу ўпрыгожвалі падворкі і хаты, нехта прыносіў і спальваў адзенне цяжка хворага чалавека, нехта — адзенне тых, хто памёр. Нам даводзілася бачыць, як у некаторых рэгіёнах Беларусі людзі пісалі на кавалачках паперы словы, якімі яны пазначалі найбольш складаныя жыццёвыя сітуацыі, з якімі трэба было развітацца, каб палепшыць сваё здароўе, дабрабыт, узаемапаразуменне з блізкімі, і спальвалі іх у купальскім вогнішчы.

Калі купальскае вогнішча дагарала, то прысутная моладзь упершыню публічна заяўляла аб сваіх сімпатыях і заляцаннях. Хлопцы разам з дзяўчатамі скакалі цераз вогнішча, быццам бы развітваючыся з дзяцінствам, і пераступалі мяжу самастойнасці.

Паварот Сонца да сваёй рытуальнай смерці стаў першаасновай для ўзнікнення адной з найпрыгажэйшых легендаў аб дзіўным феномене нашай прыроды. Легенда сцвярджае, што нябеснае свяціла не магло канчаткова саступіць месца цемры, яно проста факусіравала сваю жыццядайную моц у фантастычна прыгожай папараць-кветцы, якая даставалася сардэчнаму, сціпламу і светламу душой чалавеку.

Збіральнікі духоўнай народнай спадчыны неаднаразова адзначалі, што сярод знахараў існаваў прыгожы па сваім выкананні і глыбока сімвалічны па зместу абрад (менавіта так: спецыяльна для гэтага выпрацаваны абрад) збірання лекавых траў. Перш чым зрэзаць расліну, знахар рассцілаў чыста адбелены ручнік, станавіўся на калені, чытаў малітву або замову, звяртаўся да расліны з словамі прабачэння і замова-просьбай аб дапамозе, кланяўся да самай зямлі і толькі пасля гэтага зразаў расліну спецыяльным драўляным нажом.

Затым сабраныя расліны сушылі, звязвалі ў пучкі і захоўвалі на гарышчы. Засушаную, нежывую кветку нельга было трымаць у хаце — зоне жывых. Але калі хто-небудзь з аднавяскоўцаў або блізкай радні прасіў аб дапамозе, лекар адбіраў некалькі неабходных раслін, рабіў з іх узвар, настоі, мазі, але пры гэтым абавязкова тройчы прамаўляў замову, пры дапамозе незвычайных слоў якой кветку “ажыўлялі”, “абуджалі” ад часовага сну, каб яна быццам узгадала і аднавіла тую жыццядайную сілу, якой валодала ў дзень летняга сонцастаяння.

За апошнія гады мы пабывалі ў розных куточках краіны і неаднаразова былі сведкамі таго, як мудрыя вясковыя жанчыны збіралі ў гэты дзень розныя лекавыя травы. У іх быццам бы была сканцэнтравана ўся гаючая моц нашай прыроды. Купальскія зёлкі выкарыстоўвалі ў розных сітуацыях: імі абкурвалі людзей і хатнюю жывёлу, каб зняць цяжкія сурокі, іх клалі ў калыску немаўлятам, з іх рабілі вянок нявесце.

Рытуальным цэнтрам купальскага свята была ваколіца вёскі: выган, бераг ракі або возера, часцей за ўсё высокі. Кожная з гэтых мясцін была зусім невыпадковай. Высокі бераг ракі быў патрэбен, таму што назаўтра раніцай адтуль было зручна назіраць за ўзыходам Сонца.
Усе зноў збіраліся каля вады, каб убачыць, як сонейка “купаецца”. Казалі так: “Гэтую гульню можа ўбачыць як узнагароду толькі той, хто бавіў купальскую ноч без сну і хто будзе глядзець на сонца не міргаючы”. І толькі пасля таго, як сонейка ўзышло, людзі ішлі купацца самі. Верылі, што вада становіцца чарадзейнай, змывае грахі, пазбаўляе хвароб, робіць чалавека дужым.



←Незачет с конфискацией

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика