Прызначаны суд аб ліквідацыі кампаніі «Гавары праўду»
На 7 ліпеня ў Менскім гарадзкім гаспадарчым судзе прызначанае паседжаньне паводле пазову Менгарвыканкаму аб ліквідацыі адукацыйнай установы «Рух наперад». Менгарвыканкам дамагаецца яе ліквідацыі на той падставе, што нібыта «Рух наперад» пры рэгістрацыі пазначыў недакладны юрыдычны адрас.
Прадстаўнікі арганізацыі з гэтым нязгодныя і кажуць аб палітычных прычынах ціску. Намесьнік дырэктара ўстановы «Рух наперад» Ніна Пахлопка згадвае, што 10 чэрвеня падчас папярэдняга слуханьня судзьдзя Андрэй Аляшкевіч задаволіў хадайніцтва «Руху наперад» аб прадстаўленьні статутных дакумэнтаў, якія засталіся ў іх офісе, які дагэтуль апячатаны міліцыянтамі Ленінскага РАУС
«Такім чынам, бяз доступу ў офіс мы ня можам падрыхтаваць дакумэнты, якія патрэбныя ў судзе. Сьледчыя месяц абяцаюць зьняць плёмбы зь дзьвярэй офісу, але кожны раз нешта нібыта не атрымліваецца», — паведаміла Ніна Пахлопка:
«Я мела гонар сустракацца з начальнікам адзела папярэдняга расьсьледаваньня Сукалам Анатолем Мікалаевічам, які мне паабяцаў, што сёньня адкрыюць офіс і дадуць нам пячатку і ўстаноўчыя дакумэнты. Але сёньня ўжо сказаў, што да яго прыяжджае нехта якраз па нашай справе і ён нічога ня можа для нас зрабіць. На гэта я заўважыла, што мы ня зможам абараняцца ў гаспадарчым судзе. А ён кажа: ну і што, у гэтым ня вы ж вінаватыя?»
Ніна Пахлопка не выключае, што ўстаноўчыя дакумэнты «Руху наперад» не выдаюць адмыслова, каб потым залічыць няяўку адказьніка ў суд і вырашыць справу на карысьць Менгарвыканкаму.
10‑га чэрвеня на папярэднім паседжаньні суду прадстаўніца ўправы юстыцыі Менгарвыканкаму Эмілія Пазьняк пацьвердзіла прэтэнзіі да «Руху наперад» адносна недакладных зьвестак, але пры гэтым не змагла пэўна патлумачыць суду, у чым дакладна вінаватая арганізацыя. Даць камэнтар для «Свабоды» Эмілія Пазьняк адмовілася.
18 траўня ў офісе «Руху наперад», дзе месьціцца штаб кампаніі «Гавары праўду», а таксама на кватэрах больш як 20 актывістаў прайшлі ператрусы паводле крымінальнай справы аб паведамленьні непраўдзівых зьвестак адносна тавараў і паслугаў. Пасьля ператрусаў у актывістаў «Гавары праўду» забралі асабістыя грошы, кампутары, аргтэхніку. Сьледчыя зь Ленінскага райаддзелу міліцыі Менску, якія вядуць справу, нічога не камэнтуюць і адмаўляюцца паведаміць, калі вернуць грошы і кампутары актывістам. Ніна Пахлопка кажа, што дагэтуль нікому нічога не вярнулі, у тым ліку і ёй:
«Паўтара месяца мінула, але ж не вядзецца ніякіх сьледчых дзеяньняў. Нікога не выклікалі ні ў якім статусе, нікому нічога не вярнулі. Ніякіх няма зрухаў».
Радыё Свабода