Марыя Шарапава: Я адчуваю сябе часткай Гомеля
Марыя Шарапава на Гомельшчыне. |
Многія пытанні журналістаў тычыліся асабістых адчуванняў тэнісісткі ад прыезду ў Гомель, дзе раней жылі яе бацькі.
«Я вельмі рада, што прыехала, гэты горад займае асаблівае месца ў маім сэрцы.
Калі мая мама была цяжарная, яна жыла тут, затым пакінула Гомель з‑за чарнобыльскай катастрофы.Апошнім разам я прыязджала сюды 10 гадоў таму, і мне вельмі прыемна ісці па гэтых вуліцах і пазнаваць месцы, дзе я была, таму адчуваю сябе тут цудоўна, — сказала Шарапава. — Мы ездзілі ў кватэру, дзе жылі мае бацькі, там я пазнаёмілася з суседзямі. Рада, што прыехала цяпер, а не раней, бо толькі два гады таму пачалі рэалізацыю праектаў, з якімі мы працуем, і зараз я змагла на свае вочы гэта ўсё ўбачыць».
Журналісты пацікавіліся, да якой нацыянальнасці прылічвае сябе тэнісістка. »Я нарадзілася ў Расіі і жыла там сем гадоў, правяла сваё дзяцінства, але ведаю, што мае бацькі тут жылі. І калі я сюды прыязджаю, то адчуваю сябе часткай Гомеля. Але па нацыянальнасці я руская», — адказала спартсменка.
Марыя сказала, што сустрэлася са сваёй бабуляй, якую не бачыла два гады: «Сустрэча з ёю была вельмі добрая, у нас была сямейная вячэра. Бабуля перанесла аперацыю пару тыдняў таму, зараз яна адчувае сябе лепш».
Тэнісістка адзначыла, што для яе было вельмі важна ўсё ўбачыць самой, паразмаўляць з дзецьмі, даведацца, якая ім патрэбна дапамога.Шарапава падкрэсліла, што ў яе вельмі мала часу на адпачынак і зносіны з сябрамі. «Але спорт — гэта маё жыццё, мая кар’ера. Ужо праз два дні ў мяне зноў пачнуцца трэніроўкі», — сказала яна.
Журналісты спыталі, ці бачылася вядомая тэнісістка з каралевай Вялікабрытаніі, якая ўпершыню за 33 гады наведала Уімблдон. «Калі б у мяне быў выбар — выйграць матч на Уімблдоне або пазнаёміцца з каралевай, то я б выбрала выйграць матч, для мяне гэта важнейшае. Уімблдон для мяне любімы турнір. А каралева глядзела толькі мужчынскі матч», — паведаміла Шарапава.
Алена Германовіч, БелаПАН