Да Бога праз міліцэйскія кардоны

Источник материала:  
01.07.2010 21:29 — Новости Общества
Засмуцілі турнікеты на ўваходах у мястэчка.

Працэдура праверкі суровымі людзьмі ў міліцэйскай форме сама сабою прыніжальная і аніяк не спрыяе святочнай атмасферы. На аналагічных фэстах у Польшчы, Літве, Чэхіі такога не робяць. А Беларусь тут выглядае проста нейкай краінай павышанай тэрарыстычнай небяспекі, што на самой справе не так.

Міліцыянты і самі пакутуюць ад таго маразму, якім ім прыходзіцца займацца.

Традыцыя пілігрымак у Будслаў аднавілася за незалежнасцю Беларусі, напачатку 1990‑х.

Ад таго часу тысячы вернікаў з Беларусі і ўсяго свету, каталікоў і праваслаўных, прыходзяць да касцёла пакланіцца абразу Нябеснай Апякункі Беларусі. Фэст у Будславе зрабіўся самым урачыстым і, зрэшты, самым беларускім святам краіны.

Кульмінацыяй фэсту з’яўляецца ўрачыстае шэсце з цудатворнай іконай.

Дзясяткі тысяч людзей з запаленымі свечкамі абыходзяць цэнтральную плошчу мястэчка і вяртаюцца да касцёла. Нібы жывая агнявая рака плыве перад базілікай. Гэта прыгожы і велічны момант, які абавязкова трэба пабачыць на свае вочы, каб адчуць дух свята і ўсяе нарачанскае Беларусі.

У Будслаў прыбылі пешыя пілігрымы з Жодзіна, Мёраў, Глыбокага, Полацку, Гродна, Берасця, Менска і іншых гарадоў і вёсак. Сярод пілігрымаў хадзіў, вітаў іх мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Вечаровую імшу служылі па-сучаснаму: са спевамі пад гітару. Народ слухаў імшу на былым аэрадроме, што каля высознай базілікі, якая калісьці служала для самалётаў арыенцірам.

Пасля рыма-каталікоў сваю службу адправілі грэка-каталікі, называныя ў абіходзе таксама ўніятамі.

Прыехала раваровая пілігрымка. З Польшчы прыляцела пілігрымка байкераў.

У Будславе разгарнуліся ўсе ўстановы грамадскага харчавання Мядзельскага раёна.

На Краснай, гэта значыць, прыгожай плошчы Будслава разгарнуўся традыцыйны кірмаш, дзе апроч смактулек-пеўнікаў прадаюць і кнігі, і духоўныя атрыбуты.

Шчыруе тут і падатковая інспекцыя і КДБ — правяраюць гандляроў, трасуць моладзь.

Каля базілікі наш кар. сустрэў палітыка Паўла Севярынца, філосафа Валера Булгакава, перакладчыка Сяргея Сматрычэнку.

Сама перад алтаром абсталяваны сектар для інвалідаў. Намётавы гарадок для пілігрымаў арганізаваны на тэрыторыі былога аэрадрома, каля якога таксама размяшчаецца стаянка для аўтобусаў. Праезд на стаянку арганізаваны толькі з боку мястэчак Крывічы і Даўгінава. Іншыя дарогі перакрытыя. Месцы паркоўкі аўтобусаў абазначаны адмыслова.

Большасць мясцовых вернікаў прыбудзе да базілікі бліжэй да поўначы.

Роўна а 12-й ад храма рушыць працэсія вакол плошчы. «Вітай, Марыя, поўная ласкі! Благаславёная ты між жанчынамі і благаславёны плод улоння твайго Езус», — гэты гімн паплыве над Сэрваччу да Вільні і да мора-акіяну, і зазіхацяць дзясяткі тысяч свечак.

Працы хапае ўсім. © фота Кастуся Шыталя

«Эй, вы чаго тут фатаграфуеце?» © фота Кастуся Шыталя

Там у Вас што? © фота Кастуся Шыталя

А вы чаго з ракавінай? Кс. Вячаслаў Барок размаўляе з чалавекам у цывільным. © фота Кастуся Шыталя

працэсія ў Будславе ў 2009-м. Фота Юліі Дарашкевіч. © фота Кастуся Шыталя


Зміцер Панкавец, Мікола Бугай

←Финский парламент показал Беларуси «дурной пример»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика