Дзе цячэ жывая вада

Источник материала:  

Дзе цячэ жывая вада

Звычайна пра чароўную жывую ваду мы ўпершыню чуем у дзяцiнстве са шматлiкiх казак i паданняў. Але ў прамым i пераносным сэнсе яна iснуе i на нашай зямлi пад белымi крыламi.

Аднак хопiць загадак... Давайце завiтаем у адну невялiкую вёсачку, аддаленую ад гарадскога тлуму. Ды яшчэ з вельмi красамоўнай назвай Партызанаўка. Туды рэдка хто без патрэбы дабiраецца, бо знаходзiцца яна ў самым крайнiм пункце беларускай поўначы. Затое гэтае месца з’яўляецца своеасаблiвым слупом на мяжы дзвюх дзяржаў i трох абласцей – Вiцебскай, Смаленскай i Пскоўскай. Творчы дэсант рэдакцыi газеты “Рэспублiка” занесла ў гэтую беларускую глыбiнку яшчэ ў чэрвенi 2004 года. Тады журналiсты ўрадавай газеты разам з калегамi з тэлеканала АНТ ажыццяўлялi унiкальную экспедыцыю па рацэ Заходняй Дзвiне на борце яхты “Газета “Рэспублiка”. Не маючы аналагаў праект называўся «Освобождение: Победа. Память. Патриотизм».

Нагадаю, што галоўнай мэтай творчай экспедыцыi з працягласцю маршрута ў 350 км па рацэ Заходняй Дзвiне была прапаганда подзвiгу беларускага народа ў гады Вялiкай Айчыннай вайны (у сувязi са святкаваннем 60-й гадавiны вызвалення краiны ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў). А пачыналася патрыятычная акцыя якраз на мяжы дзвюх дзяржаў, Беларусi i Расii, ад прычала ў гарадскiм пасёлку Сураж Вiцебскага раёна. На працягу трох тыдняў яхта “Газета “Рэспублiка” прайшла па маршруце Сураж—Руба—Вiцебск—Бешанковiчы—Ула—Полацк—Наваполацк—Дзiсна—Верхнядзвiнск. А завяршыўся водны паход у гарадскiм пасёлку Друя Браслаўскага раёна — на мяжы з Лiтвой.

Зрэшты, аб усiм гэтым у свой час падрабязна расказвалася ў дзесятках яркiх публiкацый нашага выдання, хаця аб некаторых эпiзодах даводзiлася паведамляць некалькiмi сказамi цi нават словамi. У тым лiку i аб тым, што на першапачатковай карце экспедыцыi ёсць вёска з назвай Партызанаўка. Яна ўваходзiць у склад Запольскага сельскага Савета Вiцебскага раёна. Падчас экспедыцыi па рацэ Заходняй Дзвiне ў Партызанаўцы было 89 жыхароў. Як нi дзiўна, але ў такiм глухiм куце Вiцебшчыны яшчэ паўсотнi “партызан” былi ў статусе працаздольных. Як патлумачыў мне тамтэйшы старшыня сельсавета Iван Архiпенка, пенсiянераў толькi два дзесяткi, што не дазваляе населены пункт запiсваць у разрад неперспектыўных.

Але адкуль жа ў вёскi такая ваяўнiчая назва?

Нiякага сакрэту няма. У мiнулыя стагоддзi i нават яшчэ пасля Вялiкай Айчыннай вайны населены пункт называўся Жыраспёры. З яскравым указаннем, што мясцiны тут даволi рыбныя. I то праўда: вёска рассыпалася, нiбыта апенькi вакол пня, уздоўж берагоў рэчкi Усвячы. Апошняя ў сваю чаргу злучаецца з Заходняй Дзвiной. Са старадаўнiх часоў у вадзяных затоках i плёсах гуляе рыба пад назвай жыраспёр. Таму далёкiя продкi не мудравалi i назвалi гэтак i вёску.

Можа б, i надалей так засталося, але вайна напоўнiла наша адвечнае жыццё iншым сэнсам. Ворагi баялiся лезцi ў мясцiны, дзе размяшчаўся штаб партызанскай брыгады легендарнага Бацькi Мiная. Лясныя мсцiўцы ў зоне амаль татальнай акупацыi стварылi сваю незалежную партызанскую рэспублiку. У вёсках над будынкамi нязменна чырванелi савецкiя сцягi. Дзейнiчалi калгасы, у якiх вырошчвалi хлеб, бульбу, касiлi сенажацi, забяспечвалi сябе i лясных мсцiўцаў мясам i малаком.

Нiколi не спускаўся чырвоны сцяг i ў Жыраспёрах. Таму, калi прыйшла агульная перамога, нехта (аўтарства цяпер немагчыма адшукаць) прапанаваў штаб-кватэру непакорнага фашыстам партызанскага краю перайменаваць у Партызанаўку.

Гэта сапраўды iнтэрнацыянальны край. Тут, на мяжы трох абласцей, спакон вякоў усё пераплецена-знiтавана ў адно трывалае палатно. Адной вялiкай раднёй зрабiлiся ў былой партызанскай рэспублiцы беларусы, пскавiчы i смаляне. Разам яны нараджаюць i гадуюць дзетак, унукаў, ладзяць сямейныя i святкуюць дзяржаўныя святы. I сiлкуюцца адной “жывой вадой” з Усвячы, Заходняй Дзвiны ды тамтэйшых падземных крынiц.

------------------------------------------

Салдацкiя пакаленнi

З кожным годам усё менш збiраецца былых партызан-данукалаўцаў у маляўнiчай вёсцы Сасноўка, што побач з Вiцебскам. Крылаты выраз «свята са слязамi на вачах» падчас такога збору-пераклiчкi набывае глыбокi i самотны сэнс. Тое, што для iншых проста гiсторыя, для былых лясных змагароў «брыгады Аляксея» – асобная частка жыццёвага летапiсу. Некалi ў ваколiцах вёсак Сасноўка, Валосава, Скрыдлёва, Iванаўка не давалi партызаны-данукалаўцы ворагам спакойнага жыцця.

Заўсёды пасля падобных сустрэч i агляду парадзелага салдацкага строю нехта здымае мiнорны настрой толькi iм адным знаёмым клiчам:

— А цi не праверыць нашу «паштовую скрынку»?

I ветэраны гуртом, хто з кiёчкам, а хто ў апiрышчы на больш моцнае плячо, рухаюцца да старога «гасцiнца». Туды, дзе шмат гадоў запар стаяць у абдымку дуб з елкай. Багатая на фантазiю прырода ўзрасцiла i «ажанiла» дрэвы, якiя iдуць амаль што з аднаго кораня. Ледзь прыкметная адтулiна памiж iх стваламi ў гады ваеннага лiхалецця выкарыстоўвалася партызанамi ў якасцi «паштовай скрынкi». Партызаны-данукалаўцы са створанага прыродай дупла атрымлiвалi i адпраўлялi важныя звесткi праз сваiх сувязных. I не знайшлося здраднiка, якi б здаў гiтлераўцам такi дасцiпны стратэгiчны аб’ект.

Ну чым не жывы помнiк нашай славутай гiсторыi?! Да таго ж ён не адзiны. У вёсцы Сасноўка непадалёку ад возера i чыгункi ўзвышаецца магутны дуб. Вышыня яго ажно 24 метры, а дыяметр – звыш за паўтара метра. Вучоныя-бiёлагi вызначылi ўзрост гiганта: не менш 500 гадоў!

Нямнога такiх волатаў засталося на нашай зямлi. А гэты доўгажыхар з’яўляецца сведкам найважнейшых гiстарычных падзей на працягу некалькiх стагоддзяў. Калi б дрэва-ветэран магло гаварыць, яно б нагадала пра паўстанне 1623 года ў Вiцебску супраць польскiх магнатаў. I аб больш познiм нашэсцi напалеонаўскiх войскаў. А ў пачатку мiнулага стагоддзя, дакладней летам 1905 года, спрытная дзятва абсыпала магутныя галiны дуба i назiрала з вышынi, як палаў падпалены сялянамi маёнтак мясцовага памешчыка. Праз некалькi дзесяцiгоддзяў ужо дзецi гэтых дзяцей пад схованкай дрэва-гiганта сачылi за перамяшчэннем гiтлераўскiх акупантаў, а затым перадавалi неабходныя звесткi партызанам.

Можна сцвярджаць, што зберажоныя жывыя помнiкi не проста ўпрыгожваюць ландшафт, яны з’яўляюцца адмысловымi сувязнымi часу i прасторы памiж рознымi пакаленнямi.

Невыпадкова i на Успенскай горцы ў Вiцебску — над берагам Заходняй Дзвiны — ужо здалёк адкрываецца магутны абелiск з чырвонага гранiту. Шматтонны манумент вышынёю 26 метраў упрыгожвае бронзавы двухгаловы арол. На адлегласцi ён падобны на жывую птушку.

I тут лепшым гiдам можна выбраць далёкую ўжо гiсторыю. Напрыканцы лiпеня 1812 года пад Вiцебскам адбылася крывавая бiтва памiж рускiмi i напалеонаўскiмi войскамi. Французы настойлiва прабiвалiся да Масквы па старой смаленскай дарозе — захопнiкаў было значна больш. Але ваяры злучэнняў генералаў Астэрмана-Талстога i Канаўнiцына, як iльвы, загарадзiлi шлях варожай зграi.

Роўна праз сто гадоў у гонар мужнасцi i стойкасцi рускiх салдат i беларускiх апалчэнцаў быў збудаваны велiчны помнiк.

Праз паўтара стагоддзя гiсторыя паўтарылася — у падобным i гэткiм жа ганебным для чужынцаў варыянце. Ужо iншыя «ваякi» са свастыкай нахабна рушылi на Маскву. Па тым самым смаленскiм шляху. I былi моцна бiтыя...

Мудрым было рашэнне, каб сучасных герояў пахаваць поруч з асiлкамi Айчыннай вайны 1812 года на мемарыяльных могiлках на Успенскай горцы. У iх лiку Героi Савецкага Саюза генерал-маёр Сiвакоў i гвардыi маёр Янушкоўскi, генерал-маёр артылерыi Сцепаненка, палкоўнiк Казлоў i гвардыi падпалкоўнiк Севасцьянаў... У 1964 годзе афiцэрскiя могiлкi папоўнiлiся мемарыяльным знакам у гонар знакамiтага партызанскага камбрыга Мiная Шмырова – «Бацькi Мiная».

I ў гэтым для нашых сучаснiкаў таксама прасочваецца велiчная повязь гераiзму розных гiстарычных эпох.

←Спортивное лето. Начиная с 3 июля уроки фитнеса на открытом воздухе будут проводиться в Минске каждую неделю

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика