Што рабіць, калі згубіліся вашы блізкія

Источник материала:  
30.06.2010 11:42 — Новости Общества
Не трэба адразу ўзнімаць паніку. Хутчэй за ўсё з чалавекам, за якога вы хвалюецеся, нічога дрэннага не здарылася. Так, у маёй цёткі ўзімку "згубіўся" муж. Яна ў дзесяць гадзін вярнулася з дзяжурства, і калі не знайшла ў спальні сваю палову, узняла трывогу. Усё ж мужу ужо за 70 і апошнім часам ён вельмі дрэнна сябе адчуваў. На вушы былі паднятыя сын і дачка, якія тады ўжо жылі асобна. Але калі дзеці прыбылі падтрымаць маці, "згублены" муж знайшоўся — ён спаў у суседнім пакоі, дзе заснуў, слухаючы радыё.

Так, за год у Бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў ГУУС Мінгарвыканкама паступае каля дзесяці тысяч званкоў. 80 працэнтаў з іх датычаць людзей, якія і не думалі губляцца. Таму і раяць у БРНС людзям, калі яны адчуваюць, што не могуць своечасова вярнуцца дамоў (загуляліся, забалбаталіся, не паспелі на апошні аўтобус, завіталі да сяброў, ці яшчэ што), тэлефанаваць родным. Бо нехта ж зараз чакае, хвалюецца.

Больш за 70 працэнтаў з тых, каго шукаюць, — мужчыны. Відаць, моцная палова не любіць рабіць справаздачы пра свае планы. Прынамсі, самы вялікі працэнт "згубленых" мужчын ва ўзросце ад 30 да 44 гадоў. А большасці жанчын, якіх вышукваюць сваякі, 18—29 гадоў.

Кантынгент тых, каго шукаюць, можа мяняцца ў залежнасці ад сезона года. Так, калі вясной у асноўным "прападаюць" мужчыны, дык ўлетку з пачаткам канікул прымушаюць пахвалявацца за сябе дзеці, адбіваецца і дачны сезон. Самы ж "гарачы" час за гэты год, калі ў бюро паступіла найбольш зваротаў, — кароткія зімовыя месяцы (снежань і студзень). У сярэднім за дзень бывае каля 25 званкоў. Найбольшая колькасць тэлефанаванняў прыпадае на 9-11 гадзін пасля выхадных і на 22 гадзіны.

Дарэчы, на шматканальны тэлефон Бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў ГУУС Мінгарвыканкама, якое адказвае за пошук людзей ў Мінску і Мінскай вобласці, можна тэлефанаваць у любы час сутак. І калі вы хвалюецеся, што з вашым родным, сябрам нешта магло здарыцца, цягнуць не варта, трэба набіраць нумар бюро 229 48 88.

— Ніякіх абмежаванняў па часе няма, гэта ўсё прыдумкі, што калі нехта прапаў, трэба чакаць трое сутак, а пасля звяртацца ў міліцыю, — заўважае начальнік Бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў ГУВД Мінгарвыканкама, маёр міліцыі Юрый Малярэвіч. — З намі можна звязацца ў любы час, і чым хутчэй, тым лепш. Нягледзячы на тое, што большасць з тых, каго шукаюць, без праблем вяртаюцца самі, усё ж ёсць і тыя людзі, якім спатрэбілася наша дапамога. Так, за мінулы год мы адшукалі 1900 чалавек.

Калі ў вас сапраўды ёсць падставы для хвалявання, нехта з блізкіх не вярнуўся дамоў, не адказвае на тэлефанаванні, да таго ж у яго яшчэ маглі быць і праблемы са здароўем, самастойна абзвоньваць бальніцы не трэба. Уся інфармацыя з прыёмных пакояў бальніц, устаноў судзебна-медыцынскай экспертызы, органаў унутраных спраў, спецпрыёмнікаў, ізалятараў часовага ўтрымання трапляе ў БРНС. Прычым сюды прыходзяць звесткі і пра ўсіх нявысветленых хворых, неапазнаных трупах, людзях, якія пацярпелі ў выніку няшчасных выпадкаў.

Восемдзясят працэнтаў з адшуканых летась асобаў знаходзіліся ў бальніцах Мінска і Мінскай вобласці. На другім месцы (10—12 працэнтаў) людзі, якія патрапілі ў органы ўнутраных спраў (яны могуць быць затрыманыя за правапарушэнні альбо падазраюцца ў здзяйсненні злачынстваў). І яшчэ 8—10 працэнтаў сярод адшуканых людзей знаходзіліся ва ўстановах судова-медыцынскай экспертызы (моргах).

За восем гадоў, што працуе БРНС ГУУС Мінгарвыканкама, некаторых людзей тут шукалі ўжо па некалькі разоў. Напрыклад, гэта могуць быць дзеці, якія ўцякаюць з дамоў-інтэрнатаў (ёсць уцекачы, якія з інтэрната знікалі па 15-20 разоў). Асобная тэма — састарэлыя людзі, яны патрабуюць асаблівай увагі. І не толькі таму, што часам яны могуць заблукаць у горадзе. Калі ў якой бабулькі ёсць праблемы з памяццю, яна можа называць сваё дзявочае прозвішча, адрас, па якім жыла раней. Калі вы жывяце з састарэлымі людзьмі, у якіх ёсць праблемы з памяццю, але не можаце ўвесь час быць з імі побач, кантраляваць іх, кладзіце ў кішэні "няпамятлівых" родных паперкі з адрасам, прозвішчам і тэлефонам. Лепш, калі такія запісы будуць ляжаць у некалькіх кішэнях (бо часам старыя людзі іх выкідаюць) і ў ва ўсіх рэчах, у якіх такі чалавек выходзіць на вуліцу.

Пытаюся ў Юрыя Малярэвіча, ці дзякуюць ім людзі, якім дапамаглі знайсці "згубленых" сваякоў? І ён адказвае, што так, нават і ў бюро заходзяць, дзяўчатам, што іх падтрымлівалі, шукалі патрэбную інфармацыю, цукеркі прыносяць. Дарэчы, магчыма, неўзабаве Бюро па рэгістрацыі няшчасных выпадкаў пераймянуюць. Новая назва ўжо не будзе выклікаць такіх негатыўных асацыяцый. Памятаеце, як казаў барон Врунгель "як вы яхту назавяце, так яна і паплыве". Дык з БРНС іншы выпадак, тут знаходзяць людзей, і ў большасці гэта шчаслівыя знаходкі. 

←Семашко: Китай даст 15 млрд. долларов "на очень выгодных условиях"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика