Лукашэнка: «Я вельмі часта саджуся за руль і езджу па горадзе»
Гаворачы пра новага старшыню Мінгарвыканкама Мікалая Ладуцьку, Лукашэнка прызнаўся, што пытанне з прызначэннем было для яго складаным: «Заўсёды няпроста падбіраць кандыдатуру кіраўніка рэгіёну, але гэтая пасада на асаблівым рахунку з‑за маштабаў і значнасці сталіцы… Таму я доўга прыглядаўся да Мікалая Аляксандравіча Ладуцькі».
Як паведаміла прэс‑служба прэзідэнта, Лукашэнка адзначыў, што толькі 30% мінчан лічаць, што праца гарадскіх уладаў з насельніцтвам палепшылася. Палова не задаволена вырашэннем сваіх пытанняў у гарвыканкаме і адміністрацыях раёнаў. Лукашэнка папярэдзіў, што за цяганіну, абыякавасць, безадказнасць і грубасць чыноўніка запытанне будзе вельмі жорсткім: «Людзі гадамі не могуць дастукацца да вас са сваімі пытаннямі, але, як толькі ўмяшаецца прэзідэнт або Адміністрацыя прэзідэнта, усе перашкоды аказваецца лёгка ўстараніць. Вы пачысціце, падфарбуеце там, дзе я магу ўбачыць, а тое, што робіцца ў дварах, на не цэнтральных вуліцах горада, у аддаленых раёнах, вас ужо не цікавіць. Раю не расслабляцца:
я вельмі часта саджуся за руль і езджу па горадзе. І не дай бог убачу дзесьці беспарадак, нават у самых аддаленых кутках Мінска».Беларускі кіраўнік выказаў незадавальненне тым, што адбываецца ў сферы бізнесу. «Я ўжо стаміўся ад пастаянных скаргаў прадпрымальнікаў», — сказаў ён.
Лукашэнка запатрабаваў спыніць у сталіцы махінацыі з аўкцыёнамі зямлі: «Спыніце хімічыць з аўкцыёнамі, калі ствараюцца ўсе ўмовы для таго, каб зямлю або офіс атрымаў »свой» чалавек, і, напэўна, для чыноўніка небескарысліва».
Ён папярэдзіў Ладуцьку і ўвесь актыў горада, што да новага года сітуацыя ў Мінску павінна быць пераламана:
«Адна скарга — і меры будуць прымаць ужо іншыя людзі».Першачарговай задачай з’яўляецца аднаўленне дынамічнага і эфектыўнага развіцця прамысловага комплексу, бо Мінск «апынуўся на перадапошнім месцы ў краіне па тэмпах прамысловай вытворчасці». Кепска вырашаецца задача насычэння спажывецкага рынку айчыннымі таварамі. Апошнімі гадамі склалася негатыўная тэндэнцыя росту колькасці нізкарэнтабельных і стратных арганізацый.
Лукашэнка выказаў незадавальненне тым, што летась па тэмпах росту інвестыцый у асноўны капітал сярод рэгіёнаў краіны Мінск заняў апошняе месца, і сёлета сталіца застаецца ў ліку тых, хто адстае.
Ён абурыўся тым, што ў горадзе дагэтуль не наладжана дзейсная сістэма кантролю за мэтавым выкарыстаннем выдзеленых зямельных участкаў. У 2009 годзе з‑за парушэнняў зямельнага заканадаўства сталічны бюджэт недаатрымаў больш за 15 млрд. рублёў.
Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць узмацнення кантролю за якасцю і тэрмінамі будаўніцтва жылля.За першыя чатыры месяцы гэтага года Мінск не толькі не дацягнуў да запланаваных аб’ёмаў, але і пабудаваў менш, чым год таму. Выбарачная праверка ўстанавіла шматлікія факты прыёмкі ў эксплуатацыю недабудаваных дамоў. Лукашэнка падкрэсліў, што бяздзеянне ў навядзенні парадку ў жыллёвым будаўніцтве цягне прамы падрыў аўтарытэта ўлады і будзе расцэньвацца як »сабатаж з боку адпаведных кіраўнікоў з усімі магчымымі вынікамі».
Не менш нараканняў выклікае праца жыллёва‑камунальнай гаспадаркі. «Гэта самая балючая тэма для мінчан: летась колькасць скаргаў узрасла амаль на 30%, — сказаў Лукашэнка. —
Надзяленне ЖЭСаў правамі юрыдычнай асобы прывяло не да павышэння якасці паслуг, як было абяцана, а да ўзмацнення бюракратызацыі і бескантрольнасці гэтых арганізацый».Усё большую вастрыню і незадавальненне людзей выклікае транспартная праблема. Заторы на дарогах, перагружаныя аўтобусы, тралейбусы і трамваі, неразбярыха з паркоўкамі транспарту, недахоп аўтастаянак і гаражоў — усё гэта патрабуе »самай пільнай увагі мясцовых уладаў і аптымальнага вырашэння праблем». Таксама неабходна паскорыць вырашэнне праблемы падтаплення дажджавой вадой асобных тэрыторый горада. »Ненармальна, што апошнім часам кожны моцны дождж ператвараецца для нас у стыхійнае бедства», — сказаў Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу на тое, што ў 2009 годзе і сёлета адбыўся рост колькасці злачынстваў. »З такой сітуацыяй мірыцца нельга, калі мы паставілі сабе на мэце ператварыць Мінск ва ўзорную еўрапейскую сталіцу», — сказаў Лукашэнка, запатрабаваўшы актывізаваць працу па барацьбе са злачыннасцю.
Колькасць карупцыйных злачынстваў у сталіцы за мінулы год узрасла на траціну. 55% ад агульнай сумы хабару, што вымагаецца, прыпадае на сталіцу. »Не накідвайце самі сабе пятлю на шыю», — заявіў беларускі кіраўнік.
Адносна горадабудаўнічай палітыкі Лукашэнка адзначыў, што яна ўжо вызначана і застаецца нязменнай: «Мы павінны забудоўваць жылыя кварталы, а прамысловыя зоны трэба выносіць як мага хутчэй за межы Мінска. Мы не будзем перанасяляць Мінск і даводзіць да таго, каб у сталіцы пражывала палова насельніцтва краіны».
БелаПАН