Чаму ў цэнтры сталіцы прадаецца "опіум"?

Источник материала:  
28.06.2010 11:40 — Новости Общества
Напярэдадні Дня барацьбы з наркотыкамі кожнае радыё і кожны тэлеканал распавядае пра значныя поспехі ў барацьбе з незаконным абаротам наркатычных сродкаў. Разам з тым, ніхто не адмаўляе, што аб'ёмы наркатрафіку растуць, а колькасць спажыўцоў павялічваецца. Адкуль?

"Звязда" правяла сваё журналісцкае расследаванне. Аказваецца, прама ў цэнтры Мінска свабодна прадаецца рэчыва, якое па сваім уздзеянні мацнейшае за гераін і метадон. Яшчэ адзін парадокс — пра гэта ведаюць многія чыноўнікі... 

Па якой схеме дзейнічаюць мінскія наркакіёскі і каму гэта выгадна?

У рэдакцыю "Звязды" не раз са скаргамі звярталіся бацькі наркаспажыўцоў і звычайныя неабыякавыя грамадзяне: "Прама на рынках прадаюць наркотыкі, страшнейшыя за гераін. Чыноўнікі не рэагуюць. Напішыце!" У такія эмацыянальныя заявы верылася з цяжкасцю. На жаль, аказалася, што чытачы не фантазіравалі.

— На простым слэнгу гэта называецца "бубкі" ці "бубасы". На беларускім наркарынку з'явіліся з 2003 года. На першы позірк, яны выглядаюць, як звычайнае насенне маку, якім пасыпаюць булачкі, — тлумачыць Аляксандр Шпакоўскі, каардынатар грамадскай ініцыятывы "Антымак". — Насамрэч насенне прапітана алкоідамі опію. Зварыўшы гэту атруту, наркаспажывец атрымлівае рэчыва, мацнейшае за гераін. Кілаграма звычайна хапае на чатыры дозы.

Аляксандр Шпакоўскі працягнуў мне паперы за подпісам аднаго з міліцэйскіх начальнікаў. У дакументах быў падкрэслены абзац, які тычыўся опію, падрыхтаванага з такога "маку": "Тэрмін жыцця яго спажывальнікаў, па некаторых ацэнках, складае 1-2 гады, у той жа час "жыццёвы рэсурс" гераінавага наркамана — каля 5 гадоў".

— У Міністэрстве ўнутраных спраў нам патлумачылі, што пра ўсё ведаюць. Але не могуць вырашыць праблему з-за перашкодаў з боку іншых чыноўнікаў. Тыя, напрыклад, матывуюць, што, маўляў, нельга абысціся без маку ў харчовай прамысловасці і наадрэз адмаўляюцца ад тэрмічнай апрацоўкі насення. А каб вырашыць пытанне, санкцыю трэба атрымаць ад шэрагу ведамстваў...

— Навошта камусьці пасутнасці перашкаджаць міліцыі змагацца са смерцю?

— Нехта зарабляе на "бубках" фантастычныя грошы. Магчыма, існуе нейкае макавае лобі. Верагодна, камусьці выгадна, што пад выглядам маку прадаецца смяротнае насенне... Мяркую, праваахоўным органам вядома, хто стаіць за гэтым бізнэсам. На "бубкі" перайшлі амаль усе наркаманы, якія раней спажывалі гераін, метадон і гэтак далей. Чаму б і не? "Бубкі" прадаюцца напаўлегальна. З-за даступнасці і беспакаранасці заразу падхапілі тысячы і дзясяткі тысяч маладых людзей. Прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасці магчыма толькі тады, калі "бубкі" пачынаюць "варыць" у наркапрытоне. Колькі маладых людзей з-за гэтага ўжо ляжыць у трунах. У часы складанай дэмаграфічнай сітуацыі мы страчваем маладое пакаленне, павышаецца злачыннасць...

"Табе на іншы бок рынку, шукай кіёск з сухафруктамі"

Няўжо "бубкі" напраўду так адкрыта прадаюцца? Іду на крыты Камароўскі рынак і на першым жа гандлёвым пункце, дзе прадаюць засушаную садавіну і арэшкі, пытаюся пра мак.

— 14 тысяч за кілаграм, — адказвае прадавачка і насыпае мне паўкілаграма харчовага маку, якім звычайна пасыпаюць булачкі.

Натуральна, што з такога тавару наркотык не зварыш. Наўпрост пытаюся ў мясцовых таксістаў пра пункты, куды часта наведваюцца наркаманы.

— Табе на іншы бок "Камароўкі", шукай кіёск з сухафруктамі, — пагадзіўся распавесці адзін з таксістаў. — Нядаўна завозіў туды аднаго "абдоўбанага", дык той не хацеў плаціць. Пачаў я сваіх хлопцаў выклікаць, дык суцішыўся. З таго кіёска мак пакетамі выносяць.

— Я ж на наркамана не падобны. Мне прададуць?

— Для іх важна адно — выгада. Прададуць...

Знаходжу той самы пункт з сухафруктамі, наўпрост прашу паўкіло "бубасаў" і працягваю 60 тысяч беларускіх рублёў (кілаграм каштуе 120 тысяч, тавар, вядома, не выстаўлены на вітрыну).

— Вось вам два пакецікі, тут 300 грамаў, тут 200. Вам ёсць куды пакласці? — хутка і акуратна працягнула мне прадавачка два каляровыя поліэтыленавыя скруткі.

Адышоўшы, гляджу на тавар. У каляровых пакетах ляжаць празрыстыя, а ў іх — зусім іншы мак, з едкім пахам, змяшаны з сапраўднай макавай саломай (наш ДАСТ, зацверджаны яшчэ ў 1976 годзе, дазваляе прымесі макавай саломы). Проста неверагодна! Вочы не хочуць гэтаму верыць.

Тавар нясу былому наркаспажыўцу з васьмігадовым стажам Вадзіму Хвалько (прозвішча зменена ў мэтах бяспекі героя матэрыялу. — "Звязда"). Сёння Вадзіму 28, калоцца ён пачаў на першых курсах універсітэта. Калі падціснулі гайкі з гераінам і метадонам, перайшоў на "бубкі". Ледзь не загінуў, пасля чаго з дапамогай сям'і здолеў вылечыцца.

— О, гэта і ёсць "бубкі"! Самыя сапраўдныя, — пацвердзіў Вадзім.

— Ці можна сказаць, што я набыў наркотык, не слабейшы за гераін ці какаін?

— Па ўздзеянні гэта амаль тое ж самае. Толькі "бубкі", можна легальна купіць. І ніхто нічога не зробіць. Толькі калі ты пачнеш іх дома "варыць", то пагражае крымінальная адказнасць за выраб. Але гэта нікога не спыняе... Як пераўтварыць "бубкі" ў наркотык, напісана ў інтэрнэце. Уздзеянне цяжкае — спачатку калы па ўсім целе, потым адпускае, і эфект амаль такі ж, як ад гераіну. Ломка такая ж: круціць ногі, суставы, пачуццё трывогі, паніка. Вось чаму "бубкі" сталі такімі папулярнымі. Аднойчы ў Мінск завезлі нейкія іншыя, французскія "бубасы": насенне маку, насычанае кадэінам. З выгляду — звычайны харчовы мак, без дадаткаў макавай саломкі. Прыход быў такі моцны, што адразу трое маіх знаёмых загінулі, аднаго адкачалі — бацька на 40 хвілін раней прыйшоў з працы. Я таксама здзіўляюся, як тады змог выжыць. Калідоры ў бальніцах былі застаўлены дадатковымі койкамі, "бубачнікаў" аднаго за адным прывозілі з усяго горада. Дзіўлюся, як пасля такога дазваляюць гэтым гандляваць? 
"Бубкі" — адзіны від прадукцыі ў Беларусі, які за некалькі гадоў падаражэў больш як у 20 разоў. Каштаваў 5 тысяч рублёў, а сёння — па 120 тысяч за кіло. Тыя, што не змаглі саскочыць з "бубак", паміралі адзін за адным. Выратоўвала тое, што наркаманы займаюцца дробнымі крадзяжамі і часта трапляюць у месцы пазбаўлення волі. Толькі за гэты год загінула чацвёра бубачнікаў, з якімі ў свой час я пачынаў калоцца. Жыву ў мікрараёне Сухарава, у маім двары два вялікія дзевяціпавярховікі. І ў кожным пад'ездзе мінімум па адным наркамане. Чаму б і не, у адным Мінску шэраг пунктаў з "бубкамі". Такая ж сітуацыя, кажуць, у іншых абласных цэнтрах.

Ці вырашаць праблему пастановы, накіраваныя на барацьбу з "бубкамі"?

У аўторак, 22 чэрвеня, прайшла прэс-канферэнцыя з удзелам МУС, КДБ і Міністэрства аховы здароўя. За 45 хвілін было расказана пра поспехі беларускіх праваахоўных органаў у барацьбе з наркагандлярамі (а поспехі ёсць, і значныя). Звычайная прэс-канферэнцыя — службовыя асобы прамаўлялі, журналісты рупліва занатоўвалі інфармацыю. Самым гарачым момантам стала канцоўка прэс-канферэнцыі. Рэпарцёр Першага нацыянальнага тэлеканала заўважыў, што быў на Камароўскім рынку і высветліў, што там без праблемаў можна набыць наркатычныя сродкі, напрыклад, забароненыя курыцельныя сумесі з лінейкі "спайс". Следам задаў пытанне я, наконт "бубак" — ці бачаць праваахоўнікі праблему? Адказ быў такім:

— Мы вялі доўгую эпапею з гэтымі "бубкамі" і дабіліся свайго, — заўважыў Аляксандр ГАЎРЫЛАЎ, начальнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі. — 25 мая была падпісана пастанова Савета Міністраў № 779. Продаж нерасфасаванага маку на вагу быў забаронены. На ўпакоўцы павінна быць пазначана, хто вытворца, дата расфасоўкі, хто расфасоўшчык і гэтак далей. Апроч гэтага Дзяржстандартам перапрацаваны праект "Мак харчовы. Тэхнічныя ўмовы". Гэтай пастановай любыя іншародныя рэчывы ў маку будуць забаронены. Насенне маку, якое называюць "бубкамі", якраз наўмысна змяшана з макавай саломкай, якая і дае эфект. 26 ліпеня гэта пастанова ўваходзіць у сілу. Думаю, з гэтым стане прасцей.

— Якое пакаранне будзе чакаць гандляра "бубкамі"?

— Калі экспертыза дасць заключэнне, што ў насенні маку ёсць саломка, злачынца панясе крымінальную адказнасць...

Такія меры Міністэрства ўнутраных спраў лічыць перамогай. Што ж, у пэўным сэнсе гэта так. Нахабныя наркагандляры прынамсі перастануць прадаваць "бубкі", перамяшаныя з натуральнай макавай саломкай. Але ці вырашыцца праблема цалкам?

Вядома, не. Усё адно пад выглядам харчовага маку будуць прадаваць такое ж з выгляду насенне, насычанае алкоідамі опію. Выгадны бізнэс будзе квітнець, а наркабароны будуць усміхацца, пералічваючы грошы, заробленыя на крыві тысячаў маладых людзей, якіх падманам уцягнулі ў наркатычны палон...

Рыхтуючы гэты матэрыял, сустрэўся з яшчэ адным былым наркаспажыўцом Аляксандрам Сяргеевым (прозвішча зменена ў мэтах бяспекі героя матэрыялу. — "Звязда"). Дзесяць гадоў ён знаходзіўся ў наркатычнай залежнасці. Ад смерці выратавалі шматлікія судзімасці, турэмныя зняволенні. Аляксандр адзін з тых рэдкіх спажыўцоў, хто вылечыўся. Сёння (з часу выратавання мінула два гады) ён займае кіруючую пасаду на будаўнічым прадпрыемстве, збіраецца ажаніцца.

— Год таму быў на прыёме ў аднаго высокага міліцэйскага начальніка, абмяркоўвалі праблему распаўсюджання "бубак", — узгадвае Аляксандр. — Высветлілася, што гэты чалавек валодае пытаннем да дробязяў. Пры нас ён паставіў тэлефон на гучную сувязь і сказаў, што набірае нейкай чыноўніцы з іншага ведамства. Павітаўся з ёй і сказаў: "Ну што, ці будзем вырашаць пытанне з макам?" А яна ў адказ з насмешкай: "Я булачкі з макам люблю..." І кінула трубку. На гэтым наш візіт да міліцыянера скончыўся, усе пытанні былі знятыя... Таму я спадзяюся, што страшная праўда пра "бубкі" дойдзе да вярхоў, і тады праблему пачнуць вырашаць. Але ўсё адно ўдар па моладзі быў нанесены агромністы. Гэта яшчэ аукнецца нам у будучыні...

ПОГЛЯД ЗБОКУ

Мяне, чалавека, які вядзе здаровы лад жыцця, праблема наркаманіі раней ніколі не закранала. Жыццёвыя факты, з якімі давялося сутыкнуцца, рыхтуючы гэты матэрыял, шакіравалі. Не магу зразумець, як асобныя чыноўнікі цягам не менш як сямі гадоў дапускалі гандаль смерцю? Няўжо матэрыяльныя даброты могуць перакрыць злачынства, якое так доўга чыніцца? Былыя наркаспажыўцы, якім удалося выпаўзці з таго свету, і бацькі тых, што ўжо ляжаць на могілках, папрасілі: "Напішыце, каб вінаватых у гэтым бяспраўі, гэтых аматараў булачак з макам знайшлі і пакаралі..." Людзі, якія пацярпелі ад "бубасаў", упэўненыя — спыніць іх распаўсюджанне можа толькі тэрмічная апрацоўка ўсяго маку, увезенага ў Беларусь. Гэта — адзіная гарантыя.

"Мы кляліся, што не будзем залежнымі. Але кожны стаў гнілым наркаманам"

Былы наркаспажывец распавёў журналісту "Звязды" пра тое, як маладыя людзі найчасцей трапляюць у залежнасць і якая колькасць з іх усё ж вяртаецца ў грамадства. І самае галоўнае — як вылечыцца ад наркатычнай хваробы, да каго звяртацца?

30-гадовы Аляксандр Сяргееў (прозвішча зменена ў мэтах бяспекі героя матэрыялу) цягам прыкладна дзесяці гадоў быў "нарказалежным чалавекам". За гэты час былы "харашыст" мінскага ВНУ атрымаў шэсць судзімасцяў за крадзяжы і незаконны абарот наркотыкаў. Здавалася, чалавеку прыйшоў канец, ён — на самым дне...

Калі я сустрэўся з Сашам, то пабачыў самага шчаслівага чалавека, якога калі-небудзь сустракаў. Пазірае на свет з радасцю, размаўляе з натхненнем. Увогуле не брыдкасловіць, нават калі размова перацякае ў таварыскае рэчышча...

Па сутнасці хлопцу ўдалося выбрацца з магілы. Сёння ён займае кіруючую пасаду на будаўнічым прадпрыемстве, а ў вольны час дапамагае аднаму з цэнтраў рэабілітацыі нарказалежных вяртаць да нармальнага жыцця тых, хто трапіў у бяду.

Як чалавеку, які адной нагой стаяў на тым свеце і наадрэз адмаўляўся лячыцца, удалося вярнуцца да нармальнага жыцця?

— Лёгкія наркотыкі, марыхуану, я пачаў ужываць з 16 гадоў, калі навучаўся ў вучылішчы. Спачатку рэдка, з 18 гадоў — сістэматычна. Потым захацелася паспытаць нешта больш сур'ёзнае, — распавядае Саша не толькі пра свой лёс. Гэткім жа чынам да наркаманіі звычайна прыходзяць і іншыя. — Старэйшыя прапанавалі "пачаставаць" гераінам. Я ўжо навучаўся на першым курсе ўніверсітэта.

— І што гэта за ўражанні?

— Першы раз мне не надта спадабалася, узбуджаны і прыгнечаны станы перасякаліся паміж сабой. Але гераін — гэта жывёла, якая сядзіць і чакае. Праз месяц паспрабаваў яшчэ раз...

Адчуваў сябе вышэйшым за грамадства, з'яўляўся нейкі геройскі стан. Насамрэч гэта падман. Кожны з нашай кампаніі абяцаў сабе, кляўся, што не стане залежным. Але ўсё адно ў выніку мы, прабачце, пераўтварыліся ў гнілых наркаманаў...

Гераін ужывалі некаторыя мае аднагрупнікі, аднакурснікі. Не прыняўшы дозы, я не мог наведваць заняткі. Пры гэтым на першым курсе ўніверсітэта я меў даволі добрыя адзнакі — у асноўным пяцёркі, чацвёркі. На другім курсе з'явіліся першыя хвасты, на трэцім — я быў ужо глыбокім наркаманам. Пачаліся крымінальныя справы, адна за адной. Каб набываць наркотыкі, трэба было красці.

Спачатку прысудзілі да "хіміі". Там жа, дзе я адбываў пакаранне, мяне затрымалі з макавай саломкай, "хімію" працягнулі. Не паспелі вызваліць, як у Мінску мяне затрымліваюць за чарговы крадзеж. За кратамі прабыў 13 месяцаў.

Сістэматычна ўжываць наркотыкі ў калоніі было немагчыма. Я быў упэўнены, што больш ніколі не паспрабую, завяду сям'ю, скончу адукацыю. Але псіхалагічная залежнасць за кратамі заставалася. Праз тры месяцы пасля вызвалення я зноўку не ведаў, што з сабой рабіць. Зноўку пераўтварыўся ў цяжкага наркамана. Мяне зноў затрымалі за крадзеж, атрымаў пятнаццаць месяцаў строгага рэжыму. Зноў жа быў упэўнены, што ўсё ў жыцці будзе цудоўна, выйду з калоніі незалежным чалавекам. Але праз тры месяцы быў у той жа торбе, гніў, прыходзілі думкі пра самазабойства...

— Але ты зараз перада мной, жывы, шчаслівы...

— Можа займу час, але вельмі хочацца расказаць пра сваё выратаванне, — Саша загаварыў натхнённа, нібы распавядаў пра самы важны момант у сваім жыцці. — Мая маці адразу ж даведалася пра тое, што я ўжываю наркотыкі. Спрабавала мяне выратаваць. Я праляжаў у бальніцы, урачы сказалі, што знялі ломку, але душэўны стан мой змяніць яны не могуць. Сказалі, ёсць выйсце — звярнуцца ў рэабілітацыйны цэнтр. Такі на той час ужо адчынілі ў Светлагорску. Я адмахваўся, крычаў, што мне гэта не патрэбна.

Праз доўгія гады, калі мне было 28, сітуацыя стала бязвыхаднай: альбо зноўку ў калонію, альбо — смерць. Так аднойчы я ўжыў дозу, хадзіў і разважаў: "У жыцці нічога няма, усё, што меў, згубіў. Можа, зрабіць "залаты ўкол" і памерці?" Але наважыўся і паехаў у Светлагорск, дзе знаходзіўся той самы рэабілітацыйны цэнтр. Першае ўражанне было такім моцным, што вырашыў там застацца. І хоць я не меў пастановы медкамісіі, не прайшоў сумоўе, дырэктар цэнтра пагадзіўся мяне пакінуць. І пачалі здарацца цуды.

— Няўжо? Якія?

— У цэнтр наведалася міліцыя. Мяне затрымалі за старыя злачынствы. І павінны былі зноўку прысудзіць да строгага рэжыму. На той час я меў пяць судзімасцяў, усё было супраць мяне. Але цудам мяне пагадзіліся адпусціць пад падпіску аб нявыездзе. Потым быў суд, далі хатнюю хімію, якую я прайшоў у рэабілітацыйным цэнтры. Дзяржава пайшла вось на такія саступкі.

— І што, няўжо ў рэабілітацыйным цэнтры змаглі вылечыць пасля такога стажу нарказалежнасці?

— Калі быў нарказалежным, не мог у гэта паверыць. Але гэта здарылася. І такіх, як я, тысячы. Сёння я не п'ю, не палю, не ўжываю наркотыкі. У мяне цудоўныя адносіны з бацькамі. Мне 30, і я шчаслівы, незалежны ад наркотыкаў, жыву з Богам, а не ляжу ў магіле, не гнію ў прытоне. Маю цудоўную работу, добра зарабляю, займаю добрую пасаду. Але самае важнае, што я хрысціянін. Маё жыццё змянілася, дзякуючы Богу. Ён пайшоў мне насустрач — і ўсё змянілася. Усё, што было да 28 гадоў, гэта міма. Выкінуты аркуш, скрадзеныя гады, шэрыя будні. Не люблю пра гэта гаварыць, гэта бруд, жывеш у крывадушнасці, усіх падманваеш. Калі нехта прачытае гэты матэрыял, параю: звяртайцеся ў цэнтры рэабілітацыі, ратуйцеся. Там ёсць спецыялісты, якія ведаюць, як прывесці чалавека да нармальнага жыцця. Не памірайце ў наркаманіі, у брудзе. Я кажу наркаманам, якія яшчэ засталіся жывымі: "Ёсць выратаванне". Але мала хто прыслухоўваецца...

— Ці многія з нарказалежных, якіх ты ведаў асабіста, загінулі?


— Толькі за мінулы год пяць чалавек, з якімі я пачынаў спажываць. Усіх па прозвішчах магу назваць. Нехта памёр з-за СНІДу, нехта ад раку, нехта ад перадазіроўкі. Тыя ж "бубкі" папросту зжараюць арганізм, хваробы з'ядаюць чалавека за год. Толькі рэдкія знаёмыя здолелі пазбавіцца залежнасці.

Сітуацыя складаная і сканчэння гэтаму пакуль не відаць. Літаральна ўчора стаяў у двары свайго дома, прайшла кампанія — мясцовыя хлопцы, гады на чатыры маладзейшыя за мяне. Адразу вылічыў, што трое з іх былі моцна ўколатыя. Напэўна, бубачнікі. Я сам сустракаў людзей, якім па 15-16 гадоў, і ўжываюць бубкі: "Мы тарчкі, нам добра, хочам падвязаць, але не можам".

Затое людзі, якія зрабілі на такіх дзецях бізнэс, жывуць добра. Ведаю аднаго такога. У 2003 годзе ён пачаў гандляваць "бубкамі" на "Ждановічах". Трымаў пункт з сухафруктамі, якія яму не былі патрэбныя. У асноўным прадаваліся "бубасы". Пазней ён арганізаваў цэлую сетку такіх пунктаў. Нядаўна бачыў яго катэдж. Як будаўнік скажу, што каштарысны кошт будынка — не меншы за мільён долараў. Сёння гэты грамадзянін мае паспяховы бізнэс у іншых галінах.

— Ці многія спажыўцы цяжкіх наркотыкаў пазбаўляюцца залежнасці?

— Цяпер я дапамагаю аднаму з рэабілітацыйных цэнтраў. Па нашых падліках, да нармальнага жыцця пакуль вяртаецца не больш за 5 % ад спажыўцоў цяжкіх наркотыкаў. Адзін чалавек з 20. Іншая рэч, што з людзей, якія звярнуліся ў цэнтр рэабілітацыі, аж 75 % пазбаўляюцца залежнасці, прайшоўшы поўны курс лячэння. 25 % — усё адно не вытрымліваюць.

Праблема ў тым, што ў сваёй большасці наркаманы папросту не ведаюць, як вырашыць праблему. Яны ідуць насустрач смерці і не бачаць іншых шляхоў. Ёсць меркаванне, што былых наркаманаў не бывае. Я сцвярджаю — бываюць. На сустрэчу выпускнікоў нашага цэнтра прыязджае штогод каля 1000 чалавек. Гэта тыя, што вылечыліся і сталі шчаслівымі...

P.S. Да гэтай гутаркі дадам словы галоўнага нарколага Міністэрства аховы здароўя Беларусі Аляксея АЛЯКСАНДРАВА. Вось як ён апісвае рэабілітацыйныя цэнтры, дзе дапамагаюць залежным людзям:

— Там працуюць спецыялісты з вялікай практыкай узнаўлення тых здольнасцяў, якія нарказалежны чалавек страчвае з цягам часу. Цяпер у кожнай вобласці ёсць магчымасць атрымаць такую рэабілітацыю, няма неабходнасці ехаць у Мінск. У некаторых цэнтрах мы выкарыстоўваем не толькі метад псіхалагічнага ўздзеяння, але і метад медыкаментознай тэрапіі.

Найвялікшая перамога змагароў з наркотыкамі

Калі акрэсліць поспехі, якіх у плане барацьбы з наркотыкамі дасягнула Беларусь у гэтым годзе, найперш варта ўзгадаць забарону курыльных мікстаў з лінейкі "спайс". Пра гэту праблему "Звязда" распавядала мінулай восенню, калі наркотык яшчэ свабодна прадаваўся на кожным кроку. Наркагандляры больш за год адкрыта гандлявалі наркатычнымі мікстамі пад выглядам духмяных травак. Называліся яны "Спайс", "Спайсі", "Джа-раш" і гэтак далей. У беларускай інтэрнэт-прасторы з'явіліся дзясяткі крамаў па продажы атруты.

Пазней высветлілася, што гэтыя міксты — небяспечны сінтэтычны наркотык. Па сваім уздзеянні ён мацнейшы за марыхуану. Нягледзячы на гэта, псіхатропныя міксты з лінейкі "спайс" уключаліся ў рэспубліканскі пералік наркатычных сродкаў больш за год. 

За гэты час наркагандляры набудавалі катэджаў, набылі не па адным дарагім аўто, а самае страшнае — уцягнулі у наркаманію агромністую колькасць маладых людзей. Пасля журналісцкага расследавання ў "Звяздзе" артыкулы пра курыльныя міксты з'явіліся ў інтэрнэце, па тэлебачанні. 

З 1 студзеня гэтага года міксты з лінейкі "спайс" трапілі ў пералік наркатычных сродкаў.

Здавалася б — перамога. Але паўстала яшчэ адна праблема. Замежныя наркалабараторыі рыхтавалі ўсё новыя і новыя міксты, са змененымі хімічнымі формуламі. "Звязда" адзначала, што зноўку болей за год чакаць уключэння новых формулаў у рэспубліканскі пералік недапушчальна. І, дзякуй Богу, крытычная сітуацыя зрушылася з мёртвага пункту.

Ужо ў першай палове вясны рэспубліканскі пералік быў дапоўнены новымі сінтэтычнымі наркотыкамі, напрыклад, пара-метылэфедронам (так званым "крысталіусам").

У Міністэрстве ўнутраных спраў чакаюць новых "тавараў" з наркалабараторый і рыхтуюцца да яшчэ больш аператыўных контратак.

— Мы зараз прапрацоўваем пытанне па аналогіі з Германіяй. Яны ўносяць ў свой пералік не толькі сінтэтычны канабіноід, але і ўсе яго гамолагі, — тлумачыць Аляксандр ГАЎРЫЛАЎ, начальнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі. — Нам неабходна атрымаць заканадаўчую базу Германіі, прапрацаваць яе, паглядзець, ці магчыма ажыццявіць падобнае ў Беларусі.

Галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Аляксей АЛЯКСАНДРАЎ таксама абяцае, што цяпер рашэнне па ўключэнні небяспечных рэчываў у рэспубліканскі пералік будзе адбывацца хутчэй, чым раней:

— Гэты тэрмін не будзе складаць год ці паўгода. Усё было звязана з асаблівасцямі лабараторый. Цяпер, калі мы выяўляем формулу рэчыва, яна трапляе пад забарону цягам двух-трох тыдняў. Сінтэтычныя канабіноіды, якія ўтрымліваюць гэтыя новыя наркотыкі, з'явіліся не так даўно. Пакуль няма дастаткова матэрыялаў, каб сказаць, наколькі сур'ёзны ад іх эфект пашкоджання на нервовую сістэму. Але тыя выпадкі цяжкіх псіхічных расстройстваў, якія пасля спажывання гэтых наркатычных сродкаў развіліся ў нашых маладых грамадзян, сведчаць пра многае...

Галоўнае тое, што за гандаль сінтэтычнымі наркотыкамі сёння пагражае такая ж адказнасць, як і за распаўсюджанне гераіну ці метадону — да 15 гадоў пазбаўлення волі (артыкул 328 Крымінальнага кодэкса).

Міністэрства ўнутраных спраў прагназуе яшчэ большую пераарыентацыю наркарынку на раней невядомыя сінтэтычныя наркотыкі. Таму — будзьце пільныя і ў выпадку чаго не паддавайцеся на хлуслівую рэкламу наркагандляроў. Гэта можа каштаваць вашага жыццёвага лёсу.
Як дзейнічаць бацькам, чыё дзіця зрабілася нарказалежным?

Усю неабходную інфармацыю вы можаце атрымаць па тэлефонах "гарачых ліній". Лячэнне ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя ў тым ліку можа быць і АНАНІМНЫМ.

Рэспубліканскі цэнтр Міністэрства аховы здароўя 8 (017) 289 88 33
(з 8.00 да 20.00).

Брэсцкая вобласць 8 (0162) 28 20 51.

Віцебская вобласць 8 (0212) 48 61 58.

Гомельская вобласць 8 (0232) 71 96 32 (з 8.30 да 17.30).

Гродзенская вобласць 8 (0) 170 (кругласуткава).

Мінская вобласць 8 (017) 233 55 88.

Магілёўская вобласць 8 (0) 28 65 01.

Мінск 8 (017) 345 71 57 (з 8.00 да 14.00), 245 14 01 (з 14.00 да 20.00).



←Беларусь собирается возобновить поставки сухого молока в Россию

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика