Клецкая пракуратура вынесла папярэджанне выдаўцу хрысціянскай газеты «Апостальскі ветразь»
25 чэрвеня Клецкая раённая пракуратура вынесла афіцыйнае папярэджанне Алегу Нікуліну, выдаўцу хрысціянскай газеты «Апостальскі ветразь», якая выходзіла накладам 299 асобнікаў.
Як паведаміў прэсавай службе БХД Алег Нікулін, у тэксце папярэджання ўказана, што ён парушыў арт. 1 пп. 5, 26, арт. 17, п. 1 і арт. 32 Закона аб СМІ.
Паводле Алега Нікуліна, пракурор Алег Карабкоў папярэдзіў яго, што выданнем газеты, нават маланакладнай, могуць займацца выключна юрыдычныя асобы.
Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец патлумачыў, што ў адпаведнасці з Законам аб СМІ, дадзенае патрабаванне не распаўсюджваецца на выданні, наклад якіх не перавышае 299 асобнікаў. «Гэта вынікае з аналізу Закона, які мы правялі пасля таго, як пракуратуры ў некалькіх гарадах выносілі аналагічныя папярэджанні» — кажа юрыст.
У выданні асвятляліся выключна пытанні рэлігійнага жыцця.