Алег Манаеў: "Мне яшчэ грэх скардзіцца..."

Источник материала:  
23.06.2010 19:19 — Новости Общества
Днямі кіраўніцтва Белдзяржуніверсітэта запатрабавала, каб вядомы сацыёлаг прафесар Алег Манаеў напісаў заяву аб звальненні з БДУ. Прычым, Манаеву патлумачылі, што да яго працы ніякіх прэтэнзій няма. Проста ён... шмат гаворыць і кантактуе не з тымі. І некаму гэта зусім не падабаецца.

Алег Манаеў лічыць, што чарговы “наезд” на яго звязаны з прэзідэнцкімі выбарамі.

Некалькі дзён таму Манаеў зрабіў заяву, у якой падрабязна распавёў пра сваю сустрэчу з кіраўніцтвам БДУ.

— Пакуль ніякай рэакцыі на заяву няма, ды яна і не можа з’явіцца так хутка, — сказаў “ТіЦ” Алег Цімафеевіч.

— Наколькі я зразумела, заяву аб звальненні вы пісаць не будзеце?

— Канешне. Сорак гадоў я “адбарабаніў” у гэтым універсітэце, а цяпер пісаць заяву аб сыходзе невядома па якіх прычынах? Не!

— А вас могуць проста звольніць?

— Могуць. Толькі нагода павінна быць. А мне сказалі, што па працы да мяне няма ніякіх прэтэнзій. Відаць, проста дадзена каманда мяне звольніць.

— Здаецца, вас ужо не першы раз спрабуюць выштурхнуць з універсітэта...

— Так. Некалькі гадоў назад мяне спрабаваў звольніць рэктар БДУ Васіль Стражаў, але потым звольнілі самога Стражава. На яго месца прыйшоў Сяргей Абламейка, і я застаўся працаваць. Я, дарэчы, і пачаў сваю нядаўнюю размову з Сяргеем Уладзіміравічам з таго, што падзякаваў яму за гэта. Бо з таго часу, як я вярнуўся з Амерыкі, мы з ім не бачыліся.

— Калі не памыляюся, некалькі гадоў таму вас папракалі працай у адным з амерыканскіх універсітэтаў...

— Тады быццам бы згубіліся дакументы ў Міністэрстве адукацыі аб тым, што мяне адпусцілі ў навуковую камандзіроўку за свой кошт. Гэта было ў 2008 годзе. Стражаў тады параіўся з юрыстамі і прадоўжыў мне тэрмін камандзіроўкі, падпісаў неабходныя паперы, і я спакойна паляцеў у ЗША. Абламейка таксама без пытанняў адпусціў мяне ў камандзіроўку, за што днямі я і сказаў яму “дзякуй”. А зараз ён сам аказаўся ў такой жа сітуацыі, як тады Васіль Іванавіч.

— Думаеце, што рэктару БДУ нехта “выкручвае рукі”?

— Не магу сказаць дакладна. Я магу меркаваць па настроях, па тых дэталях і дробязях, якія заўважаю. І раблю выснову, што гэтае рашэнне нарадзілася не ва ўніверсітэце. Аднак гэта нічога не мяняе.

— Калі вас усё ж такі звольняць, застанецеся ў Беларусі ці з’едзеце ў тыя ж Штаты?

— Цяжка сказаць... Дарэчы, звальненне — не адзіная праблема ці недарэчнасць, з якой я сутыкнуўся ў апошні час. Мяне зараз і ў падатковую інспекцыю выклікаюць, прычым просяць даць справаздачу не за адзін год, а адразу за дзесяць. Я ўжо каторы раз хаджу туды і прадастаўляю паперы. А на мінулым тыдні нехта звінціў дзяржаўныя нумары з машыны, на якой я езджу. Вымушаны быў звяртацца ў міліцыю.

— Вы звязваеце такую пільную ўвагу да сваёй асобы з прэзідэнцкімі выбарамі?

— Зразумела.

— Але ж апошнім часам вы не давалі ніякіх каментарыяў, не рабілі гучных заяў...

— Дык а наконт чаго было іх рабіць? Будуць нейкія вынікі апытанняў — будуць заявы.

— Думаеце, нехта “вельмі зацікаўленыя” сталі працаваць на апярэджанне?

— Так. Патэнцыяльна ёсць нейкія “пункты” (не думаю, што іх тысячы, але дзясяткі дакладна), якія яны адпрацоўваюць. Спрабуюць нейтралізаваць, вывесці з гульні. Але мне яшчэ грэх скардзіцца, бо рукі мне не выкручваюць, тэрміны не даюць, не прыдумляюць нейкіх згвалтаванняў ці яшчэ чаго, як таму ваўкавыскаму прадпрымальніку Мікалаю Аўтуховічу...

— Ліст з пратэстам супраць вашага звальнення падпісалі больш за сто аўтарытэтных навукоўцаў з усяго свету. А што калегі па БДУ? Маўчаць?

— Ніводнага голасу з іх боку ў сваю падтрымку я не пачуў. Ну што пра гэта казаць?.. Гэта ўжо шмат разоў было ў гісторыі. І будзе, пакуль будуць жыць людзі.

— Кожны, відаць, баіцца страціць сваё працоўнае месца...

— Нехта адмахваецца, у некага сваіх праблем хапае. Я нікому не хачу прад’яўляць прэтэнзій. Нават не жадаю на гэты конт разважаць.

Што напісана ў заяве Алега Мінаева

1 чэрвеня 2010 года кіраўніцтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе я працую 40 гадоў (уключаючы гады вучобы), праз дэкана факультэта філасофіі і сацыяльных навук, дзе я працую прафесарам апошнія 18 гадоў, запатрабавала ад мяне напісаць заяву аб звальненні “па згодзе бакоў” без тлумачэння якіх-небудзь прычын. Я адмовіўся гэта зрабіць, паколькі ніякіх парушэнняў працоўнага заканадаўства ці акадэмічнай дысцыпліны не дапускаў і заўваг не маю. (Да таго ж да выхаду на пенсію мне засталося ўсяго паўтара года.) На наступны дзень мне сказалі, што “я павінен вырашыць гэтую праблему на працягу 10 дзён”. Даведаўшыся пра гэта, мае замежныя калегі ініцыіравалі збор подпісаў пад лістом-пратэстам, які накіравалі кіраўніцтву БДУ і Адміністрацыі прэзідэнта.

18 чэрвеня нарэшце адбылася прамая размова з рэктарам універсітэта акадэмікам Сяргеем Абламейкам і прарэктарам Уладзімірам Клюняй. Мне было сказана, што “ніякіх прэтэнзій па выкладчыцкай ці навукова-даследчай рабоце” да мяне няма. Праблема ў іншым — як супрацоўнік дзяржаўнага ўніверсітэта я “абавязаны не ажыццяўляць дзеянняў, якія выходзяць за рамкі дзяржаўнай палітыкі”. У якасці такіх дзеянняў расцэньваюцца мае кантакты з рознымі структурамі і лідарамі апазіцыі, якія “праводзяць антыдзяржаўную палітыку”. Я спрабаваў патлумачыць, што як прафесійны сацыёлаг, які вывучае беларускае грамадства, сустракаюся і абмяркоўваю самыя розныя праблемы з самымі рознымі людзьмі, якія прадстаўляюць як улады, так і апазіцыю. Калі некага цікавіць маё меркаванне, я выказваю яго незалежна ад палітычных поглядаў сваіх суразмоўцаў. У гэтым — сутнасць маёй прафесіі і ў Беларусі, і ў любой іншай краіне. Так, у час маёй працы ў НІСЭПД я апублікаваў некалькі кніг, дзясяткі навуковых артыкулаў і інтэрв’ю ў СМІ па найважнейшых праблемах развіцця беларускага грамадства, сярод іх былі і тыя, што змяшчалі крытычны аналіз дзеянняў як улад, так і апазіцыі. Прыкладаў іх выкарыстання рознымі палітычнымі сіламі шмат. Адзін з апошніх — згадванне даследаванняў НІСЭПД у красавіцкім Пасланні прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.

Аднак гэтыя аргументы не пераканалі кіраўнікоў БДУ. Мне сказалі, што “пытанне аб звальненні зараз не стаіць”, але я “павінен прытрымлівацца ўказаных рамак”. …Я высока цаню сваю alma mater і стараюся, каб новыя пакаленні студэнтаў адчувалі ў адносінах да яе тое ж, што і я. Але прытрымлівацца нейкіх ідэалагічных ці палітычных “рамак” у сваёй прафесійнай дзейнасці, нават дзеля захавання працоўнага месца, не буду — гэта супярэчыць майму прафесійнаму і грамадзянскаму абавязку.




←В рамках празднования Международного олимпийского дня в Пинске был сдан в эксплуатацию 122-квартирный жилой дом, построенный по линии Национального олимпийского комитета Беларуси.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика