Лукашэнка: Замежныя інвестары павінны забяспечваць максімальную глыбіню перапрацоўкі малака
Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка сёння, наведваючы СТАА «Юнімілк Шклоў».
Звяртаючыся да аперацыйнага дырэктара ААТ «Кампанія Юнімілк» (Расія) Міхаіла Галуева, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што неабходна арыентавацца ў першую чаргу на глыбіню перапрацоўкі. «Хачу, каб вы выраблялі ўвесь спектр прадукцыі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, «вывозіць малако ў пачках — гэта добра, але гэта не тое, што нам патрэбна». «Калі будзеце працаваць, як у сябе дома, і дбаць аб краіне, то атрымаеце самую поўную падтрымку і будзеце працаваць у такіх аб’ёмах, як захочаце», — сказаў прэзідэнт Міхаілу Галуеву.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што кампанія «Юнімілк Шклоў» з’яўляецца своеасаблівым эксперыментальным праектам. «Масава мы не пойдзем па шляху прыцягнення замежных інвестараў у перапрацоўку па зразумелых прычынах: у нас і сваіх прадпрыемстваў хапае», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што з перапрацоўкай праблем у Беларусі няма, тым больш што запатрабаванасць малочнай і сельскагаспадарчай прадукцыі ў цэлым на сусветным рынку толькі ўзрастае.
БЕЛТА