Інвалід — не спажывец?

Источник материала:  
18.06.2010 02:15 — Новости Общества
Валерый Рында падаў у суд на Беларускі пратэзна-артапедычны ўзнаўленчы цэнтр за няякасна зробленыя пратэзы. Падчас суда мужчына даведаўся, што заканадаўства па правах спажыўцоў на яго не распаўсюджваецца.

Коратка стрыжаны шыракаплечы мужчына ў інвалідным крэсле сустракае мяне каля парога. Магутны для сваёй, здаецца, мініяцюрнай каляскі, ён віртуозна лавіруе ў вузкіх калідорах трохпакаёвай кватэры. Ногі Валерый Міхайлавіч страціў падчас чыгуначнай аварыі. Зараз 43-гадовы мужчына жыве з жонкай і дваімі дзецьмі ў трохпакаёвай кватэры на Слабадскім праездзе.

"З-за дрэнных пратэзаў у мяне крывавілі ногі"

Валерый Рында падаў у суд на Беларускі пратэзна-артапедычны ўзнаўленчы цэнтр (БПАУЦ) два гады таму.

— Пратэзы мне мянялі з 2006 па 2008, нягледзячы на тое, што пратэзаванне і рамонт мне павінны забяспечваць раз у год, як прапісана ў маёй праграме рэабілітацыі, — расказвае Валерый Міхайлавіч. — У 2006-м мне паставілі пратэзы. Спачатку паспрабаваў на такіх пратэзах працаваць (быў тэхнікам—камп'ютаршчыкам на фірме). Так два тыдні памучыўся і месяц праляжаў пасля на бальнічным. Вымушаны быў звольніцца, таму што ногі аж крывавілі. А праз паўгода я папрасіў замяніць іх, бо хадзіць на такіх пратэзах ужо не мог. Пачаў патрабаваць у БПАУЦ памяняць прыёмнік пратэза. А яны мне ў адказ: "Тэрмін эксплуатацыі пратэзу не скончаны". Я кажу: "Я хадзіць не магу, прычым тут тэрмін эксплуатацыі?". Яны мне: "Ну, пачакайце, мы збяром камісію. Мы вам прызначым час, каб вы прыехалі". Я кажу: "Мне ж патрэбна браць ці таксі, ці кагосьці прасіць, каб да вас даехаць. Ды яшчэ і два месяцы чакаць, пакуль вы яе збераце". А мне ж хадзіць немагчыма.

Многія інваліды з рэгіёнаў, па словах Валерыя Міхайлавіча, адмаўляюцца ад таго, каб прыязджаць на камісіі. Прыязджаць даводзіцца неаднойчы, а дзе наездзішся з якой-небудзь вёскі?

— Аднак я прынцыпова паехаў, — распавядае Валерый. — У выніку было прынятае рашэнне, што проста зараз мне неабходна было зайсці ў кабінет да ўрача, каб той прызначыў час. Проста зараз. І для гэтага патрэбна было збіраць цэлую камісію.

Нармальныя пратэзы Валерыю Міхайлавічу паставілі ў 2008 годзе.

"Спажывец — камітэт па працы і занятасці Мінгарвыканкама?"


— Пасля таго як мне паставілі пратэз, я падаў на БПАУЦ у суд за парушэнне маіх правоў як спажыўца, — працягвае Валерый Міхайлавіч. — Мала таго, што мяне зрабілі няякасны пратэз. У дадатак я згубіў працу, патраціў столькі грошай і сілаў, так што прасіў кампенсаваць мне матэрыяльны ўрон.

Валерый Рында патрабаваў ўзнавіць яму каля 4,5 млн. беларускіх рублёў за патрачаныя грошы на таксі і недаатрыманы заробак. І яшчэ 5 млн. за маральны ўрон. Бо сям'я з трох чалавек фактычна на два гады страціла кармільца.

— Самае цікавае, што я спажыўцом не з'яўляюся, — усміхаецца Валер Міхайлавіч. — Пра гэта я даведаўся ў зале суда. Раней я думаў, што спажывец — гэта чалавек, які карыстаецца таварам. Але згодна заканадаўству спажывец — гэта той, хто набывае паслугі ці тавар за свае грошы. А пратэзы прадстаўлены за кошт сродкаў Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароны Мінгарвыканкама. Дык што, яны і ёсць спажыўцы маіх пратэзаў? Значыць, яны або Міністэрства працы і сацыяльнай абароны павінны абараняць мае правы?

Парушэнні тэрміну пратэзавання суд не прызнаў. Іск Валерыя Рынды не задаволілі.

Валерый Міхайлавіч не згодзен з рашэннем суда.

— Суд вынес рашэнне, што пратэзаванне індывідуальнае і канкрэтных межаў не мае, — дзеліцца меркаваннем спадар Рында. — Аднак у маё праграме рэабілітацыі сказана пра штогадовую замену пратэзаў. Ды і тэрмін эксплуатацыі пратэзаў роўны аднаму году. Пасля яго заканчэння мне не маюць права мяняць пратэз. Суд не знайшоў ніякіх парушэнняў. Але я вам скажу, што, напрыклад, на камісіі, якая вызначала тэрмін вырабу пратэзу, мяне не было. Не быў прыняты пад увагу факт, што запаленчы працэс пачаўся менавіта ад нашэння пратэзаў ...

Год за два — і грошай няма

— Для чаго ўсё гэта робіцца? — разважае Валерый Міхайлавіч. — Калі ў мяне, напрыклад, замена пратэза стаіць штогод, то і ў паперах яна стаіць штогод. Мне адказвалі з БПАУЦ, што парныя пратэзы я абавязаны насіць не больш за адзін год. Але па заключэнні ўрача — не больш за 2 гады. І тут цікавая сітуацыя. Гарантыйны тэрмін пратэза — адзін год. Падчас гэтага тэрміну калі раптам мне пратэз стане ціснуць ці яшчэ што-небудзь, то яго павінен адрамантаваць за свае грошы сам БПАУЦ. А калі пратэзу больш за год, то ўсё, нічога не дакажаш.

Па словах Рынды, такіх, як ён, досыць шмат. Не ўсе могуць вытрымаць шматгадовую перапіску і судовыя цяжбы. Сам Валерый Міхайлавіч з уздыхам думае пра тое, што, магчыма, ізноў прыйдзецца прайсці ўсю тую працэдуру і ў наступным годзе, калі зноў патрэбна будзе замяняць пратэз.

Інвалід, трымаючы стос папераў з перапіскі, разважае пра тое, што калі-небудзь яму не давядзецца праходзіць столькі кабінетаў, каб проста папрасіць памяняць невялікую дэталь ці падкруціць гайку на пратэзе.

— У ідэале было б выдатна, каб Міністэрства працы і сацыяльнай абароны было проста гарантам праплаты БПАУЦ грошай, — прапаноўвае Валерый Міхайлавіч. — Каб я спакойна мог падаць на іх у суд і абараніць сябе як спажыўца. Таму што атрымліваецца замкнёнае кола. Паколькі я не спажывец, то заканадаўствам аб правах спажыўцоў абараніцца я не магу. Скардзіцца ў медыка-рэабілітацыйную камісію зноў жа вельмі доўга. Тым больш бессэнсоўна, што яе ўзначальвае галоўны ўрач БПАУЦ. А падаць на БПАУЦ у суд... Вы самі бачыце вынік. І выйграць справу таксама. Таму што няма дакладнага тэрміну пратэзавання...


За тлумачэннем сітуацыі мы звярнуліся да Івана Волкава, генеральнага дырэктара РУП "Беларускага пратэзна-артапедычнага аднаўленчага цэнтра":

— Сёння мы ўсе камплектуючыя для вырабу пратэзаў набываем за мяжой. Сітуацыя такая. Прыходзіць кліент, мы бачым, што яму неабходна для пратэза. І заказ прымаем, здымаем памеры і заказваем гэтыя вырабы ў пастаўшчыкоў. Гэта Расія, Германія, Польшча, Англія, Нідэрланды і г.д., — расказвае Іван Мікалаевіч, — Адпраўляем заяўку, пасля атрымліваем пацвярджэнне, што такія найменні вырабаў ёсць у пастаўшчыка. Пасля ідзе афармленне дамовы пастаўкі, рэгістрацыі яго ў мытнай службе. Потым пацвярджэнне замежных грошай, адбываецца пастаўка з наступнай аплатай. Гэта ўсё займае часам два-тры месяцы. І не таму, што мы так хочам. А таму што мець запасы на складзе — гэта значыць мець шалёныя зваротныя сродкі, якімі цэнтр проста не валодае. Да ўсяго ёсць праблема з плацяжамі камітэтаў па працы і сацыяльнай абароне абласцей. Па Мінску і вобласці сітуацыя больш-менш. Па іншых абласцях іншы раз узнікаюць пытанні, калі за вырабленыя і выдадзеныя вырабы аплата ўносіцца несвоечасова. Як прыклад, на першае чэрвеня бягучага года запазычанасць Камітэтаў па працы і сацыяльнай абароне за вырабленыя і выдадзеныя пратэзы склала каля 1,5 млрд рублёў. Вядома, тармозіць гэта...

Ёсць яшчэ адзін момант. Чалавек прыходзіць і кажа, што яму неабходна. Мы адпраўляем заяўку пастаўшчыку. А ён кажа, што ў мяне сёння на складзе гэтага вырабу няма. Запусціць яго ў вытворчасць сёння досыць складана. Таму ён камплектуе заяўкі ўсіх тых, хто звяртаецца за дадзеным вырабам, і праз паўгода запускае вытворчасць. Адсюль атрымліваецца, што гэты цыкл павялічваецца. Але хачу падкрэсліць, што як толькі мы атрымліваем камплектуючыя, мы адразу запрашаем на пратэзаванне.

Унесці змены ў парадак пратэзавання ўсё ж варта

— Што тычыцца Валерыя Рынды ... Мы разглядалі усе яго лісты, — працягвае спадар Волкаў, —Тады вырабы былі цалкам укамплектаваныя і гатовыя для прымеркі і наступнага вырабу. Ён з-за розных падстаў (то ён вучыцца, то ў яго сесія, то ён не можа прыехаць) адмаўляўся легчы ў стацыянар. Пасля падаў на нас у суд. Суд разгледзеў дакументы, запрашэнні. Усю гэтую кухню. І не знайшлі прычын для задавальнення іску.

У адным лісце ён пісаў моманты, якія, на мой погляд, усё ж патрабуюць унясення ў нарматыўны дакумент. Гэта тэрмін вырабу пратэзаў. Тэрмін носкі вырабу, у залежнасці ад віду, адзін-два гады: на парныя пратэзы — адзін год, на адзінарны — два. Пытанне ў тым, што мы можам прымаць заказ, згодна з пастановай Савета Міністраў, пасля заканчэння тэрміну носкі вырабу. Калі чалавек прыходзіць за два тыдні і кажа, што тэрмін пратэзавання ў яго заканчваецца, то гэты тэрмін я бяру на сябе. А калі застаецца два месяцы, тры месяцы? Я не магу гэтага зрабіць. Вядома,тэрмін пратэзавання мог бы зменшыцца. Уявіце, што тэрмін носкі ў чалавека заканчваецца першага чэрвеня, а ён прыходзіць, напрыклад, 17-га. І афармляе заказ. І зноў пачынаецца заяўка, закупка і г.д. А калі б ён прыйшоў першага мая? Калі б было прапісана, што за месяц да заканчэння тэрміну грамадзянін мае права прыйсці і падаць заяўку і г.д., то мы б яму адкрылі заказ у маі і пачалі камплектацыю. Калі б такі дазвол быў, было б прасцей.

Я вам скажу, што з 12 тысяч людзей, што карыстаюцца пратэзамі верхніх і ніжніх канечнасцяў, такіх скаргаў зусім няшмат. У працэнтных суадносінах гэта складзе каля дзесяцітысячнай. Працэнты працэнтамі, але чалавек ёсць чалавек...

←Безумно дорогие новости

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика