Партыя БНФ лічыць, што гэта яна спыніла рост мытаў на аўтамабілі
З ініцыятывай правядзення такога рэферэндуму Партыя БНФ выступіла ў снежні 2009 года. Прадстаўнікі партыі прапанавалі вынесці на ўсенароднае галасаванне пытанне: «Ці падтрымліваеце вы захаванне памеру мытных пошлін на ўвоз у Рэспубліку Беларусь легкавых аўтамабіляў замежнай вытворчасці на ўзроўні 26 лістапада 2009 года?»
20 мая ЦВК адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы на той падставе, што прапанаванае для вынясення на рэферэндум пытанне «не мае дакладнага і яснага характару, а адказы на яго могуць быць вытлумачаны па‑рознаму».
Нягледзячы на адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, а таксама слабую надзею на задавальненне скаргі ў Вярхоўным судзе,
ініцыятары рэферэндуму лічаць свае дзеянні паспяховымі.
«Відавочна, што з 1 ліпеня пошліны на ўвоз аўтамабіляў для фізічных асоб не ўзрастуць, — заявіў лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч 17 чэрвеня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску.
— Гэта адна з рэдкіх кампаній, што праводзіцца партыяй, якая прывяла да канкрэтнага выніку».Паводле меркавання намесніка партыі Ігара Лялькова, ініцыятыва Партыі БНФ стала «каталізатарам выпрацоўкі актыўнай пазіцыі насельніцтва ў дачыненні да павышэння мытных пошлін».
Пры гэтым ён адзначыў, што мэта кампаніі — адмена павышэння мытных пошлін — дасягнута не цалкам, бо рашэнне аб павышэнні пошлін для юрыдычных асоб не адменена.
У сувязі з гэтым Партыя БНФ мае намер працягваць кампанію па адмене мытных пошлін на ўвоз аўтамабіляў. У прыватнасці, адпаведнае палажэнне ўтрымліваецца ў перадвыбарнай платформе кандыдата ў прэзідэнты ад партыі на будучых выбарах.
БелаПАН