Армянскі акцэнт сяброўства ў Мінску

Источник материала:  
Армянскі акцэнт сяброўства ў Мінску
За подзвігі, здзейсненыя ў Вялікую Айчынную вайну на тэрыторыі Беларусі, званне Героя Савецкага Саюза атрымалі 12 прадстаўнікоў братняга народа
...Была добрая нагода, каб сабрацца армянам і іх сябрам разам, па традыцыі ў мінскім Палацы культуры чыгуначнікаў. Адзначалі Дзень незалежнасці Арменіі, але святочны канцэрт прысвячаўся і Дню Перамогі. У Беларусі, да слова, цяпер жыве больш за 10 тысяч армян. Вітаючы залу, пасол Арменіі ў Беларусі Армэн Хачатран павіншаваў усіх са святам, падзякаваў беларусам, якія цёпла і сардэчна ставяцца да яго суайчыннікаў.
Ішоў не проста канцэрт, а душэўны, шчымлівы, пранікнёны дыялог пакаленняў. Была мінута маўчання, быў аповед трох маладых вядучых пра ўдзел армян у Вялікай Айчыннай, на экране — твары армян, што ваявалі, загінулі за Беларусь. Танцы ансамбля “Эрэбуні” ілюстравалі гісторыю Арменіі. А яшчэ спявалі, танцавалі, ігралі на розных інструментах і чыталі вершы як юныя прадстаўнікі армянскай супольнасці, так і іншых нацыянальнасцяў.
Асновай жа для размовы пра даўняе моцнае сяброўства армян і беларусаў стала кніга “Армяне — Героі Савецкага Саюза ў баях за Беларусь (1941–1944 гады)”, выдадзеная да свята пры падтрымцы беларускага прадпрымальніка, армяніна Армэна Хечаяна. Кнігу разам стваралі сябры: вучоны-гісторык з Арменіі Клімент Аруцюнян і яго беларускі калега Аляксей Літвін. І перш чым пад апладысменты падняліся на сцэну аўтары, удзельнікі канцэрта як бы перагортвалі старонкі мінулага. Лічбы ўражваюць. “600 тысяч армян змагаліся ў гады Вялікай Айчыннай, з іх 200 тысяч загінула,— гаварыў доктар гістарычных навук Аляксей Літвін. — Каля 60 тысяч армян змагаліся з фашыстамі, у тым ліку і ў партызанах, падполлі тут, на зямлі Беларусі. І загінула іх у нас вельмі шмат: прыкладна 15-20 тысяч”. Гісторык пашкадаваў, што яшчэ не створана поўная база дадзеных пра салдатаў-вызваліцеляў, і “з тых паўтара мільёна воінаў, што пахаваны ў Беларусі, мы ведаем менш за палову імён”. Але база ствараецца, і Аляксей Міхайлавіч спадзяецца ў гэтай справе і на падтрымку армянскай дыяспары. Сёння ўстаноўлена: 12 сыноў Арменіі высокае званне Героя атрымалі за подзвігі, здзейсненыя на беларускай зямлі. Вядомы і яшчэ 12 Герояў, якія змагаліся на тэрыторыі Беларусі, прычым чацвёра з іх тут і пахаваны, а магілу аднаго не ўдалося знайсці па гэты час.
Армянскі акцэнт сяброўства ў Мінску
Беларускі гісторык прызнаўся: да работы над кнігай і не ўяўляў, як многа зрабіў армянскі народ для Перамогі, вызвалення Беларусі. Ён пазнаёміўся з Кліментам Аруцюнянам гадоў трыццаць таму, у бібліятэцы. І ведаў яго як патрыёта Арменіі, удумлівага, уважлівага даследчыка. “Клімент стварыў сапраўдны помнік, цэлую кніжную галерею аб подзвігах армян на вайне”, — высока ацэньвае работу калегі Аляксей Міхайлавіч. Праца над кнігай пачыналася з іх асабістага сяброўства: пару гадоў таму вырашылі разам напісаць пра баявую садружнасць армянскага і беларускага народаў.
Цікава, што менавіта беларускія старонкі ў гісторыі роду падштурхнулі да заняткаў гістарычнай навукай Клімента Аруцюняна. Задаючы госцю з Арменіі пытанне пра тое, што яго звязвае з Беларуссю, я, прызнацца, і не чакаў атрымаць такі змястоўны адказ.
— Гэта ўжо трэцяя мая паездка ў Беларусь, а першы раз я спецыяльна паехаў у Брэст, — расказаў Клімент Амасіевіч. — Там мой дзядзька, Андронік Мінасян, служыў у Брэсцкай крэпасці. Але калі фашысты наступалі, частка гарнізона ў першыя дні вайны была па-за крэпасцю, у ліку іншых з баямі ён змог адступіць, потым быў пад Сталінградам,
удзельнічаў у вызваленні Венгрыі, у баях за Аўстрыю…
— Я нарадзіўся ў горадзе Кафане, — прадаўжаў вучоны. — Высветліў: 200 армян адтуль служылі ў Брэсцкім гарнізоне, калі пачалася вайна. Гэта былі адукаваныя людзі, з іх 130 былі настаўнікамі. І яны пісалі такія пісьмы з Брэста! Абараняючы крэпасць, стаялі насмерць, і многія загінулі там. У Брэсце я лёгка знаходзіў армянскія прозвішчы на памятных плітах, і ў музеі пра іх ёсць звесткі. Так што найперш гэта мяне звязала яшчэ з дзяцінства з Беларуссю. Дарэчы, калі мне было гадоў пяць, я на карце Саюза ўжо мог паказаць, дзе горад Брэст. Увогуле ж тры мае дзядзькі былі ваеннымі, і бацька ваяваў, вярнуўся дадому пасля ранення.
Армянскі акцэнт сяброўства ў МінскуКлімент Аруцюнян цяпер працуе ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук Арменіі, добра ведае, што яго народ спрадвеку звязаны з гісторыяй Беларусі. Ён нагадаў, што сёлетнія 600-я ўгодкі Грунвальдскай бітвы — свята і для Арменіі: “Там быў цэлы армянскі полк”. І калі Савецкая ўлада ўсталёўвалася, то Аляксандр Мяснікян, вядомы ў Беларусі як Мяснікоў, быў у лідэрах рэвалюцыйнага руху, у 1919-м узначальваў ЦК кампартыі Беларусі і ўрад. Як даніна павагі беларусаў яшчэ аднаму слаўнаму сыну Арменіі — вуліца Алібегава (Аганеза Алібегянца) у Мінску. Напісаў армянскі гісторык кнігу і пра двойчы Героя Івана Баграмяна — з імем Маршала Савецкага Саюза звязана вызваленне Беларусі, ён тады камандаваў Першым Беларускім фронтам, на якім змагалася амаль мільён салдатаў. На беларускай зямлі Баграмян атрымаў і першае званне Героя. Усяго ж за вайну, з гордасцю ўдакладняе Клімент Аруцюнян, высокага звання ўдастоены 106 армян.
І Клімент Аруцюнян, і Аляксей Літвін прадаўжаюць сумесную работу па ўшанаванні памяці герояў Перамогі, вызвалення Беларусі. Важна, што цяпер да пошукавых работ падключацца і шматлікія прадстаўнікі армянскай дыяспары.

Іван Ждановіч

←РАСКАДРОВКА

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика