У паліклініках уводзяцца пасады памочнікаў дактароў
У Беларусі распачата праца па ўкараненні пасады памочніка лекара ў паліклініках, паведаміў на прэс‑канферэнцыі 16 чэрвеня ў Мінску міністр аховы здароўя Васіль Жарко.
Паводле яго слоў,
памочнік доктара будзе ажыццяўляць даўрачэбны кантроль пацыентаў, выпіску рэцэптаў, дыспансерызацыю, кантроль за выкананнем пацыентам прызначэнняў доктара і г.д. Мэта ўвядзення пасады — зняць нагрузку з доктара,удасканаліць даступнасць і якасць медыцынскай дапамогі ў паліклініках.
Як паведаміў міністр, на пасаду памочніка лекара могуць прэтэндаваць сярэднія медыцынскія работнікі, якія прайшлі спецыяльнае навучанне ці курсы павышэння кваліфікацыі. Зарплата ў памочнікаў доктара будзе вышэйшай, чым у медсястры.
Зараз у краіне каля 164 тыс. медработнікаў. Паводле слоў Жарко, на кожныя 10 тыс. чалавек прыпадае 30 дактароў, што практычна адпавядае сярэднееўрапейскаму паказчыку. У той жа час, паводле слоў міністра, сёлета арганізацыі аховы здароўя прыслалі амаль 4,5 тыс. заявак на спецыялістаў, а размеркавана было 1,9 тыс. выпускнікоў медыцынскіх ВНУ.
БелаПАН