Ініцыятарамі павышэння цэн на бензін маглі быць прыватныя АЗС
«На мой погляд, павышэнне цэн на бензін адбылося або ў выніку адпаведнага даручэння «Белнафтахіму» зверху, або дзякуючы лабісцкім намаганням прыватных рэтэйлераў», — падкрэсліў Чалы.
Эксперт таксама зазначыў, што асаблівасць беларускага рынку нафтапрадуктаў заключаецца ў магчымасці невідавочнай і негалоснай змовы гульцоў аб павышэнні цэн. Звязана гэта перш за ўсё з адсутнасцю канкурэнцыі.
«Калі на рынку ўсяго некалькі гульцоў, то, як толькі адзін з іх павышае цэны, астатнія проста за ім ідуць.Гэта добра бачна па рынку сотавай сувязі», — сказаў Чалы.
Ён таксама падкрэсліў, што, у адрозненне ад Беларусі, на Захадзе лёгка пралічыць стварэнне цаны на рынку нафтапрадуктаў, бо яно празрыстае.
«У Мічыгане прыбытак аператара нафтазапраўкі складае ўсяго 0,2%. У большасці выпадкаў прыбытак або нулявы, або нават адмоўны»,— заявіў эканаміст.
Асноўны прыбытак, паводле яго слоў, прыносіць інфраструктура — кафэ, магазіны, рэстараны. «Гэта прыклад таго, як пры рыначным цэнаўтварэнні атрымліваюць даход з аказання пабочных паслуг», — зазначыў Чалы.
Прыбытак АЗС у Беларусі, на думку эксперта, складае каля 20%.Разам з тым Чалы таксама падкрэсліў, што ў Беларусі існуе масавае перакрыжаванае субсідаванне адных галінаў іншымі. У сувязі з увядзеннем экспартнай пошліны на нафтапрадукты ўпала рэнтабельнасць паставак нафтапрадуктаў на знешні рынак. «Гэта прычына кампенсаваць страты ростам цаны на ўнутраным рынку. Так устроена эканоміка», — зазначыў эксперт.
Чалы лічыць, што робіцца спроба за кошт павелічэння рублёвай цаны павялічыць доларавую выручку. «Гэта азначае, што ў нас курс рубля эканамічна неапраўданы.
Але ў сітуацыі, калі другая дэвальвацыя немагчыма, няма іншага выйсця», — сказаў ён.Эканаміст упэўнены, што павышэнне цэн на бензін, павелічэнне кошту паслуг ЖКГ для ўладальнікаў элітнага жылля і чаканы рост ставак акцызу на алкаголь — звёны аднаго ланцуга. Паводле яго слоў, такім чынам улады спрабуюць напаўняць бюджэт, бо нафтаперапрацоўка не прыносіць ранейшага эканамічнага эфекту.
«Думаю, такія кропкавыя ўдары будуць працягвацца», — сказаў Чалы.
Андрэй Кажамякін, БелаПАН.