Паўстане незалежны студэнцкі прафсаюз?
Удзельнікі сустрэчы гаварылі пра неабходнасць кансалідавацца для таго, каб адстойваць свае правы. «Мы выступаем за стварэнне незалежнага студэнцкага прафсаюза. Большасць студэнтаў нічога не ведаюць пра свае правы, і ў многіх канфліктных сітуацыях яны не ведаюць, што рабіць», — сказала адна з арганізатараў канферэнцыі Аляксандра Дзікан.
У якасці прыкладу прыводзілася сістэма абавязковага размеркавання выпускнікоў ВНУ. Паводле меркавання ўдзельнікаў сустрэчы, размеркаванне не павінна быць завочным і вырашацца толькі на ўзроўні кіраўніцтва ВНУ — студэнты маюць права ўдзельнічаць ва ўсіх пытаннях, якія непасрэдна тычацца іх далейшага лёсу.
Закраналіся таксама праблемы гуманнасці і маралі пры падрыхтоўцы
«Праводзіць трэнінгі непасрэдна па механізме абароны правоў студэнтаў мы пачалі ў лютым гэтага года, — сказала Аляксандра Дзікан. — Затым правялі аналагічныя мерапрыемствы ў сакавіку, красавіку і двойчы ў маі. У іх узялі ўдзел больш за 60 студэнтаў».
«У палітыку мы не лезем, — дадала актывістка „Студэнцкай рады“ Яўгенія Андраюк. — Але калі быў інцыдэнт з Таццянай Шапуцька (Шапуцька ўваходзіць у кіраўніцтва апазіцыйнай арганізацыі „Малады фронт“ — Рэд.), якую адлічылі з БДУ нібыта за пропускі, наша арганізацыя дапамагала збіраць подпісы ў яе абарону».
«Цяпер студэнцкае асяроддзе хвалююць пытанні свабоды выбару і самавызначэння, магчымасць замежных выездаў, праблемы прымусовага ўступлення ў розныя арганізацыі і прафсаюзы, а таксама якасць адукацыі», — падкрэсліла Аляксандра Дзікан.
Захар Шчабракоў, БелаПАН