Муз-news

Источник материала:  
"Цудоўнае жыццё" па версіі Алены Ланской

Убачыць і нават пачуць яго можна ў новым кліпе спявачкі на песню "Lіfe Іs OK!", напісаную Яўгенам Алейнікам і Віктарам Рудэнкам (менавіта з гэтай песняй, нагадаем, артыстка нядаўна перамагла ў міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў "Atlantіc Breeze-2010" у ЗША).

Асаблівай нагодай для гонару Алена Ланская лічыць тое, што ёй нарэшце ўдалося сабраць на адной пляцоўцы людзей, з якімі яна даўно марыла папрацаваць: рэжысёра Аляксандра Патапава, аператара Віктара Аскірку, стыліста Лаліту Угуран-Іуміловіч. Касцюмы ж для кліпа шыла маладая, але вельмі перспектыўная дызайнер Яважына Міклашэвіч. "Тры дні, тры сцэны, тры вобразы, утрая большы бюджэт, чым у мінулых роліках; пастаянны рух у кадры, вялікія дэкарацыі і значныя спецэфекты — гэта тое, пра што я даўно марыла, — расказвае спявачка. — На здымачнай пляцоўцы бесперапынна працавала больш за 30 чалавек, і тыя, у каго выдаваўся вольны час, спалі проста на пляцоўцы, бо ўсе мы выкладваліся на поўную сілу. Але я з задавальненнем узгадваю гэты вопыт, бо вельмі люблю працаваць з прафесіяналамі". Вынік гэтай работы, сцвярджае артыстка, ужо ацанілі многія яе знаёмыя, якія... не пазналі Ланскую ў кадры. "Гэта яшчэ што! — смяецца Алена. — Я ўпэўненая, што ўсе, хто скептычна ставіцца да творчасці беларускіх артыстаў, будуць прыемна здзіўленыя гэтым ролікам!".

"Чортавы дуэт" гурта "The Stokes"

Беларускі калектыў запісаў дуэт з вядомым расійскім рокерам Ільём Xортам — лідарам гурта "Пілот". Атрымаўся, як лічаць артысты, практычна ідэальны хіт, які павінен трапіць у іх новы альбом. Пакуль жа пазнаёміцца з песняй і спампаваць яе можна на сайце гурта www.stokes.ru.

"Я выбіраў кампазіцыю для дуэта з некалькіх прапанаваных варыянтаў, — дзеліцца Ілья Хорт, — хлопцы скінулі мне іх на электронную пошту. Песня "Па плане" найбольш спадабалася — і музычна, і па сэнсе — у яе вельмі правільны пасыл. Яе мы і запісалі". Запіс ішоў, дарэчы, у няпросты для гурта час, калі мяняўся яго склад. "Усім было вельмі цяжка, бо мы не проста музыканты, якія гралі разам, мы — сябры і вельмі многа перажылі разам як у Беларусі, так і ў Маскве, куды перабраліся больш як 4 гады таму, — расказвае лідар гурта Алекс Стокс. — Быў час, хацелася кінуць усё і апусціць рукі, але потым мы зразумелі, што трэба жыць будучыняй". У выніку калектыў пакінулі клавішнік Руслан Парфёнаў і барабаншчык Аляксандр Гранчык, але на змену ім прыйшлі беларускі гітарыст Андрэй Краўцэвіч і маскоўскі барабаншчык Міхаіл Казадаеў. Самі музыканты сцвярджаюць, што гэтыя перамены гурту толькі на карысць: дзве гітары — удвая больш рок-н-ролу!

"Ледавіковы перыяд" паводле Дзмітрыя Калдуна

Муз-newsДа свайго 25-годдзя пераможца "Фабрыкі зорак-6" і пакуль што лепшы дэлегат Беларусі на "Еўрабачанні" Дзмітрый Калдун зрабіў падарунак — як сабе, так і прыхільнікам: кліп на песню "У пакоі пустым". Праўда, яго прэзентацыя адбудзецца ў адным з модных клубаў Масквы на 5 дзён пазней святочнай даты (дзень нараджэння артыст адзначае 11 чэрвеня).

Паводле сюжэта кліпа, герой спрабуе пазбавіцца ўспамінаў пра дзяўчыну, стасункі з якой засталіся ў мінулым, — але тыя не адпускаюць, і ад іх стыне ўсё не толькі ўнутры, але і звонку. У гэтым, уласна, адметнасць роліка: паводле задумкі рэжысёра Арцёма Аксёненкі, усё, да чаго датыкаецца герой, адразу замярзае. "Я адчуў сябе на здымках Каем з казкі "Снежная Каралева", — дзеліцца ўражаннямі Дзмітрый Калдун. — А паколькі я хімік па адукацыі, было вельмі цікава ўнікаць у тонкасці майстэрства спецыялістаў па спецэфектах, якія стваралі іней, дым або халодную віруючую ваду... Я нават не ўтрымаўся і таксама прыклаў руку да некаторых з гэтых эфектаў". Усяго падчас здымак было выкарыстана некалькі соцень кілаграмаў штучнага лёду, а таксама разбіты не адзін дзясятак кубоў, "вырашчаных" па спецыяльных тэхналогіях за некалькі тыдняў...

Паралельна артыст паспрабаваў сябе ў новай ролі — радыёвядучага. З пачатку чэрвеня ён адкрыў сваю аўтарскую штотыднёвую праграму ў аўдыёчасопісе PodFM.ru, дзе разважае на самыя розныя тэмы з "зорнага" і звычайнага жыцця. Першы выпуск "суб'ектыўна-аналітычнага шоу", напрыклад, быў прысвечаны разбору конкурсу "Еўрабачання-2010" і выступленню прадстаўнікоў Беларусі.

Вядучая рубрыкі Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

←Долгий путь домой

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика