Святлана Байкова галадае з 31 мая
Як сказаў адвакат Міхаіл Волчак, у звароце да кіраўніка дзяржавы як гаранта Канстытуцыі ідзе гаворка пра неабходнасць абароны канстытуцыйных правоў Байковай, утрымліваецца патрабаванне аб вызваленні яе з‑пад варты, указанне на незаконнасць дзеянняў некаторых службовых асоб Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Плануецца, што прашэнне будзе накіравана прэзідэнту на наступным тыдні.
Міхаіл Волчак таксама паведаміў, што з 31 мая Святлана Байкова аб’явіла галадоўку і працягвае яе цяпер. Вынікам гэтага стала сур’ёзнае, паводле яго інфармацыі, пагаршэнне стану здароўя падабароннай, пачаліся праблемы з нагамі. Урачы ўгаворваюць жанчыну, якая ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ, спыніць галадоўку, але пакуль безвынікова. 10 чэрвеня са Святланай Байковай сустракалася яе маці. Агульны стан здароўя Байковай абаронца кваліфікуе як «цяжкі».
Нагадаем, Святлана Байкова была затрымана супрацоўнікамі КДБ 25 лютага. Ёй інкрымінуецца некалькі саставаў злачынстваў, у тым ліку перавышэнне ўлады. 3 сакавіка генпракурор заявіў журналістам, што ў яго няма інфармацыі пра карыслівыя ці маёмасныя незаконныя дзеянні падначаленай. Пры гэтым ён дапусціў, што Байкова магла зрабіць нейкія парушэнні працэсуальнага характару.
Ні Генпракуратура, ні КДБ ход расследавання не каментуюць. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, пасля таго як генпракурор Рыгор Васілевіч адмовіўся ў канцы красавіка прадаўжаць тэрмін утрымання сваёй падначаленай пад вартай пасля завяршэння двух месяцаў з моманту яе затрымання, у КДБ у дачыненні да Байковай была распачата яшчэ адна крымінальная справа. Тэрмін яе расследавання завяршаецца 24 чэрвеня.
Генпракурор двойчы спрабаваў у судзе абскардзіць рашэнне аб змяшчэнні Байковай пад варту, аднак суд пагадзіўся з довадамі КДБ, а не Рыгора Васілевіча.
БелаПАН