Другі па ліку шлюб мужа — не перашкода для атрымання льготнага крэдыту
Жыхарка вёскі Арэхаўка Клічаўскага раёна хвалюецца за сваю дачку Алену, якая жыве ў Магілёве, вось з якой нагоды. Паводле слоў заяўніцы, дачка летась стала ў чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоў. Ёй яшчэ няма 30 гадоў, а вось мужу ўжо 40. І ў выбранніка дачкі гэта ўжо другі па ліку шлюб (у Алены першы). Вось маці і пытаецца: ці будзе мець права гэтая сям'я, калі падыдзе чарга, атрымаць ільготны крэдыт? Ці не перашкодзяць вышэйназваныя акалічнасці, у прыватнасці, другі па ліку шлюб мужа, атрымаць той крэдыт?
Каб заспакоіць маці і дапамагчы атрымаць ёй кампетэнтны адказ, рэдакцыя мусіла зрабіць афіцыйны запыт у адміністрацыю Ленінскага раёна Магілёва. Вось які адказ мы атрымалі адтуль.
"Дачка заяўніцы са складам сям'і 2 чалавекі (сама, муж) стаіць на ўліку асобаў з патрэбай у паляпшэнні жыллёвых умоў у адміністрацыі Ленінскага раёна г. Магілёва з 24.11.2008 г. за №14251.
Цяпер льготныя крэдыты на будаўніцтва жылой плошчы выдаюцца грамадзянам, што стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14.04.2000 г. №185.
Сям'я дачкі заяўніцы прызнаная як маючая патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і ёй будзе прапанавана, у парадку чарговасці, будаўніцтва жылой плошчы ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам. Другі па ліку шлюб мужа дачкі заяўніцы не перашкодзіць гэтай сям'і атрымаць ільготны крэдыт на будаўніцтва жылой плошчы".
Сяргей РАСОЛЬКА.