12 тысяч каталікоў прайшлі працэсіяй у цэнтры Мінска

Источник материала:  
12 тысяч каталікоў прайшлі працэсіяй у цэнтры МінскаПрыкладна 12 тысяч каталікоў, прадстаўнікоў 15 сталічных грамадаў рымска-каталіцкай і грэка-каталіцкай цэркваў, сталі ўдзельнікамі эўхарыстычнага шэсця ў гонар урачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана, арганізаванага 6 чэрвеня па цэнтральных вуліцах Мінска.Працэсія Божага Цела ў Мінску, 6 чэрвеня. © photo.bymedia.net

Як паведаміў прэс-сакратар Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі ксёндз Аляксандр Амяльчэня, у працэсіі ўдзельнічалі дзеці са сталічных парафій, якія сёлета прынялі першую святую камунію, прадстаўнікі розных малітоўных груп і рухаў, святары.

Шэсце, адзначыў ксёндз Аляксандр, з’яўляецца сведчаннем прысутнасці Бога не толькі для вернікаў, але і для прахожых — мінчан і гасцей горада. Паводле яго слоў, адна з задач арганізатараў працэсіі якраз і заключаецца ў тым, «каб нявернікі хаця б на імгненне задумаліся аб прысутнасці Бога». «Акрамя таго, мы хочам паказаць, што каталікі існуюць у краіне і складаюць пэўную, даволі значную частку беларускага грамадства», — падкрэсліў ксёндз Аляксандр. Ён дадаў, што з кожным годам узрастае колькасць удзельнікаў шэсця, якое дазваляе вернікам публічна дэманстраваць сваё веравызнанне.

Паводле традыцыі ўрачыстасць пачалася ў 9.00 святой імшой каля касцёла Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы. Затым удзельнікі шэсця на чале з арцыбіскупам мітрапалітам Мінска-Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам і апостальскім візітатарам для грэка-каталікоў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам прайшлі па тратуары праспекта Незалежнасці, вуліцах Берсана, Валадарскага, Інтэрнацыянальная і завяршылі акцыю каля архікафедральнага касцёла імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Працэсія з каляровымі стужкамі, харугвамі, абразамі і манстранцыяй з найсвяцейшым сакрамэнтам спынялася на плошчы Перамогі, дзе адбылася малітва ў гонар 65-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама на Кастрычніцкай плошчы, плошчах Незалежнасці і Свабоды. Падчас прыпынкаў святары чыталі ўрыўкі з Евангелля, прамаўлялі гаміліі на актуальныя праблемы духоўнага, маральнага і грамадскага жыцця, добраслаўлялі вернікаў найсвяцейшым сакрамэнтам.

Перад апошнім добраславеннем вернікі выканалі гімн Te Deum («Цябе, Бога, праслаўляем»), а ў заключэнне ўрачыстасці — духоўны гімн «Магутны Божа».
←Строительство вольера для леопардов в Минском зоопарке практически завершено

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика