Пасля аперацыі транссэксуалам даюць ваенны білет і мяняюць пашпарт

Источник материала:  
04.06.2010 17:11 — Новости Общества
У Беларусі за год у сярэднім да 10 чалавек атрымоўвае дазвол на змену полу. Сваімі гісторыямі з Еўрарадыё падзяліліся Міхаіл і Віктар — хлопцы, якія нарадзіліся ў жаночым целе.

Калі вы зразумелі, што хочаце змяніць пол?

Міхаіл, 25 год: “Што я не таго полу, я зразумеў у тры гады. У 12 гадоў першы раз прачытаў у газеце, што ў Мінску робяць аперацыі, што не трэба нікуды ехаць — і адразу вырашыў, што я 100% буду рабіць яе. А ў 21 год я ўжо цалкам стаяў на ўліку і чакаў аперацыі.

І ў 12 гадоў гэтага хацелася, і ў 3, і ў 6. І жаданне ў дзіцячым садку загадваеш на дзень народзінаў: а-а-а, хачу заўтра нарадзіцца, хачу заўтра быць хлопчыкам! А раніцай ізноў аблом”.

Віктар, 23 гады: “Самы, напэўна, балючы момант — гэта момант безвыходнасці. І калі ў дзяцінстве ты яшчэ загадваеш жаданні, у штосьці там верыш: ага, у Дзеда Мароза, ва ўсялякія там цуды, што ўсё яшчэ будзе нармальна… То дзесьці ў гадоў 16, калі ва ўсіх тваіх аднагодак пачынаюцца спатканні, яны падабаюцца дзяўчатам, ты сядзіш дома і рэальна адчуваеш сябе адмарозкам”.

Транссэксуалы — псіхічна здаровыя людзі, са здаровай псіхікай

Віктар:
“Для мяне важна крыху змяніць меркаванне людзей пра нас, транссэксуалаў. Існуе думка, што трэба ставіцца да гэтага як да захворвання, блазноты, таго, чаго магло і не быць… Таксама існуе паблажлівае стаўленне, як да інвалідаў. Не трэба адносіцца да нас паблажліва, мы не просім дапамогі, мы просім, каб вы ставіліся да нас гэтак сама, як і да ўсіх астатніх людзей. Больш не трэба нічога”.

***

Па прафесійныя каментары Еўрарадыё звярнулася да псіхолага сэксалагічнага аддзялення псіханеўралагічнага дыспансера Ірыны Якубоўскай. З транссэксуаламі яна працуе ўжо 10 год.

“Транссэксуалы — гэта псіхічна здаровыя людзі, са здаровай псіхікай, - адзначае яна. — Калі мы кажам пра транссэксуалізм, нельга казаць пра псіхапаталогію. У Беларусі, калі чалавек звяртаецца ў сэксалагічны цэнтр з просьбай, каб яму дазволілі змену полу, ён праходзіць абавязковае абследаванне ў розных спецыялістаў: псіхіятр, псіхолаг… Гэтыя спецыялісты праводзяць поўнае псіхалагічнае і псіхіятрычнае абследаванне, і людзям з псіхапаталагічнымі парушэннямі дыягназ “транссэксуалізм” пастаўлены не будзе”.

Хто такія транссэксуалы?

Ірына Якубоўская: “Транссэксуалы з’яўляюцца анатамічна нармальнымі мужчынамі і жанчынамі, якія ўпэўненыя, што маюць склад розуму і асабістыя характарыстыкі супрацьлеглага полу. Пры транссэксуалізме чалавек цалкам не прымае сваю палавую прыналежнасць і дамагаецца яе перамены, уключаючы хірургічную аперацыю і змену пашпартнага полу”.

Спробы лячэння транссэксуалаў псіхатропнымі прэпаратамі вынікаў не прынеслі, заўважае спецыяліст. Адзін з варыянтаў паспяховай сацыялізацыі транссэксуалаў — змена полу.

Пасля таго, як чалавек прайшоў усіх патрэбных спецыялістаў, збіраецца міжведамасная камісія, якая і ставіць канчатковы дыягназ. Такая камісія працуе ў Мінску ўжо на працягу 14 год. Пры станоўчым дыягназе Міністэрства аховы здароўя выдае дакумент, сапраўдны ва ўсім свеце.

Некалі дзіцячая мара для Міхаіла сёння стала рэальнасцю. Цяпер ён мужчына — і вонкава, і паводле пашпарта.

Міхаіл: “З дазволам міжведамаснай камісіі я прыйшоў у ЗАГС, напісаў заяву, каб мне выдалі новае пасведчанне аб нараджэнні. І ў пасведчанні аб нараджэнні ў мяне ўжо стаіць, што мама нарадзіла сына. Пасля гэтага была змена пашпартоў, дыпломаў… Цяпер у мяне і дыплом зменены, і працоўная”.

Пасля змены полу транссэксуалам выдаюць нават ваенны білет, але ў войску яны не служаць.

Міхаіл: “З ваенным білетам у Беларусі ўсё дрэнна. Нам ставяць артыкул 19Б — гэта расстройства асобы, з якім цябе ставяць на ўлік у псіханеўралагічны дыспансэр. І каб атрымаць правы кіроўцы або ўладкавацца на працу, табе трэба несці адтуль даведку, што ты стаіш на ўліку, але годны да працы”.

Усе бацькі хочуць, каб іх дзеці былі самыя лепшыя, самыя разумныя, але адначасова самыя звычайныя…

Віктар: “Бацькі ўсё жыццё спрабавалі задушыць ува мне маю сапраўдную сутнасць. Цяпер мама пайшла па больш абараняльным шляху, у апошняй размове сказала: “Я цябе не буду чапаць, не буду на цябе ціснуць, толькі, калі ласка, нічога не рабі!”. Кажа: “Дай мне пажыць”. А я ёй так і сказаў: “Мама, а калі я буду жыць?”

Як казала наша псіхолаг Якубоўская, усе бацькі хочуць, каб іх дзеці былі самыя лепшыя, самыя разумныя, самыя-самыя — але адначасова самыя звычайныя. Мама кажа: “У цябе будуць пальцамі торкаць”… Ніхто ў мяне ніякімі пальцамі не торкае, ніхто нічога не кажа. І ўвогуле час спальвання ведзьмаў на вогнішчах прайшоў”.

Для Міхаіла, наадварот, бацькі — добрая падтрымка. Яго маці сама патлумачыла ўсё суседзям, спрасціўшы сыну жыццё.

Міхаіл: “Я калі іду да бацькоў, нават тыя суседзі, якія мяне тры гады не бачылі, ідуць і кажуць: “Добры дзень, Міхаіл”.

Прайсці ўсіх дактароў нерваў з’ядае прыстойна

Віктар: “Калі я праходзіў гінеколага, у яе быў чыста чалавечы інтарэс… А атрымалася чыста чалавечая абраза. Пытаецца: “У вас ёсць дзяўчына?”. Кажу: “Ну так”. “Гэта цяжкі выпадак”, - кажа.

Насамрэч, прайсці ўсіх дактароў нерваў з’ядае прыстойна, я не маю на ўвазе псіхолагаў. З-за простага чалавечага неразумення цяжка прайсці звычайнага гінеколага, які, прабачце, павінен глядзець не ў душу, а ў іншае месца”.

Калі Віктар ляжаў на абавязковым абследаванні ў “Навінках”, усім было вельмі цікава, што ж гэта за дзяўчына сустракаецца з ім, узгадвае хлопец:

“Лекар кажа: “Што ў вас там за дзяўчына? Яна ўвогуле на дзяўчыну падобная?”. Я кажу: “Ну, так…” Яна кажа: “Апішыце”. Ну, я кажу: “Я не люблю такія рэчы апісваць, заўтра прыйдзе — пакажу”. І яна не чакала проста: выходзіць з аддзялення — а там сядзіць Наташа, сукеначка-марачок, у сваіх гэтых кучарашках, на абцасіках… Я кажу: “Вось мая дзяўчына”. Яна пачырванела, засаромелася”.

Мая дзяўчына мне кажа: “Я кахаю цябе і твой патэнцыял”

Са сваёй дзяўчынай Міхаіл сустракаецца больш за тры гады. Сёлета ў красавіку яны афіцыйна ажаніліся. Пытаюся ў Віктара, ці думае ён пасля змены дакументаў ажаніцца з Наташай, з якой ужо разам два з паловай гады.

Віктар: “Так, чакаем, калі я памяняю дакументы, гэта будзе зімой. У кожнага сапраўды ёсць свая палавінка, і цяпер я ў гэта паверыў. Сапраўднае каханне перажывае ўсё. Я ў яе пытаўся: “Чаму ты са мной?”. А яна кажа: “Я кахаю цябе і твой патэнцыял”.

***

Псіхолаг: "З першымі сваімі ілюзіямі я развіталася, калі ўпершыню пабачыла гэтых людзей"

Ва ўсім свеце на кожныя 40-100 тысяч людзей нараджаецца 1 транссэксуал. Сёння на ўліку ў Мінскім сэксалагічным цэнтры стаіць 123 чалавекі з сіндромам адмаўлення полу. З іх 60 — біялагічныя мужчыны і 63 — жанчыны.

“Мы падазраем, што гэта не ўся колькасць”, ? кажа Ірына Якубоўская. — “Верагодна, што людзей з транссэксуальнай сімптаматыкай у Беларусі нашмат больш і, на жаль, яны не даходзяць да нас: цалкам магчыма, што яны вырашаюць праблему змены полу нейкімі іншымі спосабамі”.

Ірына Якубоўская падзялілася сваімі першымі ўражаннямі ад знаёмства з транссэксуаламі. 10 гадоў таму яна напісала сваю першую курсавую працу па тэме транссэксуалізму, а пасля абароны дыплома пайшла працаваць у сэксалагічны цэнтр.

Ірына Якубоўская: “З першымі сваімі ілюзіямі я развіталася, калі ўпершыню пабачыла гэтых людзей. Калі я працавала з аўтабіяграфіямі, у мяне склалася ўражанне няшчасных, пакрыўджаных лёсам людзей. Я думала, што гэта няўпэўненыя, стрыманыя ў кантактах асобы, магчыма, з пэўнымі камунікатыўнымі цяжкасцямі.

І, вядома, я была ўражаная, проста ашаломленая тым, што пабачыла такіх самых людзей, якія кожны дзень сустракаюцца ў жыцці. Мала таго, па гэтых людзях даволі цяжка выявіць, што гэта транссэксуал. Гэта вельмі цікавыя ў размове асобы, камунікабельныя, уважлівыя, далікатныя і г.д. Людзі з такімі самымі псіхалагічнымі асаблівасцямі, як і кожны з нас”.

←Минский ливень остановил 27 маршрутов общественного транспорта

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика