6 чэрвеня — працэсія Божага Цела па цэнтральных вуліцах Мінска
04.06.2010
—
Новости Общества
![6 чэрвеня — працэсія Божага Цела па цэнтральных вуліцах Мінска](http://www.21.by/pub/news/2010/06/1275652091085160.jpg)
Падчас шэсця, якое распачнецца ад касцёла Найсвяцейшай Тройцы прыкладна ў 10.30, прадугледжаны чатыры прыпынкі-стацыі: першая стацыя на плошчы Перамогі, дзе адбудзецца малітва з нагоды 65-годдзя Перамогі ў Вялікай айчыннай вайне, другая — на Кастрычніцкай плошчы, трэцяя — на плошчы Незалежнасці, чацвёртая — на плошчы Свабоды.
Падчас кожнай стацыі манстранцыя з Найсвяцейшым Сакрамэнтам будзе змяшчацца на прыгожа аздобленым троне, падрыхтаваным вернікамі пэўных парафій, будзе чытацца ўрывак з Евангелля, а затым святар прамовіць гамілію. Падчас кожнай стацыі прысутным будзе ўдзяляцца благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.
Перад заключным благаслаўленнем вернікі праспяваюць гімн «Te Deum» («Цябе, Бога, праслаўляем»), а завершыць урачыстасць спеў гімна «Магутны Божа».
У працэсіі прымуць удзел дзеці мінскіх парафій, якія сёлета прынялі Першую святую Камунію, а таксама прадстаўнікі розных малітоўных груп і рухаў. Урачыстасць працэсіі будуць надаваць харугвы і абразы з выявамі святых.
Падчас шэсця будзе раздавацца пітная вада. Працэсію будзе суправаджаць машына з гучнагаварыцелем, што дазволіць духавенству і вернікам прымаць актыўны ўдзел у спевах і малітвах.
Плануецца, што завершыцца працэсія ў 14.00.