Падаруйце птушанятам шанц на жыццё — не забірайце іх дамоў
Менавіта з такім заклікам звяртаюцца сёння да гараджан арнітолагі
Справа ў тым, што вясной і летам дарослыя і дзеці па дабрыні душэўнай падбіраюць адзінокіх птушанят і спрабуюць выратаваць іх дома ці нясуць у грамадскую арганізацыю "Ахова птушак Бацькаўшчыны". Спецыяліст па экалагічнай адукацыі АПБ Руслан Шайкін адзначае, што праблема гэта паўтараецца штогод. Аднак трэба нагадаць усім аматарам прыроды — у большасці выпадкаў такая людская дапамога заканчваецца гібеллю птушанят.
Так, калі на сцяжынцы жаласліва пішчыць адзінокае птушаня, то здаецца, што малое кліча менавіта нас. Птушаня забіраюць дадому. Аднак выкарміць яго даволі складана. Прыгожая "цацка" адмаўляецца есці крупы, хлеб і іншыя прадукты, якія ёй прапануюцца. Даволі хутка птушаня гіне, або "ратавальнікі" шукаюць спецыялістаў ці арганізацыю, дзе яго могуць трымаць. На жаль, спецыяльных устаноў па выкормліванні і часовым утрыманні дзікіх птушак у нашай краіне няма. А ў выніку малое і галоднае крылатае "дзіцятка" перадаецца з рук у рукі, пакуль не загіне.
Неабходна памятаць, што любое птушаня заўсёды знаходзіцца пад наглядам дарослых птушак, нават калі нам здаецца, што іх няма побач. Многія птушкі даволі рана пакідаюць гняздо, яшчэ не ўмеючы лятаць. Каб бацькі ведалі, дзе яны, птушаняты пастаянна падаюць голас.
Калі вы заўважылі птушаня, то лепш пакінуць яго на гэтым месцы. З дарогі яго лепш перанесці ў бок, пасадзіць побач на куст ці галінку дрэва. Бацькі яго адшукаюць і накормяць. Вядома, там птушаня можа загінуць, аднак у вас дома яно загіне абавязкова. Частка птушанят у гарадах не дажывае да свайго "паўналецця" менавіта дзякуючы "добрым" людзям.
Калі так здарылася, што крылаты карапуз трапіў да вас і вярнуць яго да бацькоў ужо няма магчымасці — прыйдзецца яго выкормліваць. Трэба абавязкова даведацца ў спецыялістаў наконт корму для пэўнага віду птушанят. Аднак трэба разумець, што нават самы лепшы прафесійны арнітолаг не заменіць птушанятам бацькоў. Каб выгадаваць з малога дарослую птушку, неабходна аддаць ёй даволі шмат часу. Памятайце, што потым гэтая птушка назаўсёды застанецца вашым сябрам і ў большасці выпадкаў ужо не вернецца ў прыроду.
Сяргей КУРКАЧ.